Вольга Маёрава: Сумна, што Беларусь сёння такая, але гэты перыяд трэба перажыць

Сын Вольгі Маёравай атрымаў ад яе чарговы ліст. Палітзняволеная піша пра свой працэс і адзначае, што ў турму людзям сталі прыходзіць лісты і ад сяброў, а не толькі ад сваякоў.

zoo1_1.jpg


Што ж да працэсу, яна піша, што «Суд ідзе. Пра тое, як гэта адбываецца, піша “СБ. Беларусь сегодня”. Піша, мякка кажучы, своеасабліва. Сумна, калі “журналісты” пачынаюць працаваць у жанры ненавуковай фантастыкі, або пішуць пасквілі, але, мабыць, “Беларусь сегодня” мае свой пункт гледжання на журналісцкую этыку. Сумна, што Беларусь сёння менавіта такая, але гэты перыяд трэба проста перажыць».

Вольга Маёрава просіць захаваць аўдыёзапісы працэсу «ў якасці навучальнага дапаможніка для падрыхтоўкі будучых юрыстаў і заканадаўцаў». «Вельмі павучальны дапаможнік будзе. Але акрамя таго, несумнеўная яго мастацкая каштоўнасць. Гэта практычна гатовы сцэнар для аўтарскага кіно. Зрэшты, гэта той самы выпадак, калі аўтарскае кіно абавязкова павінна стаць масавым», — адзначае яна.

«Цяпер у мяне некалькі больш інфармацыі аб тым, што адбываецца ў свеце. Ведаю, што апошнія вядомыя мне на дадзены момант навіны бязрадасныя, але гэта ніяк не адмяняе агульную гістарычную логіку развіцця зямлян. Як сказана,

Як не катуе дзіця

У страшнай казцы айчым

Нашая казка жыцця

Скончыцца ясна чым.

Хочацца, вядома, дажыць. Але гэта, па сутнасці, усё роўна. Бо ўжо цяпер я не проста гляджу самую захапляльную гісторыю (ну, адну з самых, буду больш сціплая), у сучаснай Беларусі, але і ўдзельнічаю ў ёй. Праўда, уваходны квіток задарагі на гэты спектакль, але нічога».

Палітзняволеная грамадская актывістка Вольга Маёрава праходзіць па крымінальнай справе Мікалая Аўтуховіча. Вользе інкрымінавалася восем крымінальных артыкулаў — ад закліку да санкцый да тэрарызму. Пазней яна напісада сыну, што абвінавачванне ў тэрарызме з яе было знятае.

Суд па «справе Аўтуховіча» праходзіць цяпер у турме Гродна.