Да перамогі над дзедаўшчынай патрэбны ўсяго адзін важны крок

Служба ў арміі — велізарны стрэс для маладога чалавека. Да якіх наступстваў гэта можа прывесці, я наглядна ўбачыў на прыкладзе сваіх таварышаў па службе. У кагосьці выявіўся псарыяз, у кагосьці энурэз. Былі і такія, хто паспрабаваў звесці рахункі з жыццём.

prisyaga_smorgon_1.jpg

Трагедыя ў Печах мала каго ў Беларусі пакінула абыякавым. Паўсюдна гучаць заклікі барацьбы з дзедаўшчынай. І ў гэтым шматгалоссі губляецца першапрычына праблемы, якой з’яўляецца зусім не дзедаўшчына.

Мне давялося служыць тэрміновую службу ў шэрагах узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь у самым пачатку ХХІ стагоддзя. Да арміі я, як і многія, быў абсалютна ўпэўнены ў тым, што, калі з дзедаўшчынай па-сапраўднаму змагацца, то яе можна перамагчы. Да канца службы я ў гэтым зняверыўся. Чаму ж так адбылося?

Служба ў арміі — велізарны стрэс для маладога чалавека. Да якіх наступстваў гэта можа прывесці, я наглядна ўбачыў на прыкладзе сваіх таварышаў па службе. У кагосьці выявіўся псарыяз, у кагосьці энурэз. Былі і такія, хто паспрабаваў звесці рахункі з жыццём. На шчасце, ні разу гэта не скончылася трагічна.

Спробы суіцыду былі наўпрост звязаныя з абставінамі, якія адбыліся непасрэдна падчас службы. Пры жаданні, іх цалкам можна спісаць на дзедаўшчыну, або, як прынята казаць у войску, на нестатутныя ўзаемаадносіны. Аднак пры бліжэйшым разглядзе ўсё здаецца не такім адназначным.

«Мама, прабач!»

Першы выпадак суіцыду, непасрэдным сведкам якога я стаў, адбыўся з салдатам, які праслужыў ужо больш за паўгода. Пасля праведзеных некалькіх тыдняў у адпачынку ён раптам вырашыў не вяртацца ў сваю вайсковую частку. Ваеннае кіраўніцтва, натуральна, расцаніла гэта як дэзерцірства.

Па агульнапрынятай у арміі традыцыі, за правіннасць салдата была пакараная ўся вайсковая частка. У выніку ўсе салдаты тэрміновай службы надоўга пазбавіліся магчымасці хадзіць у звальненні.

Непасрэдна перад судом салдата вярнулі ў сваю частку, дзе сатысфакцыі прагнулі дзясяткі яго таварышаў па службе. Невядома, чым бы для яго скончылася гэтая ноч перад судом, паколькі незадоўга да адбою ён быў знойдзены ў прыбіральні з перарэзаным запясцем у лужыне крыві і з надпісам на сцяне «Мама, прабач".

У выніку судова-медыцынская экспертыза выявіла ў салдата псіхічнае захворванне, пасля якога ён быў камісаваны.

Вечны днявальны

У другім выпадку спроба суіцыду была здзейсненая за пару месяцаў да звальнення ў запас. І тут прычынай паслужылі ўзаемаадносіны з вайскоўцамі ў калектыве.

Яшчэ ў першыя месяцы службы салдат быў абвінавачаны ў крадзяжы. З гэтай нагоды не было афіцыйнага разбору, аднак яго далейшая служба ў вайсковай частцы ператварылася ў суцэльны жах. Ён не толькі атрымаў статус адшчапенца сярод таварышаў па службе, але і прымаў на сябе ўсю самую брудную працу з боку афіцэраў.

Чым большая на яго клалася нагрузка, тым больш да яго прад’яўлялася прэтэнзій. У выніку дайшло да таго, што ён атрымаў сем нарадаў днявальнага па-за чаргой. Фактычна гэта азначала, што ён на працягу тыдня павінен быў праводзіць на нагах больш за 20 гадзін на суткі.

На шостыя суткі сяржант, які выконваў абавязкі дзяжурнага па роце, выявіў днявальнага, які зацягваў пятлю на сваёй шыі. Улічваючы фізічны і псіхічны стан салдата ў той момант, ніхто не адважыўся аспрэчыць сур’ёзнасць яго намераў.

Такім чынам, абедзве спробы суіцыду былі ўчынены з-за агульнай абстаноўкі ў калектыве. Аднак гэта былі зусім не здзекі стараслужачых з навабранцаў, што звычайна разумеецца пад дзедаўшчынай. Віной была строгасць воінскага статута, якую адчулі на сабе салдаты. У чым гэта праяўляецца, лепш за ўсё дэманструе прыклад яшчэ аднаго майго калегі.

Стойкі алавяны салдацік

Навабранец, што трапляе ў баявую частку, мае права выбару: альбо ён будзе жыць строга па воінскім статуце ўвесь тэрмін службы, альбо будзе падпарадкоўвацца правілам, прынятым у калектыве, у тым ліку выконваць нестатутныя даручэнні стараслужачых. Рэдка хто выбірае службу строга па воінскім статуце. За год, праведзены ў войску, я бачыў толькі аднаго такога чалавека, які служыў для ўсіх наглядным прыкладам таго, да чаго прыводзіць «жыццё па статуце».

Напэўна, нескладана пражыць па статуце цэлы месяц ці нават два. Гэты салдат, які скончыў да арміі ўніверсітэт, пражыў, строга выконваючы воінскі статут, цэлы год. Да канца службы ён змарнеў і забыўся, што такое ўсмешка.

І салдаты, і афіцэры з гэтай нагоды жартавалі: "Калі ўсе звальняюцца ў запас, то наш «устаўнік» ідзе на «дэмбель». Гэтую фразу можна інтэрпрэтаваць так: «год праведзены гэтым салдатам тэрміновай службы ў войску, раўнасільны ўдзелу ў рэальнай вайне».

«Нас могут здесь назвать собакой, стереть достоинство и честь, а мы в душе пошлем всех в ад, но как всегда ответим: «Есть!»

Пасля трох розных салдацкіх гісторый, прыйшоў час разабрацца ў тым, што ўтрымлівае ў сабе Статут унутранай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Што ж дзесяцігоддзямі выклікае ў салдат жаданне падпарадкоўвацца не статуту, а нефармальным правіла ці «дзеду»?

Вайсковы статут мала каму цікавы, акрамя саміх вайскоўцаў. Між тым, верагодна, гэта адзіны беларускі нарматыўна-прававы дакумент, што афіцыйна замацоўвае амаль поўную адсутнасць правоў у грамадзян, якія не ўчынілі да гэтага ніякіх правін у дачыненні да грамадства.

Ні для каго не сакрэт, што цяперашні беларускі вайсковы статут з’яўляецца правапераемнікам савецкага. У часы СССР служба ў шэрагах Узброеных Сілаў разглядалася як важнае звяно выхавання «савецкага чалавека». Таму ў аснову ставілася поўнае знішчэнне індывідуальнасці. Нягледзячы на ўсю разнастайнасць сучасных моладзевых субкультур, у беларускім войску гэта працягвае адбывацца і сёння, што мае для псіхікі моладзі значна больш сур’ёзныя наступствы.

Нядзіўна, што львіная доля часу службы адводзіцца на тое, што не мае непасрэднага дачынення да баявой падрыхтоўкі: уборка тэрыторыі, праверка знешняга выгляду, страявая падрыхтоўка. Усё гэта прымушае салдата адчуць сябе «нікім».

Яшчэ адзін прынцып, які перавандраваў з савецкай арміі, — «жыццё салдата нічога не вартае». Сёння ніхто не кажа адкрыта: «Салдат не шкадаваць! Нашы бабы яшчэ народзяць». Але ў той жа час сярод абавязкаў вайскоўца, замацаваных Статутам унутранай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, ёсць такія:

- безумоўна падпарадкоўвацца камандзірам (начальнікам) і абараняць іх у баі, аберагаць Баявы Сцяг воінскай часці;

- даражыць вайсковым таварыствам, не шкадуючы свайго жыцця выручаць таварышаў з небяспекі.

Ёсць адзін аспект, у якім цяперашні Статут унутранай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пераўзыходзіць нават Статут унутранай службы Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі 1937 года. Гаворка пра безумоўнае і бясспрэчнае падпарадкаванне.

Калі ў сталінскім Статуце было пазначана:«Ваеннаслужачы абавязаны бясспрэчна выконваць загады начальнікаў, акрамя відавочна злачынных. Атрымаўшы відавочна злачынны загад, падначалены, не выконваючы яго, абавязаны неадкладна далажыць пра гэта вышэйшаму камандзіру і ваеннаму камісару. Начальнік, які аддаў злачынную загад, і падначалены, які яго выконвае, падлягаюць адказнасці па законе».

Дык у сучасным беларускім статуце напісана наступнае: «Абмеркаванне загаду недапушчальнае, а непадпарадкаванне або невыкананне загаду з’яўляецца воінскім злачынствам... Падпарадкаваны абавязаны бясспрэчна выконваць загады начальніка. Выканаўшы загад, ён можа падаць скаргу, калі лічыць, што ў адносінах да яго паступілі няправільна».

Гэта значыць, калі ў 1937-м салдату давалася права не выконваць злачынныя загады, то ў сучаснай беларускай арміі невыкананне любога загаду з’яўляецца злачынствам.

Эксперымент

Для таго, каб зразумець механізм, які запускае дзедаўшчыну ў беларускім войску, дастаткова азнаёміцца з вынікамі знакамітага Стэнфардскага эксперыменту, праведзенага па замове Ваенна-марскога флоту ЗША, для тлумачэння сутнасці канфліктаў, якія здараюцца сярод марскіх пяхотнікаў. Падзеі, якія адбыліся ў выніку гэтага, і ляглі ў аснову двух вядомых фільмаў пад назвай «Эксперымент».

Стэнфардскі эксперымент паказаў, што адсутнасць правоў у падпарадкаваных правакуе праявы садысцкіх схільнасцяў прыкладна ў траціны начальнікаў. У пераламленні на беларускае войска гэта кажа пра тое, што пакуль не будуць прыняты карэнныя змены ў Статуце ўнутранай службы, якія пашыраюць правы ваеннаслужачых, здзекі з салдат як з боку сяржантаў, так і з боку афіцэраў будуць непазбежныя. Любое ўзмацненне жорсткасці рэжыму без пашырэння правоў ваеннаслужачых прывядзе толькі да пагаршэння іх становішча.

Большасць армій свету ўжо зразумелі гэта. Для таго, каб асвоіць вайсковую справу, не абавязкова начаваць у казарме 7 дзён на тыдзень паўтара гады. Сучасныя ваенныя тэхналогіі такія, што выключаюць прамыя супрацьстаянні шматтысячных войскаў салдат. Ваенны вынік зараз залежыць ад эфектыўнасці выкарыстання кожнай баявой адзінкі. А гэта значыць, што Беларусь са сваім дарэвалюцыйным статутам і дзедаўшчынай безнадзейна адстала. Зменіцца статут — знікне і дзедаўшчына.