Праваабаронца: За кратамі лепш не становіцца, хутчэй наадварот

Людзі, якіх затрымліваюць па палітычных матывах, за кратамі губляюць здароўе. А часам нават і жыццё. І паляпшэнняў ва ўмовах іх утрымання пакуль чакаць не даводзіцца.

Умовы ўтрымання палітвязняў за кратамі застаюцца стабільна кепскімі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Умовы ўтрымання палітвязняў за кратамі застаюцца стабільна кепскімі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

— На сённяшні дзень у Беларусі 1475 чалавек прызнаны палітзняволенымі і ўтрымліваюцца ў месцах зняволення. Гэта тыя людзі, пра якіх нам вядома, якія афіцыйна прызнаныя палітычнымі зняволенымі, — кажа Анастасія Васільчук, праваабаронца «Вясны», у інтэрв'ю «Радыё Ўнэт». — Але мы, праваабаронцы, разумеем, што такіх людзей можа быць болей, бо, на жаль, сваякі ці блізкія людзі не заўсёды своечасова паведамляюць (пра зняволенні) ці могуць паведаміць пасля суду.

Кожны тыдзень праваабарончая супольнасць прызнае палітзняволенымі новых людзей, але зараз сітуацыя такая, што новыя людзі становяцца палітвязнямі і адначасова выходзяць на волю тыя, хто збольшага адбыў поўны тэрмін пакарання. Калі мы нават паглядзім на вынікі па чэрвені, то больш за 30 чалавек выйшлі на волю, а 27 з іх адбылі сваё пакаранне цалкам.

Увогуле, паводле нашых падлікаў, пачынаючы з выбарчай кампаніі 2020 года было прызнана палітвязнямі больш за 2300 чалавек.


Глядзіце таксама

— Калі параўноўваць умовы ўтрымання людзей, зняволеных паводле палітычных матываў, якія былі напачатку — у 2020-2021 гадах — і цяпер, ці змяняюцца яны?

— Я б сказала, што яны застаюцца стабільна кепскімі. Класічны шлях палітвязня: спачатку чалавека затрымліваюць і ён трапляе ў ізалятар часовага ўтрымання, кшталту на 10 дзён, пакуль яму не прад’явяць абвінавачанне. Калі гаворка пра Мінск, то гэта сумна вядомы ізалятар на Акрэсціна. Там у камеры, дзе мусіць утрымлівацца 6-7 чалавек, утрымліваецца больш за 20, людзі спяць на падлозе, пазбаўленыя элементарных сродкаў гігіены і адзення. Там любы чалавек, які адбывае 10-15 сутак, выходзіць на волю — і ў яго ў любым выпадку ёсць ужо нейкія праблемы са здароўем. А што казаць пра тых людзей, якія там знаходзяцца месяц, а то і болей?!

Пасля ізалятара ён трапляе ў СІЗА, дзе можа знаходзіцца як месяц-два, так і вялікія тэрміны. Як проста рэкорд — Эдуард Бабарыка, мы ўсе ведаем, што ён з моманту затрымання да суду тры гады быў у СІЗА, і вось толькі гэтым летам яго асудзілі. У СІЗА, канечне, умовы крыху лепей, чым на Акрэсціна, але ўсё роўна яны вельмі псуюць здароўе. Гэта кепскае святло, кепскае паветра, няма прасторы, куды рухацца, і яшчэ шмат якія праблемы.

Далей чалавек пасля суда трапляе ці на «хімію», ці ў калонію. Там пачынаюцца свае «прыгоды». Гэта амаль дармавая праца, дрэннае медыцынскае абслугоўванне. І мы адзначаем дыскрымінацыйнае стаўленне адміністрацыі калоній да палітвязняў.

Тая праблема, пра якую апошнім часам усе кажуць, – гэта такі рэжым інкамунікада, калі адбываецца поўная блакада вязня. То-бок, чалавеку не аддаюць лісты ні ад родных, ні ад іншых людзей, і яго карэспандэнцыю проста не выпускаюць па-за межы калоніі. Блізкія не ведаюць, што зараз з Сяргеем Ціханоўскім, Марыяй Калеснікавай, Максімам Знакам, Мікалаем Статкевічам. Вось літаральна зараз жонка Мікалая атрымала вяртанне свайго ліста на падставе таго, што сам Мікола «адмовіўся яго атрымліваць». Ну такога ж быць не можа.


Глядзіце таксама

— У 2021 годзе, калі ў калоніі ў Шклове загінуў Вітольд Ашурак, грамадства было шакаванае. А вось нядаўна загінуў вядомы мастак Алесь Пушкін. Гэта выклікала вельмі вострую рэакцыю. А ці вядома праваабаронцам, колькі ўсяго за гэты час загінула ў вязніцах людзей, асуджаных паводле палітычных матываў?

— Калі казаць менавіта пра палітычныя матывы, то гэта трое палітычных зняволеных. Так, гэта Вітольд Ашурак, 2021 год, і ў гэтым годзе ў пачатку траўня памёр у калоніі палітвязень Мікола Клімовіч. У яго была хвароба сэрца. Ён на судзе гаварыў, што «не пацягне калонію, проста там не выжыве». І, падаецца, праз два месяцы пасля суду ён памёр за кратамі. Апошні жудасны выпадак — з Алесем Пушкіным: ён быў дастаўлены ў лякарню ў такім стане, калі фактычна немагчыма было яму дапамагчы. І тут пытанні да лекараў калоніі.


Глядзіце таксама

Увогуле, калі казаць пра смерці людзей, якія адбывалі пакаранні паводле палітычных матываў, таксама вядомы выпадак, калі асуджаны, падаецца, за каментары ў сацыяльных сетках Дзмітрый Дудойць пасля першага тыдня на «хіміі» ў Магілёве здзейсніў самагубства. І, узгадваючы жудасныя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і тое, што там адбывалася ў 2020-2021 гадах, вядома як мінімум два выпадкі, калі Алена Амеліна і Сяргей Шчацінка, якія ў 2021 годзе былі ў ізалятары на Акрэсціна па палітычных артыкулах, там захварэлі на кавід, выйшлі на волю і ўжо на волі памерлі.