10 затрыманых, 5 падазраваных. Што адбылося за месяц пасля гібелі Аляксандра Коржыча
Цела вайскоўца знайшлі ў Печах на пачатку кастрычніка. Дакладная дата ягонай смерці застаецца невядомай.
Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)
Заведзеныя крымінальныя справы
Праз месяц пасля трагічнай смерці Аляксандра Коржыча вядома пра завядзенне 13 крымінальных спраў, звязаных з гэтым трагічным выпадкам. 10 вайскоўцам прад’яўленыя абвінавачанні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: за махлярства, злоўжыванне ўладай і нестатутныя адносіны. Яшчэ 5 вайскоўцаў па стане на пачатак лістапада маюць статус падазраваных. Следчы камітэт не выключае, што колькасць як абвінавачаных, так і падазраваных можа змяніцца.
Крымінальныя справы па артыкулах за забойства альбо давядзенне да самагубства ў дачыненні да затрыманых вайскоўцаў пакуль не заведзеныя.
Разглядаюцца тры версіі смерці
Першапачаткова і Следчы камітэт, і Мінабароны называлі прычынай смерці Аляксандра Коржыча самагубства. 13 кастрычніка афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч выступіў з заявай, у якой раскрыў некаторыя падрабязнасці гібелі вайскоўца. Ён паведаміў, што Коржыча знайшлі павешаным з перавязанымі матузком ад абутку нагамі і нацягнутай на галаву майкай. Афіцыйна на дадзены момант Следчы камітэт разглядае тры версіі смерці Аляксандра Коржыча: забойства, давядзенне да самагубства і самагубства.
25 кастрычніка СК выступіў з паведамленнем, што інфармацыя пра наяўнасць на целе загінулага слядоў барацьбы не адпавядае рэчаіснасці. «На целе загінулага Аляксандра Коржыча няма ніводнага цялеснага пашкоджання, за выключэннем баразны ад пятлі. Сляды на целе, якія сваякі і сябры прынялі за сляды збіцця, аказаліся так званымі трупнымі плямамі», — сказаў старшыня СК Іван Наскевіч.
Справа на асабістым кантролі Аляксандра Лукашэнкі
Пра тое, што справа аб смерці Аляксандра Коржыча знаходзіцца на асабістым кантролі ў кіраўніка краіны, стала вядома 13 кастрычніка. «Адказным асобам даручана разабрацца ў сітуацыі самым дбайным чынам, вывучыць яе да дробязяў і прадставіць аб’ектыўны вынік. Аляксандру Лукашэнку літаральна па некалькі разоў на дзень дакладваецца пра ход аператыўных мерапрыемстваў. Паверце, пазіцыя прэзідэнта ў гэтым пытанні настолькі жорсткая, што ніхто з вінаватых ад адказнасці не сыдзе», — казала журналістам прэс-сакратар кіраўніка краіны Наталля Эйсмант. Пазней стала вядома, што яна тэлефанавала маці Аляксандра Коржыча і выказвала спачуванні ад імя Лукашэнкі.
Маці Аляксандра Коржыча Святлана
Патрабавалі адстаўкі міністра
абароны, вайскоўцы звольненыя і адхіленыя ад працы
Подпісы за адстаўку міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова пачалі збіраць неўзабаве пасля першых паведамленняў пра гібель Коржыча. Асноўнай пляцоўкай збору стаў сайт zvarot. by, які аўтаматычна перанакіроўваў усе заявы на адрас электроннай пошты Мінабароны. Праз нейкі час сайт быў заблакаваны, яго западозрылі ў рассыланні спаму. Аднак ён хутка аднавіў працу. На дадзены момант за адстаўку Раўкова там падпісаліся больш за 11600 чалавек.
Пра магчымасць адстаўкі Раўкова афіцыйна паведамленняў няма. Затое ёсць пра адстаўку камандзіра часткі, дзе служыў Коржыч. «За непрыняцце вычарпальных мер па падтрыманні строгага статутнага парадку», — тлумачыць сайт Мінабароны.
Акрамя камандзіра часткі, сваіх пасадаў пазбавіліся яшчэ чатыры чалавекі. На дадатак да гэтых пяці, чатырох вайскоўцаў з Печаў увогуле звольнілі з арміі.
Расследуюцца іншыя выпадкі смерцяў салдат у Барысаве
Праз некалькі дзён пасля з’яўлення інфармацыі пра смерць Аляксандра Коржыча стала вядома пра закрыццё справы Арцёма Басцюка. Ён загінуў у іншай барысаўскай частцы за 6 месяцаў да Коржыча. Бацькі Басцюка настойвалі на гвалтоўным характары смерці сына, былі на прыёме ў Мінабароны. Аднак СК у выніку справу закрыў, прызнаўшы адзінай версіяй смерці вайскоўца «самагубства».
Змянілася сітуацыя раптоўна. Літаральна праз два дні пасля закрыцця справы бацькам Басцюка патэлефанаваў адвакат і паведаміў, што справа адноўленая. Прадстаўнік Следчага камітэту Сяргей Кабаковіч патлумачыў такі паварот тым, што матэрыялы па справе Басцюка былі вывучаныя ў цэнтральным апараце Следчага камітэту, які прыняў рашэнне аднавіць расследаванне, а справу перадаць іншаму следчаму. Бацькі Басцюка звязваюць аднаўленне расследавання з разборам па справе Коржыча.
Што застаецца невядомым?
Найперш дзень смерці Аляксандра Коржыча. Паводле афіцыйна апублікаванай інфармацыі, з медычнай часткі Коржыча выпісалі раніцай 26 верасня і перавялі ў медпункт ягонай часткі. Менавіта ў падвале медпункту і знайшлі цела вайскоўца. Гэта адбылося 3 кастрычніка прыкладна а 17 гадзіне. У міліцыю інфармацыя пра выяўленне цела Коржыча паступіла ў 17.47. Застаецца незразумелым, што адбывалася з Аляксандрам Коржычам на працягу амаль васьмі дзён і чаму ў частцы не ведалі пра яго знікненне. Таварышы Коржыча па службе расказалі журналістам, што ўсе перамяшчэнні вайскоўцаў тэрміновай службы паміж часткамі павінны адбывацца ў суправаджэнні сяржантаў. Сяржанты павінны сачыць і за тым, дзе ў кожны момант знаходзяцца падпарадкаваныя ім салдаты і чым яны займаюцца.
Таксама незразумела, хто і як знайшоў цела Коржыча. А таксама — дзе цяпер гэты чалавек. Па інфармацыі родных Аляксандра Коржыча, ён праходзіць курс псіхалагічнай дапамогі ў «Навінках». Таварышы Коржыча па службе кажуць, што туды ж праз некалькі дзён пасля смерці вайскоўца накіравалі аднаго з ягоных сяброў.