Мінабароны Украіны: Беларусь размяшчае на мяжы з Украінай драўляныя муляжы танкаў

Беларусь размяшчае на мяжы з Украінай драўляныя муляжы танкаў. Мэта такіх дзеянняў — прадэманстраваць сваю прысутнасць і правесці мерапрыемствы аператыўнай маскіроўкі.

151f184023fe56f5f652064b30z0__suveniry_i_podarki_podarochnaya_upakovka_tank.jpg


Адпаведнай інфармацыяй падчас брыфінгу падзяліўся спікер Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянік, перадае УНІАН.

«З мэтай правядзення мерапрыемстваў аператыўнай маскіроўкі і дэманстрацыі сваёй прысутнасці падраздзяленні Узброеных Сіл Беларусі размяшчаюць у памежных з Украінай раёнах драўляныя муляжы танкаў», — паведаміў Матузянік.

Спікер таксама распавёў, што падраздзяленні УС РБ у складзе да сямі батальёнаў працягваюць выконваць заданні з так званага «ўзмацнення» ўкраінска-беларускай мяжы. Гаворка ідзе аб Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Асноўныя намаганні войскі РБ засяродзілі на вядзенні выведкі, інжынерным абсталяванні пазіцый і ахове мяжы. Да гэтых заданняў пачалі прыцягваць салдат тэрміновай службы.

Паводле ўкраінскіх адмыслоўцаў, на мяжы з Украінай знаходзяцца 4 тысячы вайскоўцаў РБ. Гэтай колькасці недастаткова для арганізацыі атакі на якім-небудзь кірунку. Украінскія эксперты заяўляюць, што на дадзеным этапе мэта беларускіх падраздзяленняў каля ўкраінскай мяжы — адцягванне часткі Узброеных сіл Украіны, якая магла быць перакінутая на ўсходні фронт.

Раней на гэтым тыдні самаабвешчаны лідар РБ Лукашэнка выліўся пагрозамі ў адрас Украіны. Ён паабяцаў адказаць у выпадку пераходу «чырвонай лініі» або ўдару па Мазырскім НПЗ.

У Мінабароны Украіны 21 чэрвеня паведамлялі, што не бачаць прыкмет падрыхтоўкі да наступу войска Беларусі.