Марыя Калеснікава сказала беларусам: «Вы — неверагодныя!»
Свой 41-шы дзень народзінаў святкуе за кратамі адна з самых яркіх і смелых жанчын беларускай сучаснасці — Марыя Калеснікава.
Тры гады таму мы сядзелі па сваіх хатках, напужаныя пандэміяй, стомленыя ад прагнілай сістэмы і безвыходнай шэрасці ўласнай будучыні. Тры гады таму яркая ўсмешка на светлым твары запаліла ў нас жаданне лепшага.
«Наша Маша» — так мы называлі яе, пакуль былі ўсе разам на вуліцах, унутры віру падзей, у самым яго эпіцэнтры, які закруціўся, калі Марыя Калеснікава паставіла перад беларусамі люстэрка і сказала: «Вы — неверагодныя!»
Ніколі яшчэ — ні да, ні пасля — нашы вуліцы не бачылі столькі любові. Ні да, ні пасля мы самі не верылі, што яна ў нас ёсць. Праз тры гады, калі сама Марыя бачыць сонечныя прамяні праз вокны калоніі і шмат хто дзеляць з ёю гэтыя рэдкія моманты дзіцячага шчасця, падаецца, што ўсё тое, ранейшае, нам прыснілася.
Падаецца. Але я ўсё яшчэ чую, што людзі берагуць у сэрцах памяць пра чырвоную памаду, белазубую ўсмешку і парваны пашпарт. Я ўсё яшчэ чую злосць, якая захавалася ў сэрцах з таго самага дня, як адну прыгожую беларуску кінулі за краты, а іншых цягалі за валасы па асфальце ў пастцы на праспекце Машэрава. Людзі не забылі ні ганебнага выкрадання пасярод горада, ні спробы выпхнуць з краіны, ні небывалай смеласці Марыі, якая рызыкнула жыццём і засталася са сваім народам і сваёй краінай у самыя цяжкія для іх часы.
Сёння гэтая неверагодная жанчына святкуе за кратамі свой 41-шы дзень народзінаў. Яна прайшла праз страшнае, была на мяжы жыцця і смерці, але засталася сабою — і нішто не змагло сцерці ўсмешку з яе твару. Хочацца пажадаць Марыі, каб як мага хутчэй рухнулі муры яе турмы — і ўсіх турмаў, якія незаконна пазбаўляюць людзей волі; каб ніколі не згасала зорка яе аптымізму, таленту і натхнення, якім яна зараджае свет вакол; каб тая Беларусь, пра якую яна марыць, аднойчы здзейснілася — поўная любові. І каб гэтай любові хапіла аддаць усім палітвязням і пацярпелым ад рук крывавых рэжымаў. Свабоду нашай Машы!
Павіншаваць і падтрымаць Марыю Калеснікаву можна лістамі на гэты адрас: 246 035, Гомель, вул. Антошкіна, 3, ПК №4. Калеснікавай Марыі Аляксандраўне.