Юрый Дракахруст: Сахашчык эвалюцыянуе разам з грамадствам, гэта выклікае да яго сімпатыю

Удар па Дняпры — наўмысная акцыя з падтэкстам ці памылка? Ці вырасце ваенная прысутнасць Расіі ў Беларусі? На гэтыя ды іншыя тэмы «Филин» пагутарыў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дркахрустам.

saxashchyk.jpg

— Кадры з Дняпра, дзе расійская ракета пацэліла ў жылы шматпавярховік, візуальна нагадваюць падзеі восені 1999-га — выбухі жылых дамоў у Расіі, у тым ліку ў Маскве. Мы памятаем версію пра тое, каму і для чаго маглі спатрэбіцца тыя тэракты. Тое, што здарылася ў Дняпры, на вашу думку — гэта простае наступства вайны, ці тут можна пабачыць нейкі разлік? Маўляў, калі ўкраінцы не спалохаліся разбураных электрастанцый, то мы пачнём нішчыць жылыя дамы.

— Я думаю, што тут хутчэй проста вайна. Магчыма, яны проста патрапілі не туды, куды хацелі. Магчыма, быў нейкі ваенны аб’ект, да якога ракета не даляцела, альбо пераляцела, і ў выніку трапіла ў жылы дом. 

Урэшце рэшт, мы ведаем выпадкі, калі і ўкраінскія ракеты ляцяць не туды, куды іх накіроўваюць. Калі ракета ўпала на тэрыторыі Польшчы, калі быў інцыдэнт у Беларусі. Гэта вайна, ракета — гэта не кампьютарная гульня. Я б гэты варыянт не выключаў. Бо ні з чым гэта не стасуецца.

Былі перыяды, калі яны білі па жылой забудове, але гэта былі сістэмныя абстрэлы. Потым быў перыяд мэтанакіраваных удараў па інфраструктуры. Дарэчы, гэта кампанія ці скончылася, ці перапынілася. Прынамсі, я не бачу такіх паведамленняў.

Паўтараць гісторыю выбухаў у Маскве? Там быў разлік на тое, каб выклікаць нянавісць у расійцаў да чачэнцаў. А ў дадзеным выпадку зразумела, на каго будзе скіраваная нянавісць. А ці трэба расійцам дадатковая нянавісць, калі ім і без гэтага хапае?

— Паралель з Масквой 1999-га тут не прамая. Я маю на ўвазе прымяненне такіх варварскіх метадаў, як спосаб зрабіць пэўнае пасланне, сігнал.

— Я пачытаў з нагоды абстрэлу Дняпра аднаго аглядальніка. Ён піша, што гэта вар’яцтва. Бо літаральна праз колькі дзён адбудзецца чарговая нарада кааліцыі Рамштайн, на якой будуць абмяркоўвацца пытанні дапамогі Украіне. І той аглядальнік падкрэслівае: калі каму і трэба была карцінка, каб паказаць, навошта патрэбная гэтая дапамога, то вось вам карцінка, калі ласка. Гэта поўнае вар’яцтва і стрэл сабе ў нагу.

Зрэшты, калі казаць пра магчымыя сігналы. Прыгадаем нядаўнюю гісторыю з «пярсцёнкамі Мордара». Зроблена гэта было, зразумела, з літаратурнай алюзіяй. Так, мы оркі, мы Мордар. Так, мы такія. Навошта і каму гэтая дэманстрацыя, сказаць цяжка.

Ці прыгадаем прыклад крыху з іншай сферы. Мы бачым нобелеўскага лаўрэата, якога трымаюць у кайданках за кратамі. Магчыма, гэта прадугледжана інструкцыяй, але былі выпадкі, калі людзей у кайданках на судзе не трымалі. І выглядае гэта так: «Мы хочам паказаць вам нобелеўскага лаўрэата менавіта так, няхай ён у вас выклікае асацыяцыі з Карлам фон Асецкім. Так, мы оркі».

Але маё асабістае адчуванне палягае ў тым, што гэта хутчэй памылка. Бо інакш гэта была б сістэма. Прыгадаем, як у расійцаў пачалася гэтая кампанія пасля крымскага маста. Яны сабе прыдумалі тады: будзем біць па грамадзянскай інфраструктуры. У розных гарадах, мэтанакіравана.

Калі б цяпер была кампанія па стварэнні сабе вобраза оркаў з дапамогай бамбавання жылой забудовы, такіх выпадкаў было б некалькі. Не выключана, што іх і будзе некалькі. Але калі гэта аднаразовы інцыдэнт, то тут, хутчэй за ўсё, памылка, што на вайне бывае з кожнага боку.

— Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны мяркуюць, што цягам году Расія можа сур’ёзна павялічыць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі. Не выключанана, што зроблена гэта будзе падчас восеньскіх вучэнняў «Захад 2023» і «Шчыт Саюза 2023». Выказваецца меркаванне, што разгорнутыя сілы могуць быць скарыстаныя для падтрымкі баявой аперацыі супраць Украіны. Гэтае павелічэнне прысутнасці здымае пытанне стварэння на беларускай тэрыторыі расійскай базы?

— Калі адказваць коратка, то так. Калі шырэй, то варта адзначыць, што гэтыя вучэнні планавыя. Гэта не сітуацыя пачатку 2022-га калі адбыліся вучэнні «Саюзная рашучасць», якія прайшлі пазапланава. Гэтак жа, як і сёння пачынаюцца вучэнні войскаў супрацьпаветнанай абароны. Яны ні ў якіх планах на гады наперад не былі запісаныя.

Калі казаць пра запланаваныя вучэнні, то той жа «Захад» па чарзе праводзіцца то ў Беларусі, то ў Расіі. У гэтым годзе іх прымае расійскі бок. Магчыма, яны пройдуць у заходніх рэгіёнах Расіі, але гэта будуць «расійскія» вучэнні. «Шчыт», напэўна, пройдзе ў Беларусі.

Ці могуць запланаваныя манеўры выліцца ў напад? Напэўна, могуць. Як, зрэшты, і пазапланавыя — што і здарылася ў 2022-м. У любым выпадку яны будуць трыгерамі. Прынамсі, для назіральнікаў. Падчас гэтых вучэнняў будзе назірацца канцэнтрацыя войскаў, якая можа стаць маскіроўкай для чарговай спробы ўварвання.

Што тычыцца базы, то я мяркую, што расійцам, з іх пункту гледжання, яна не пашкодзіла б. Нават пры Лукашэнку. Так, цяпер яны тут могуць рабіць, што захочуць, але зменіцца палітычная сітуацыя, або сітуацыя на полі боя, і ён можа стаць менш згаворлівым.

А ўжо без яго і ўвогуле: сёння можна прыйсці і сыйсці, а заўтра новы кіраўнік скажа, што вас тут не чакаюць, у вас няма ніякіх прававых падставаў, каб сюды прыходзіць. Базу таксама можна выкінуць, але мы бачым па досведзе той жа Арменіі, што зрабіць гэта на раз-два-тры не так проста.

Магчыма, у іх ёсць на гэты конт планы, не выключана, што пра гэта ідуць размовы, але пакуль руху да гэтага мы не назіраем. І я думаю, схаваць такія працэсы, зрабіць усё цалкам сакрэтна, напэўна, цяжка. Як перакінуць войскі, так і засакрэціць сам бюракратычны працэс.

Варта, мабыць, нагадаць пра ваенна-трэніровачныя цэнтры, у якіх ёсць самалёты, тэхніка СПА. Але сухапутных падраздзяленняў, як у Таджыкістане і Арменіі, пакуль няма.

— У пачатку студзеня мы размаўлялі з вамі пра фота Валерыя Сахашчыка з Валерыем Залужным. Вы выказалі думку, што ў былога вайскоўца могуць быць вялікія і нечаканыя палітычныя перспектывы. Што вы пра гэта думаеце пасля ягонага інтэрв’ю Мікіту Мелказёраву? Як ацэньваеце ягоныя заявы і прагнозы?

— Што датычыць прагноза, у якім ён дае рэжыму Лукашэнкі ад года да трох, то я не ўбачыў у ім механізма, з дапамогай якога ён быў зроблены. Не бачна, на чым ён грунтуецца. Але, прынамсі, ён не кажа, як некаторыя, што рэжыму жыць да канца года, што усё вырашыцца з завяршэннем вайны Расіі супраць Украіны.

У чалавека ёсць, напэўна, нейкія разлікі, нейкія меркаванні, якія тычацца развіцця ўнутрыбеларускай сітуацыі. Тут таксама ёсць элемент гадання на кававай гушчы, але перавага гэтага прагнозу ў тым, што ён не такі шапказакідальніцкі і не залішне аптымістычны. Памяркоўны прагноз, і гэта хутчэй у плюс Сахашчыку, чым у мінус.

Потым цікавыя былі моманты, кшталту развагаў пра Ягайлу. Гэта цікава ў якасці прыкладу эвалюцыі асобы, эвалюцыі многіх беларусаў, як яны нацыяналізуюцца. Бо мы памятаем ягоныя колішнія выказванні пра «честь русского офицера» і ягоную рэакцыю на гісторыю з расійскім пашпартам, калі ён на «голубом глазу» здзіўляўся, у чым тут праблема, я ж беларус.

Мне падаецца, вельмі добра, што ён эвалюцыянуе разам з грамадствам. Ён не забягае наперад, не спрабуе ўдаваць з сябе Зянона Пазняка. Ён не хавае таго, што быў іншым, ён мяняецца. Не малады ўжо чалавек, а тым не менш. І гэта выклікае да яго сімпатыю. У мяне, напрыклад. Калі ён, кажучы біблейскай мовай, не кажа, што ён заўсёды быў Паўлам. Не, ён быў Саўлам, але ён мяняецца. І гэта можна толькі вітаць.

Што тычыцца ягоных ваенных і палітычных перспектываў, то паглядзім, што будзе далей. Бо тут ён сказаў больш адказную рэч, чым у інтэрв’ю пасля сустрэчы з Залужным. Сахашчык расказаў, што будзе створаная нейкая баявая сіла.

Пры гэтым ён крыху з негатывам выказаўся наконт беларускіх падраздзяленняў, што ўжо зараз ваююць. І адносна палка Каліноўскага, і адносна іншых. Што і ўзбраенне ў іх не зусім такое, як было б патрэбна, і падрыхтоўка.

Гэта даволі рызыкоўнае выказванне, бо многім гэта не спадабаецца. Пасля такіх заяваў, калі і былі нейкія перспектывы наладжвання адносінаў з палком Каліноўскага, іх стане яшчэ менш. Будуць крыўды і з боку іншых фармаванняў, той жа «Пагоні».

Гэта даволі адказная рэч, якую можна пацвердзіць толькі новай рэальнасцю. У тым сэнсе, калі праз месяц ці два паўстане новае вайсковае ўтварэнне, якое пераўзыйдзе любое з тых, што ўжо існуюць, то гэта адно. Зразумела, што яно найхутчэй будзе асацыявацца з Сахашчыкам.

А калі не?  Мы бачылі не адзін праект, у тым ліку ў ваеннай сферы, з надзіманнем шчок. І ведаем лёс гэтых праектаў. І калі ў бліжэйшы час не ўзнікне прынцыпова новага ўзброенага фармавання, якое будзе мець дасягенні на полі бою, то пра гэту заяву Сахашчык можа пашкадаваць. Бо яму гэтыя словы не забудуць, яму пра іх нагадаюць.

Палітыка — гэта рызыка. Першапачаткова, калі ў жніўні ў Вільні фармаваўся пераходны кабінет, меркавалася, што Сахашчык нейкім чынам здолее падабраць пад сябе ўсе існыя беларускія ўзброеныя фармаванні ва Украіне. Гэта па вызначэнні не атрымалася. Прынамсі, з палком Каліноўскага дакладна не атрымалася.

Калі ў яго атрымаецца стварыць такое падраздзяленне, якое будзе пераўзыходзіць усе наяўныя, то ўскладзеная на яго ў Вільні функцыя будзе апраўданая. Калі не, асабліва пасля такой заявы, то нагадаем яшчэ раз, што палітыкам не забываюць іх абяцанні.