Cёння распачынаецца афлайн праграма Тыдня супраць катаванняў
З 17.00 да 20.00 на Лукішскай плошчы ў Вільні сёння, 22 чэрвеня, адбудзецца перформанс «Клетка», мэта якога — прыцягнуць увагу да сітуацыі зняволеных у Беларусі. У прасторы горада будзе ўстаноўлена клетка памерам з тых, у якіх зараз утрымліваюцца беларускія вязні.
Перфоманс ладзіцца ў межах Тыдня супраць катаванняў, які працягнецца да 26 чэрвеня. Сёлета ўпершыню Тыдзень праходзіць афлайн у трох гарадах — заўтра пасля Вільні форум стартуе ў Варшаве і Тбілісі, распавядае REFORM.by.
У праграме Тыдня — дыскусіі з тымі, хто пацярпеў, шчырыя размовы пра катаванні, прэзентацыі-абмеркаванні — напрыклад, «Прававы дэфолт у Беларусі 2020: палітычныя зняволеныя» (Варшава, 26 чэрвеня), антываенная справаздача Камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (Вільня, 23 чэрвеня), справаздача ПЦ «Вясна» «Крымінальны і адміністрацыйны пераслед у Беларусі, умовы ўтрымання ў месцах несвабоды» (Вільня, 24 чэрвеня). Сярод мерапрыемстваў — гэтаксама і культурныя падзеі па тэме — фотавыстава «Быць сумленным беларусам» (Вільня), кінапаказы фільма «Белае сонца чырвонага лета» (Варшава, Вільня), чытка п’есы Энжэ Гіззатавай «Мне цяжка пра гэта казаць…» (Тбілісі), ды іншыя івэнты.
У межах анлайн-праграмы, якая гэтаксама прадугледжана, 25 чэрвеня адбудзецца інтэрактыўная лекцыя «Моладзь і катаванні. Як катуюць маладых людзей у Беларусі», у час якой будуць закранутыя «Справа (беларускіх) студэнтаў» і рэпрэсіі ў дачыненні да маладых беларусаў і беларусак.
Арганізатар важнага форуму, які ладзіцца ўжо не ў першы раз — Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі. Сёння Камітэт аб’яднаўся з «Прававой ініцыятывай», Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускім Хельсінкскім Камітэтам, моладзёвым саветам «RADA», ініцыятывамі politzek.me ды dissidentby.
«Катаванні заўжды былі актуальнай тэмай для Беларусі, а ў апошнія два гады выйшлі на абсалютна новы ўзровень, — адзначаюць арганізатары. — Больш за 1200 палітзняволеных, бесчалавечныя ўмовы ўтрымання ў месцах несвабоды, тысячы людзей, якія з’ехалі з краіны — тая рэальнасць, у якую мы трапілі».
Дазнацца больш пра праграму Тыдня супраць катаванняў можна тут.