Справаздачы прадстаўнікоў АПК перад Каардынацыйнай радай: Галоўнае з выступаў Сахашчыка і Коўшык

Сёння, 2 жніўня, распачаліся слуханні, падчас якіх прадстаўнікам КР прапанавана ацаніць дзейнасць прадстаўнікоў АПК і вырашыць пытанні працягу мандатаў. Распавядаем галоўнае з першага дня слуханняў. Са справаздачай выступаюць дзеячы АПК Аліна Коўшык і Валер Сахашчык. 

Скрыншот з анлайн-трансляцыі на YouTube- канале Каардынацыйнай рады

Скрыншот з анлайн-трансляцыі на YouTube- канале Каардынацыйнай рады

Як арганізаваны слуханні?

Каардынацыйная рада па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай арганізавала слуханні з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінета. У рамках гэтай працэдуры сябрам КР прапанавана заслухаць справаздачы прадстаўнікоў АПК, даць ацэнку іх дзейнасці і вырашыць, ці варта працягваць мандаты дзеячаў Кабінета.

Як адзначала сябра КР Вольга Кавалькова ў размове з «Новым Часам», «у мінулым годзе Святлана Ціханоўская, калі прызначала Кабінет, сказала, што яна хацела б, каб Кабінет зацвярджаўся праз Каардынацыйную раду, і мы дзейнічаем у межах гэтага рашэння. Такая практыка ёсць ва ўсіх еўрапейскіх краінах».

Глядзіце таксама

«Гэтыя слуханні для нас — па-сапраўднаму гістарычны момант, беспрэцэдэнтная падзея ў нашай гісторыі, калі протапарламент заклікае да справаздачы протаўрад», — адзначала спадарыня Вольга ў сваім Instagram-акаўнце. 

У сваю чаргу Арцём Лядоўскі, кіраўнік працоўнай групы КР па слуханнях прадстаўніка АПК Аляксандра Азарава, падкрэсліў

«Каардынацыйная рада выступіць у ролі агента грамадскага кантролю. Яе дэлегаты будуць аб'ектыўнымі і непрадузятымі слухачамі беларускіх дэмакратычных лідараў, якія раскажуць пра тое, што яны зрабілі за мінулы год, маючы мандат прадстаўнікоў беларусаў у ключавых кірунках грамадскай і палітычнай дзейнасці».

У некаторых беларусаў узніклі пытанні дадычна права сяброў Каардынацыйнай рады называць сябе «адзіным прадстаўнічым органам беларускага грамадства», як заяўлена на сайце КР, і адпаведна прымаць рашэнні ад імя беларусаў, паколькі не адбывалася прамых выбараў у КР.

«Я спадзяюся, мы выканаем тое абяцанне, выбары будуць праведзены і людзі змогуць абраць сабе прадстаўнікоў самастойна», — зазначыла Вольга Кавалькова. — Але тут паўстае вельмі шмат пытанняў, на якія мы пакуль не можам знайсці адказы, у тым ліку пра бяспеку людзей, якія пажадаюць прыняць удзел у галасаванні».

Што тычыцца ўласна працэдуры слуханняў, кожны прадстаўнік АПК мае 15 хвілін для прадстаўлення справаздачы, пасля чаго адбываецца серыя пытанняў і адказаў. Па заканчэнні слуханняў сярод прадстаўнікоў КР адбудзецца галасаванне па працягу мандату дзеячаў АПК.

Галоўнае са справаздачы прадстаўніцы АПК па нацыянальным адраджэнні Аліны Коўшык

2 жніўня сябры КР заслухалі прадстаўніцу АПК па нацыянальным адраджэнні Аліну Коўшык, а таксама прадстаўніка Кабінета па нацыянальнай бяспецы Валерыя Сахашчыка.

Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык. Скрыншот з анлайн-трансляцыі на YouTube-канале Каардынацыйнай рады 

Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык. Скрыншот з анлайн-трансляцыі на YouTube-канале Каардынацыйнай рады 

На пачатку выступлення спадарыня Аліна зазначыла:

«Мы зробім усё, каб падобныя слуханні адбыліся ўжо ў сапраўдным, дэмакратычным, абраным парламенце, каб былі заслуханы прадстаўнікі новага дэмакратычнага ўрада». 

Аліна Коўшык лічыць, што нацыянальнае адраджэнне ў гэты гістарычны момант з'яўляецца галоўнай задачай і місіяй, без якой немагчымая рэалізацыя іншых палітычных мэт. 

Галоўнымі задачамі на пасадзе прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні спадарыня Аліна лічыць наступныя:

  • Стварэнне ўмоў для свабоднага, прадуктыўнага развіцця беларускай культуры на аснове прынцыпаў захавання ўласных традыцый і культурнай разнастайнасці народаў, якія здаўна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.
  • Вяртанне нацыянальных сімвалаў.
  • Пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы, папулярызацыя нашай гісторыі і культуры.
  • Правядзенне палітыкі дэкамунізацыі і дэімперыялізацыі.
  • Развіццё грамадскай актыўнасці і мясцовых супольнасцей.
  • Максімізацыя падтрымкі культурных праектаў, а таксама шматбаковых культурніцкіх праектаў.

Глядзіце таксама

Сярод асноўных дасягненняў за амаль год дзейнасці ў Аб'яднаным пераходным кабінеце прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні адзначыла:

  • Стварэнне сеткі суботніх школак для дзяцей беларусаў, якія зараз знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі (запуск адбудзецца ў верасні).
  • Стварэнне праекта «Культурная мапа Беларусі».  
  • Міжнародныя паездкі з мэтай абмеркавання пытанняў падтрымкі беларускай культуры, усталяванне міжнародных кантактаў, пошук партнёраў.
  • Прадстаўніцтва Беларусі на шэрагу важных міжнародных пляцовак, канферэнцый, фестываляў.
  • Спрыянне стварэнню працоўных груп пры польскім Міністэрстве адукацыі і навукі, украінскім Інстытуце нацыянальнай памяці.
  • Стварэнне працоўных груп па рэфармаванні сістэмы адукацыі.
  • Прызнанне беларускіх дыпломаў у Польшчы.
  • Пастаноўка беларускага пытання на нарадзе міністраў культуры Еўрасаюза.
  • Стварэнне незалежнай грамадскай камісіі пры АПК па ўзнагародах для ўганаравання асоб, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі.
  • Падтрымка беларускіх кнігавыдавецкіх ініцыятыў.
  • Прыняцце гістарычнай заявы па асуджэнні камунізму.
  • Прызнанне галадамору генацыдам украінскага народа.
  • Перавод на беларускую мову камунікацыі і справаводства Аб'яднанага пераходнага кабінета.

А 16:30 па мінскім часе прадстаўнікі Каардынацыйнай рады заслухаюць справаздачу прадстаўніка АПК па нацыянальнай бяспецы Валерыя Сахашчыка. 

Пытанні да Аліны Коўшык

Сябра КР спадар Павал Церашковіч далучыўся да слуханняў у анлайн-фармаце. Сярод шэрагу ягоных пытанняў прагучала наступнае: «Як будаваць працу па нацыянальным адраджэнні Беларусі, калі вы знаходзіцеся па-за межамі краіны?»

Павел Церашковіч задае пытанні Аліне Коўшык. Скрыншот з анлайн-трансляцыі на YouTube-канале Каардынацыйнай рады 

Павел Церашковіч задае пытанні Аліне Коўшык. Скрыншот з анлайн-трансляцыі на YouTube-канале Каардынацыйнай рады 

«Можа падавацца, што большасць ініцыятываў, якімі мы займаемся, ці прынамсі тыя, якія мы можам агучыць публічна, скіраваныя на замежжа. Але падкрэслю, я не раблю вялікай розніцы паміж тымі беларусамі, якія засталіся ў Беларусі і тымі беларусамі, якія вымушаныя былі з’ехаць, але працягваюць працаваць на карысць Беларусі», — адказала спадарыня Аліна.

«Я думаю, што ўсе разам мы ўзмацняем нашую нацыю, працуем на нацыянальнае адраджэнне. Таму ёсць шмат ініцыятываў, якія ўзмацняюць і даюць магчымасць развіцца некаторым ініцыятывам, якія яшчэ могуць нейкім чынам існаваць у Беларусі. Вельмі важна тут захоўваць бяспеку. Таму я думаю, што называць мы не будзем, але ўсё тое, што я пералічыла, таксама ўплывае на сітуацыю на Беларусі.

Так, канешне, мы не можам пабудаваць беларускую школу зараз у Менску, ці беларускі дзіцячы садок. Але мы можам даць працу настаўнікам, можам распрацоўваць адукацыйныя і метадычныя матэрыялы, каб яны былі для бацькоў, дзя дзяцей, для выкарыстання не толькі ў замежжы, а таксама ў Польшчы. Мы ствараем новую якасць адукацыі, а таксама менеджэраў культуры. Так што ў прынцыпе, калі глядзець шырэй на працэс нацыянальнага адраджэння, то ўся нашая праца акурат на гэта і скіраваная».

Таксама прагучала пытанне дадычна супрацоўніцтва АПК з Радай БНР у галіне нацыянальнага адраджэння.

«Мы з вялікай пашанай ставімся да Рады БНР, якая на дадзены момант з’яўляецца найстарэйшым урадам у выгнанні, урадам, які вельмі добра акрэслівае сваю місію, якая не заўсёды сугучная з тым, што робім мы на дадзены момант. Кантакты з Радай БНР у нас ёсць на асабістым і афіцыйным узроўні. Мы рабілі шэраг спробаў супольных ініцыятываў, на жаль, у нас не атрымалася пра гэта дамовіцца, улічваючы тое, што Рада БНР інакш бачыць сваю місію і не хоча супрацоўнічаць з палітычнымі структурамі, якія зараз змагаюцца за ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, таму што Рада БНР проста не прызнае Рэспубліку Беларусь. Так што ёсць такія юрыдычныя казусы, але, тым не менш, мы кансультуемся з калегамі па розных пытаннях і спадзяюся, што гэтая супраца будзе пашырацца», —  зазначыла Аліна Коўшык.

Спадар Павел Церашковіч закрануў пытанне праблем у рэалізацыі прагарамы імя Кастуся Каліноўскага – польскай дзяржаўнай праграмы дапамогі беларускай моладзі.

«Я літаральна ўчора размаўляла з Янам Маліцкім [дырэктар Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту – заўв. рэд.], дырэктарам гэтай праграмы. Мы дамовіліся, што правядзем адмысловую сустрэчу, дзе абмяркуем гэтае пытанне. Таксама я пытала пра тое, ці гэта праўда, што праграму зачыняць, Ян Маліцкі пацвердзіў мне, што праграму зачыняць не плануюць», – адказала прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні. 

З падачы Вольгі Кавальковай паўстала пытанні наяўнасці ў Аліны Коўшык польскага грамадзянства. «Калі вы лічыце кабінет уладай, ці можаце вы займаць у гэтым выпадку пасаду», — спытала спадарыня Вольга.

«Так, я маю польскае грамадзянства і беларускае грамадзянства таксама», — зазначыла Аліна Коўшык. «У нас няма абмежаванняў па грамадзянстве ў тым, каб быць сябрам Аб'яднанага Пераходнага Кабінету».

Рашэнне адносна працягу мандату спадарыні Аліны Коўшык у АПК мае быць агучаным заўтра. 

Галоўнае з выступу прадстаўніка АПК па нацыянальнай бяспецы Валерыя Сахашчыка

Выступ Валерыя Сахашчыка перад сябрамі Каардынацыйнай Рады. Скрыншот з анлайн-трансляцыі на YouTube-канале Каардынацыйнай рады 

Выступ Валерыя Сахашчыка перад сябрамі Каардынацыйнай Рады. Скрыншот з анлайн-трансляцыі на YouTube-канале Каардынацыйнай рады 

Валеры Сахашчык распачаў свой выступ з пераліку асноўных мэтаў працы АПК:

  • Абарона незалежнасці суверэнітэта Рэспублікі Беларусь,
  • Здзяйсненне фактычнай дэакупацыі Беларусі,
  • Аднаўленне канстытуцыйнай законнасці і правапарадка,
  • Распрацоўка і рэалізацыя мераў па спыненні незаконнага ўтрымання ўлады,
  • Забеспячэнне транзіта ўлады ад дыктатуры да дэмакратыі,
  • Стварэнне ўмоваў для правядзення сумленных і свабодных выбараў,
  • Распрацоўка і выкананне рашэняў, неабходных для дасягнення дэмакратычных зменаў у Беларусі.

«З майго пункту гледжання, дасягненне гэтых мэтаў немагчымае без стварэння граматнай, рэалістычнай стратэгіі дзеянняў, эфектыўнага вайскова-палітычнага цэнтра, здольнага заваяваць давер беларусаў, у тым ліку ва ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь, а таксама адстаўнікоў, чыноўнікаў, службоўцаў, а таксама ўсталяваць партнёрскія адносіны з Украінай, на роўных супрацоўнічаць з міністэрствамі абароны краін Еўропы і іншых падобных інстытутаў, якія займаюцца пытаннямі забеспячэння бяспекі ў Еўропе», — зазначыў спадар Сахашчык. 

Сярод вынікаў дзейнасці на пасадзе прадстаўніка па нацыянальнай бяспецы Валеры Сахашчык адзначыў наступныя:

  • Стратэгічнае планаванне. Першы працоўны дакумент быў прадстаўлены Кабінету яшчэ ў кастрычніку 2022 года. У выніку распрацаваная стратэгія стала асновай працы Дэпартамента Нацыянальнай Бяспекі (ДНБ) пад кіраўніцтвам Сахашчыка. «Па зразумелых прычынах гэта закрыты дакумент, аднак па дамоўленасці са спікерам КР Андрэем Ягоравым яму быў дазволены доступ да першапачатковай версіі», – сказаў спадар Валеры.

  • Пабудова вайскова-палітычнай арганізацыі – ДНБ. «Нам удалося амаль з нуля стварыць працоўную групу ДНБ, у прыватнасці прыцягнуць у каманду шэраг высакакласных спецыялістаў з сілавога блока Беларусі. Прыцягнуць прафесіяналаў у сферы сучасных тэхналогій, камунікацый, знешняй палітыкі. Сфармаваць і забяспечыць дзейнасць асобнай дэсантна-штурмавой роты ў складзе 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады УСУ, забяспечыць унутраную бяспеку, самастойна забяспечыць фінансаванне арганізацыі, уключаючы офісы, тэхнічнае абсталяванне, рэкруцінг».

Таксама Валеры Сахашчык агучыў вынікі дзейнасці Дэпартамента Нацыянальнай Бяспекі. Ён зазначыў, што дзейнасць ДНБ мае тры асноўных кірункі — Беларусь, Украіна і Захад. Па кожным з гэтых напрамкаў выконваецца праца ў рамках распрацаванай стратэгіі. 

Найбольш істотнай мэтай на кірунку Беларусь на першапачатковым этапе працы Сахашчык назваў аб'яднанне і прыцягненне да працы падрыхтаваных прафесіяналаў са складу Узброеных сіл Беларусі, «без удзелу якіх агулам немагчымая праца ў галіне забеспячэння нацыянальнай бяспекі». 

«Пры любых зменах ва ўладзе дэмакратычны ўрад не можа эфектыўна кантраляваць тэрыторыю краіны, элементарна забяспечыць уласную бяспеку, калі не будзе створаны кадравы рэзерв з надзейных вайскоўцаў, якія будуць здольныя ўзяць на сябе ключавыя функцыі на час, які неабходны для стабілізацыі сітуацыі», — лічыць прадстаўнік АПК па нацыянальнай бяспецы. 

Таксама спадар Сахашчык заявіў, што афіцэраў, якія маюць жаданне далучыцца да складу ДНБ, на сёння больш, чым дазваляе бюджэт арганізацыі.

«Сябры ДНБ дасканала ведаюць тактыку дзеянняў сілавога блока Лукашэнкі і здольныя правесці аб'ектыўную ацэнку праціўніка і абстаноўкі агулам. Большасць з гэтых людзей носяць пагоны старэйшых афіцэраў. Дзякуючы гэтаму мы таксама маем добры кантакт з вайскоўцамі Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, разумеем сітуацыю і настроі ў арміі. Гэта дазваляе нам весці разведвальную працу ў Беларусі і адсочваць сітуацыю з ядзернай зброяй, з групай Вагнера і іншымі пагрозамі для незалежнасці Беларусі», — кажа Валер Сахашчык.