Інфармацыйная блакада палітвязняў — сігнал таго, што творыцца беззаконне

Ужо некалькі месяцаў няма аніякай інфармацыі пра самых вядомых беларускіх палітвязняў: рэжым абарваў усе каналы сувязі зняволеных з іх сваякамі і адвакатамі. З якой мэтай гэта робіцца?

58975_qm9rtkuylhbyypl9k5h5mloqm7t9ww5z_100.webp

На днях дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская заявіла, што яна атрымала ананімнае паведамленне пра тое, што нібыта яе муж, апазіцыйны палітык Сяргей Ціханоўскі, памёр у зняволенні.

Адказваючы пісьмова на пытанні агенцтва «Associated Press», яна паведаміла, што не атрымлівала вестак ад мужа з пачатку сакавіка: «Я нічога пра яго не ведаю. Я не атрымала аніводнага ліста, і праз яго адваката не было ніякай сувязі».

Ціханоўская дадала, што ў яе няма аніякіх доказаў таго, што ананімнае паведамленне адпавядае рэчаіснасці, але запатрабавала ад уладаў «даць доказы таго, што Сяргей жывы, і паказаць яго».

Дзеючы рэжым гэтую сітуацыю ніяк не пракаментаваў.

Акрамя Сяргея Ціханоўскага на працягу некалькіх месяцаў няма аніякіх звестак пра іншых вядомых палітычных зняволеных у Беларусі: Максіма Знака, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Віктара Бабарыку, Аляксандра Фядуту.


Глядзіце таксама

Карэспандэнтка «Голасу Амерыкі» пацікавілася ў некаторых беларускіх апазіцыйных дзеячаў, чым, на іх думку, выкліканая падобная інфармацыйная блакада ў дачыненні да іх паплечнікаў, якую зладзіў рэжым Лукашэнкі?

«Ёсць такое паняцце, як псіхалагічная стомленасць ад негатыву ў інфармацыйнай стужцы»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях канстытуцыйнай рэформы і парламенцкага супрацоўніцтва, дырэктар «Цэнтра еўрапейскага дыялогу» Анатоль Лябедзька адзначыў, што дзеючы рэжым увёў поўную інфармацыйную блакаду ў дачыненні да самых вядомых палітычных зняволеных. «Калі пра іх і прасочваюцца нейкія звесткі, то толькі на ўзроўні чутак. Прычын гэтаму можа быць некалькі, але ўсе яны далёкія ад аптымізму», — гаворыць Лябедзька.

Першай магчымай прычынай ён называе ізаляцыю самых вядомых вязняў не толькі ад знешняга свету, але нават ад іншых зняволеных.

«У іх ёсць кантакты толькі з вузкім колам персаналу, які абслугоўвае калоніі. І калі такога чалавека пасадзілі ў карцар, то гэта можа адбывацца перманентна. Калі ў яго ёсць тры спагнанні, то ён можа знаходзіцца ў гэтым ізалятары тры месяцы запар, і нават калі да яго прыходзяць лісты, то адміністрацыя калоніі можа іх аддаць пасля таго, як ён адбудзе ўвесь тэрмін у карцары», — растлумачыў дарадца Ціханоўскай.

Другой магчымай прычынай ізаляцыі Лябедзька называе нейкае надзвычайнае здарэнне з палітвязнем. «Напрыклад, ёсць верагоднасць, што Віктара Бабарыку збілі настолькі жорстка, што ўзніклі пагрозы для яго жыцця, і дэманстраваць яго публічна няма ніякай магчымасці.

У гэтым выпадку канфіскоўваюцца і лісты, каб не прасачылася аніякая інфармацыя пра тое, што адбылося, а самога чалавека ізалююць ад іншых зняволеных», — мяркуе палітык.

Некаторыя вядомыя беларускія палітэмігранты са шкадаваннем канстатуюць, што на Захадзе да падзей у Беларусі ставяцца з усё меншай увагай, у тым ліку праз расійскае ўварванне ва Украіну і вялікую колькасць украінскіх уцекачоў у краінах ЕС.

Анатоль Лябедзька з гэтым згодны: «Так, ёсць такое паняцце, як псіхалагічная стомленасць ад негатыву ў інфармацыйнай стужцы. Гэта прагназуемая сітуацыя. Што можна рабіць у такім выпадку? Трэба знаходзіць новых людзей, якія не выгарэлі псіхалагічна і якія могуць трымаць гэтую тэму на парадку дня».


Глядзіце таксама

У якасці прыкладу апазіцыянер згадаў, што днямі ў парламенце Італіі была створаная група «За дэмакратычную Беларусь», у якую ўвайшлі 38 дэпутатаў.

«Зразумела, што не ва ўсіх з іх ёсць уяўленне пра Беларусь, пра сітуацыю з палітвязнямі, але ў іх ёсць жывая цікавасць. І наша задача — так будаваць адносіны з гэтай групай, каб максімальная колькасць італьянскіх дэпутатаў узялі б шэфства над кімсьці з нашых палітвязняў. І каб яны пачалі пісаць твіты пра гэта і расказваць простым італьянцам, што адбываецца ў Беларусі, бо кожны італьянскі парламентарый — вядомы чалавек, у яго шмат падпісчыкаў у сацыяльных сетках і да яго голасу прыслухоўваюцца», — адзначае Анатоль Лябедзька.

І асабліва падкрэслівае, што падобныя групы ёсць у 21 парламенце краін ЕС.

«Вядома, трэба, каб гэтая тэма гучала ў міжнароднай прэсе. І трэцяе — зварот да саміх беларусаў. Мы павінны быць настойлівымі і паслядоўнымі ў сацыяльных сетках, каб пастаянна гаварыць пра палітвязняў. І тут ёсць праблема: многія іх сваякі настолькі апанаваныя страхам, што баяцца гаварыць на гэтую тэму. Трэба іх пераконваць, што публічнасць у гэтым пытанні значна лепш, чым замоўчванне. Таму што турмы, рэпрэсіі, дыктатуры, рэжымы любяць цішыню», — падводзіць высновы дырэктар «Цэнтра еўрапейскага дыялогу».


Глядзіце таксама

«Інфармацыйная блакада ў дачыненні да палітвязняў адназначна выгадная ўладзе»

Пагаварыць з «Голасам Амерыкі» пагадзіўся адзін з прадстаўнікоў апазіцыйнага руху, які знаходзіцца цяпер у Беларусі. У мэтах бяспекі ён папрасіў называць яго Сяргеем.

«Я, як і многія іншыя, ведаю, што ўжо даўно няма аніякіх вестак пра Марыю Калеснікаву. Таксама мяне вельмі турбуе лёс Мікалая Статкевіча і іншых палітвязняў», — сказаў ён.

На думку апазіцыянера, фэйкі пра смерць у турме Сяргея Ціханоўскага могуць распаўсюджваць людзі, блізкія да ўладаў, для таго, каб назіраць за рэакцыяй у грамадстве і, магчыма, вылічаць іншых нязгодных.

Сяргей таксама лічыць, што лідары беларускай апазіцыі, якія знаходзяцца за мяжой, павінны больш актыўна мець зносіны з еўрапейскімі палітыкамі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.

Трэба заахвочваць іх да ўзмацнення ціску на дзеючы рэжым, каб была апублікаваная інфармацыя пра стан здароўя гэтых людзей. Тое, што яны знаходзяцца ў зняволенні, не выклікае аптымізму. Бо мы ведаем, што нядаўна адбылося з Віктарам Дзмітрыевічам (Бабарыкам. — Заўв. рэд.), гэта вельмі трывожна і сумна. А інфармацыйная блакада ў дачыненні да палітвязняў адназначна выгадная ўладзе, і мы гэта ўспрымаем як сігнал таго, што ў Беларусі творыцца беззаконне», — сказаў на заканчэнне прадстаўнік беларускага апазіцыйнага руху.