Вольга Гарбунова: Я пераняла эстафету — і пакуль у мяне ёсць сілы, я буду працягваць гэта рабіць
Арганізатарка марафону падтрымкі беларускіх палітзняволеных Вольга Гарбунова ў жывым эфіры сваёй ініцыятывы @klopat_by расказала дэталі арганізацыі акцыі і размеркавання сабраных сродкаў.
«Мая матывацыя — гэта траўма»
— Я захацела зрабіць гэты марафон салідарнасці, бо лічу, што гэта правільна. І ў мяне ёсць аргументы чаму. Першае — людзі пасля 2020 года аб'ядналіся, стваралі ініцыятывы, збіралі данаты, каб дапамагаць палітвязням. Я была ў Беларусі, працавала да апошняга, а потым мяне затрымалі і, пакуль я была ў СІЗА, маёй сям'і дапамагалі, мне дасылалі пасылкі, пісалі лісты, і я атрымала гэтую падтрымку і клопат.
І таму ў той момант, калі я апынулася ўжо звонку, я зразумела, што проста пераняла эстафету — і пакуль у мяне сілы, я буду працягваць гэта рабіць, каб гэтая падтрымка была ў тых, хто цяпер у месцах несвабоды.
Другі аргумент — гэта выгаранне. Цяпер я часта сустракаю людзей, якія ўсе гэтыя тры гады былі ў актывізме, былі ў руху, дапамагалі палітзняволеным, пісалі пра іх, рабілі акцыі, але людзі выгаралі, людзі ўжо не хочуць чытаць пра затрыманні, яны пазбягаюць матэрыялаў, дзе апісаны гвалт, катаванні і ўсё, што адбываецца ў турмах, са слоў відавочцаў, людзей, якія ўжо выйшлі. Вось таму я бачу, што я быццам прыйшла на замену. Гэта натуральны такі працэс, калі хтосьці выгарае, а хтосьці новенькі прыходзіць. І я проста чарговая наступная.
Адзінае, што, напэўна, мяне ўтрымлівае, — гэта тое, што я доўгі час працавала ў Беларусі з тэмай хатняга гвалту і ў мяне ёсць імунітэт, ёсць надзея, што мяне хопіць на нейкі адчувальны час і я паспею зрабіць нешта карыснае.
І яшчэ варта сказаць пра такую рэч, як досвед. Дзякуючы таму, што я была шэсць месяцаў у СІЗА, мне адкрыўся гэты жудасны свет, тое, што немагчыма разбачыць, гэтыя пахі, якія я памятаю, гэтае прыніжэнне, гэтая лютасць унутры, якую наогул няма куды размясціць.
Людзі па-рознаму ставяцца да розных падзей, і я гэта бачу. Тыя, у якіх ёсць такі досвед... Ну, у іх іншая матывацыя. У мяне іншая матывацыя. Мая матывацыя — гэта траўма. Я разумею, што гэта гучыць не вельмі і, напэўна, якія-небудзь псіхолагі і псіхатэрапеўты рэкамендавалі б мне прафесійную дапамогу. Я з гэтым згодная. Але гэта мая рухаючая сіла.
Таму я лічу, што гэта проста правільна, гэта натуральна — калі ты сама была ў зняволенні і разумееш, як важная гэтая падтрымка там: каб пра цябе не забыліся, каб ты не перажывала, што жыццё ва ўсіх ідзе далей, усе адаптуюцца ў іншых краінах, а ты сядзіш у калоніі. Мне здаецца, што мы павінны ўсё рабіць для таго, каб палітвязні ведалі, што мы памятаем і ніхто не забыты, мы чакаем і ўсё робім для таго, каб падтрымліваць іх. Нават калі проста сёння мы нічога не можам зрабіць.
Пра марафон, ідэю якога «"злізалі" з расійскага»
— Гучыць, вядома, гэта катэгарычна, але доля праўды ў гэтым ёсць. Палітвязні — гэта глабальная праблема, яна адбываецца не толькі ў Беларусі, не толькі ў Расіі — яна адбываецца ў многіх краінах. І, безумоўна, у рамках працы прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, дзе я зараз працую, мы пастаянна збіраем інфармацыю, адсочваем, як, дзе, што адбываецца, як людзі арганізуюць інфакампаніі, як яны атакуюць высокіх чыноўнікаў і патрабуюць вызвалення палітвязняў. І, вядома, расійскі марафон, які прайшоў 12 чэрвеня, не застаўся незаўважаным для нас.
Гэта ідэальная ідэя — ідэальная ідэя аб'яднацца тым, хто нават часцяком выступае радыкальнымі апанентамі. Ідэальная ідэя сабраць на адной пляцоўцы і незалежныя СМІ, якіх мы ўвесь час крытыкуем за тое, што яны так мала пішуць пра палітвязняў — «Давайце больш, больш!».
Для праваабарончых ініцыятыў, фондаў салідарнасці рэальна трэба больш рэсурсаў, таму што ў нас некалькі тысячных палітвязняў, рэпрэсіі, якія не спыняюцца, іх не становіцца менш. Мы кожны дзень на праваабарончым цэнтры «Вясна» чытаем пра новыя і новыя затрыманні, новыя і новыя тэрміны. Прычым тэрміны, якія даваліся ў 2020-2021 годзе — гэта ўжо лічыцца «пашанцавала»! Як я казала, што мне пашанцавала, што калі далі «хатнюю хімію», сапраўды гэтак жа цяпер ужо выходзяць палітвязні, якія адбылі цалкам свой тэрмін па 342 (вось там 2-3 гады калоніі), і яны кажуць: «Мне пашанцавала, таму што цяпер гэта 5-8-10-15 гадоў». Мы ведаем некалькі кейсаў, калі даюць 25 гадоў…
Таму, безумоўна, мы паглядзелі гэты марафон, убачылі, што гэта рэалізаваная ідэя. Бюджэт нашага марафону — нуль. Гэта значыць, уся праца вось гэтага месяца, калі СМІ аб'ядноўваліся, калі прадумваліся сцэнарыі, калі падключаліся праваабарончыя ініцыятывы і фонды — гэта ўсё нам каштавала нуль капеек. І ўсё, што адбудзецца з гэтым зборам, усе 100% гэтай дапамогі сыдуць на рэальную дапамогу ў сем'і палітвязняў і самім палітвязням.
Таму... Нібыта і «злізалі», так, але я б гэта хутчэй называла пошукам, аналізам паспяховых практык па ўсёй планеце і спробай выкарыстоўваць максімальна ўсё магчымае, таму што мы не можам апусціць рукі. Ніхто не будзе гэта рабіць, акрамя нас.
Як праводзіўся адбор фондаў і ініцыятыў
— Сітуацыя такая склалася, напэўна, толькі толькі дзякуючы таму, што аўтарытарны рэжым у краіне ўжо не першы год і не першае дзесяцігоддзе, і палітвязні былі ў гісторыі незалежнай Беларусі заўсёды. Нам вядомыя кейсы першых палітвязняў з пачатку дзевяностых. Мы ведаем, што часта былі затрыманні і крымінальны пераслед людзей практычна пасля кожных выбараў, якія выкрадаў Лукашэнка. І так склалася, што насамрэч у нас ёсць гэты досвед і ў нас вельмі шмат ініцыятыў.
Раней я таксама думала, што на слыху фонд дапамогі «BySol» і politzek.me, якія вельмі актыўна расказваюць пра сябе, прасоўваюць сябе, каб як мага больш людзей пра іх даведаліся. Але калі я пачала шукаць інфармацыю, калі я пачала працаваць... У маім цяперашнім у спісе іх 26. І калі мы прынялі рашэнне адносна падтрымкі незалежнымі СМІ, што ўсё-ткі гэтаму марафону быць, мы напісалі ім усім. Некаторыя фонды, на жаль, на кантакт з намі не выйшлі, але гэтая гісторыя не закрываецца. Мы заўсёды адкрытыя да супрацоўніцтва, камунікацыі, прыдумвання нейкіх сумесных ініцыятыў, таму што мы зацікаўленыя ўмацоўваць працу ўсіх гэтых арганізацый. А некаторыя арганізацыі не бяруць удзел, але атрымаюць частку сабраных данатаў для стварэння дапамогі палітвязням, таму што ўсё-ткі, будзем шчырымі, я працую ў Кабінеце і гэта даволі таксічная структура для тых людзей, якія непакояцца пра бяспеку ініцыятывы, пра бяспеку калег, і мы гэта прымаем. Гэта межы, пра якія мы можам размаўляць і выбудоўваць узаемадзеянне такім чынам, каб не нашкодзіць.
Таму з гэтых фондаў, арганізацый, ініцыятыў частка арганізацыі проста выступілі з намі інфармацыйнымі партнёрамі — як, напрыклад, праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэта ініцыятывы, якія таксама дапамагаюць палітвязням, вядома ж, і яны актыўна афішуюць, што такі марафон будзе і гэтак далей, але яны не будуць у гэтым пераліку сродкаў. Аднак пры гэтым будзе 13 іншых фондаў і арганізацый. Для нас было важна знайсці менавіта тых, пра каго гавораць не так часта, не так шмат, для якіх проста гэта такая дадатковая магчымасць арганізаваць значна больш. І важна гаварыць пра ўсіх, важна дапамагаць усім, усіх падтрымліваць, таму што ў кожнай ініцыятывы, нават вельмі маленькай, у іх велізарная колькасць сем'яў, якімі яны апякуюцца, якім яны дапамагаюць аплачваць адвакатаў, яны ім збіраюць медыцынскія пасылкі ў калоніі, дапамагаюць прадуктовымі перадачамі.
Гэта значыць, важна разумець, што дапамога палітвязням — гэта не проста гарантаваная выплата 300 еўра, атрымайце-распішыцеся. Не. Гэта дапамога сем'ям гадамі. Таму што людзі сядзяць гадамі. Мы не можам дапамагчы адзін раз і думаць, што ўсё, мы дапамаглі сям'і. Гэтыя выдаткі каласальныя. На сённяшні момант дзень працы адваката каштуе 500 беларускіх рублёў — менш проста не знайсці. А сабраць адну рэжымную пасылку ў калонію, якая дазволена раз на 3 месяцы 35 кг, — гэта ад 200 да 300 еўра (у залежнасці ад патрэб палітвязняў). Гэта прадукты, гігіенічныя сродкі, адзенне, абутак, гэта пастаянныя выдаткі сем'яў, якія забяспечваюць турэмны менеджмент. Таму важна памятаць пра ўсе ініцыятывы і расказваць як мага больш.
Якім чынам будуць размяркоўвацца данаты
— Практычна ўсе фонды і ініцыятывы выйшлі на сувязь. Мы з усімі абмяркоўвалі складанасці ў іх працы, з чым яны сутыкаюцца, на што ім не хапае рэсурсаў. І ўсе арганізацыі, якія выступілі ў гэтай ініцыятыве, на якіх будуць размеркаваныя сродкі, падалі нам інфармацыю апошніх некалькіх месяцаў пра іх не закрытыя патрэбы: колькім сем'ям яны не змаглі аказаць дапамогу, колькі персанальных збораў сышло ў архіў не закрыўшыся.
Зараз акумулявалі гэтую інфармацыю, і ў нас ёсць пэўныя прапорцыі, таму што ў кожнай з ініцыятыў і фондаў розная прапускная здольнасць. У кагосьці каманда пабольш, у кагосьці трохі іншыя рэсурсы, яны прывыклі да іншых аб'ёмах дапамогі. Таму ў пэўных прапорцыях, якія ўстановіць наглядальны савет, які будзе створаны з прадстаўнікоў СМІ, што рэалізуюць гэты марафон, будуць размеркаваны сродкі, сабраныя ў рамках гэтага збору.
Мы не ведаем, колькі мы збяром, але, колькі б мы ні сабралі, гэтыя грошы будуць размеркаваныя. Чым больш мы збяром данатаў, тым больш сем'яў атрымаюць дапамогу. Арыфметыка вельмі простая.