Ігара Лосіка этапавалі ў калонію ў Наваполацку
Палітвязень Ігар Лосік этапаваны ў калонію №1 у Наваполацку. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Дар'я Лосік.
«Знайшла Ігара шляхам абтэлефаноўкі калоній. Знаходзіцца ў ПК-1 у Наваполацку», — напісала Дар'я ў Instagram, паведамляе REFORM.by.
Нагадаем, учора Дар'я прыехала ў гомельскае СІЗА, каб забраць рэчы мужа, але ёй паведамілі, што Ігара перавялі з СІЗА яшчэ ў панядзелак, 20 чэрвеня. Інфармацыі аб новым месцазнаходжанні Лосіка не далі.
Нагадаем: палітзняволены журналіст Ігар Лосік быў асуджаны на 15 гадоў зняволення ў снежні мінулага года. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», а таксама ў «распальванні сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненых групай асоб».
Разгляд скаргі на прысуд Ігару Лосіку адбыўся ў Вярхоўным судзе ў Мінску 31 траўня і 1 чэрвеня. Суддзі пакінулі прысуд у сіле.