Рэжым катуе не толькі палітвязняў, але і іх сваякоў — і гэта ў яго добра атрымліваецца

Не толькі фізічныя катаванні, але і інфармацыйная блакада задзейнічана рэжымам з мэтай ціску на палітвязняў, што незаконна ўтрымліваюцца за кратамі па надуманых абвінавачаннях. А разам з імі караюць і сваякоў.

З многімі палітвязнямі — як вядомымі ў медыя, так і тымі, хто застаецца ў цені — сувязі няма ўжо некалькі месяцаў. Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

З многімі палітвязнямі — як вядомымі ў медыя, так і тымі, хто застаецца ў цені — сувязі няма ўжо некалькі месяцаў. Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

Пра стан здароўя і месцазнаходжанне Віктара Бабарыкі няма інфармацыі больш за два месяцы. Родныя Марыі Калеснікавай страцілі сувязь з актывісткай у лютым. «Медыязона» расказала пра палітычных зняволеных, з якімі знікла сувязь.

Віктар Бабарыка. Больш за два месяцы

Больш за два месяцы няма інфармацыі пра месцазнаходжанне і стан здароўя палітвязня Віктара Бабарыкі.У канцы красавіка палітыка шпіталізавалі ў наваполацкую бальніцу, пасля гэтага навін пра яго не было.

6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд прысудзіў Віктара Бабарыку да 14 гадоў пазбаўлення волі. Суд прызнаў палітыка вінаватым па двух артыкулах: «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» і «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам».


Глядзіце таксама

Некалькі разоў Бабарыку змяшчалі ў штрафны ізалятар, у красавіку 2023 года стала вядома, што яго перавялі ў памяшканне камернага тыпу. У калоніі Бабарыка працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў, а ў снежні 2022 года яго перавялі на выпальванне драўнянага вугалю.

Марыя Калеснікава. Амаль пяць месяцаў

Апошні ліст ад Марыі Калеснікавай прыйшоў 15 лютага. 28 сакавіка з'явілася інфармацыя, што актывістка знаходзіцца ў ПКТ. Навін пакуль няма.

Марыю Калеснікаву Мінскі абласны суд у верасні 2021 года прысудзіў да 11 гадоў калоніі. Яе, разам з юрыстам Максімам Знакам (сувязь з якім таксама знікла), прызналі вінаватай у «публічных закліках да прычынення шкоды нацбяспецы», «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» і «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».


Глядзіце таксама

28 лістапада 2022 года Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю з прабадной язвай. 22 лістапада палітзняволеную адправілі ў ШІЗА.

Ігар Аліневіч. Месяц без сувязі

З анархістам Ігарам Аліневічам месяц няма сувязі. Пра гэта паведаміла яго маці ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку.

Ігара Аліневіча Мінскі абласны суд 22 снежня 2021 года прысудзіў да 20 гадоў калоніі. Анархіста абвінавацілі ў «тэрарызме», «незаконным абарачэнні зброі» і «правозе зброі або выбуховых прылад праз мяжу».


Глядзіце таксама

У чэрвені 2022 года Аліневіча змясцілі ў ШІЗА на 20 сутак. У канцы верасня 2022 года анархіст абвясціў галадоўку ў калоніі ў знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі.

Мікалай Статкевіч. Больш за чатыры месяцы

Апошняя інфармацыя пра палітыка Мікалая Статкевіча была ў траўні. Тады стала вядома, што яго адправілі ў адзіночную камеру на паўгода. Сувязі ж з палітыкам на пачатак чэрвеня не было ўжо чатыры месяцы.


Глядзіце таксама

У снежні 2021 года Статкевіча Гомельскі абласны суд асудзіў на 14 гадоў калоніі па «справе Ціханоўскага». Палітыка абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». У калоніі яго 14 разоў змяшчалі ў ШІЗА.

Сяргей Ціханоўскі. Чатыры месяцы

Пра лёс Сяргея Ціханоўскага ў калоніі няма інфармацыі чатыры месяцы. У канцы траўня жонка блогера Святлана Ціханоўская апублікавала відэазварот, дзе прызналася, што не ведае, ці жывы яе муж.

Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў калоніі строгага рэжыму. Блогера абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», «распальванні сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў», «пагрозах у адрас экс-старшыні ЦВК» Лідзіі Ярмошынай і «арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак».


Глядзіце таксама

У жніўні 2022 года Ціханоўскага перавялі на турэмны рэжым. Некалькі дзён таму Святлана Ціханоўская атрымала ананімнае паведамленне пра смерць мужа, якое, верагодней за ўсё, з'яўляецца часткай агульнага ціску рэжыму на сем'і палітвязняў.

Вольга Маёрава. Паўтара месяца

Пра былую актывістку АГП Вольгу Маёраву няма навін паўтара месяца, піша «Радыё Свабода». Родныя лічаць, што яе змясцілі ў ШІЗА. Маёравай таксама немагчыма паслаць грашовы перавод праз тое, што актывістку ўключылі ў «тэрарыстычны спіс».


Глядзіце таксама

Вольгу Маёраву прысудзілі да 20 гадоў калоніі па «справе Аўтуховіча». Усяго актывістку прызналі вінаватай па пяці артыкулах, у тым ліку ў «закліках да захопу ўлады» — за мадэраванне тэлеграм-канала Мікалая Аўтуховіча«ДаВолі!», аўтары якога, паводле версіі абвінавачання, сваімі допісамі спрыялі «фарміраванню негатыўнага стаўлення» да сілавікоў.

У верасні 2022 года Маёраву чарговы раз змясцілі ў карцар.

Нагадаем, паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі за кратамі ўтрымліваюцца 1493 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае ў краіне 1747 палітычных зняволеных. Са многімі з іх, не толькі з вядомымі палітзняволенымі палітыкамі і актывістамі, няма сувязі, не паступае аніякай інфармацыі пра іх стан і месцазнаходжанне. Усё гэта можна расцэньваць як катаванні сваякоў, якія пакутуюць ад невядомасці і непакояцца пра жыцці сваіх блізкіх.