«Кручу-вярчу, заблытаць хачу». Як Лукашэнка (не)адказаў на пытанні журналістаў
Лукашэнка нечакана 6 ліпеня сустрэўся з замежнымі журналістамі. Што іх найперш цікавіла? Канешне, далейшы лёс мяцежнікаў з ПВК «Вагнер» і размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Што пачулі журналісты ў адказ? Поўны гармідар і неразбярыху.
Чаму замест адказаў журналісты атрымалі яшчэ большую нявызначанасць? Гэта прыкметы старасці Лукашэнкі ці свядомая тактыка? Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Прэс-канферэнцыя склікалася для замежных журналістаў: Лукашэнка відавочна адмыслова іх запрасіў напярэдадні саміту NATO ў Вільні. Мэта — паказаць сябе, бо ён ведае, што тая міжнародная ўвага, якую мае зараз, можа хутка знікнуць. І яго зноў стануць успрымаць хіба як марыянетку Пуціна.
Яшчэ адна мэта — данесці да заходняй грамадскасці свае тэзісы. Паколькі прыехалі найперш замежныя журналісты, у першую чаргу, заходнія, хаця на сустрэчы прысутнічалі і прадстаўнікі арабскіх кампаній, то іх цікавілі міжнародныя падзеі: лёс ПВК «Вагнер» і ядзерная зброя. Падзеі ўнутры Беларусі іх амаль не цікавілі. Трэба аддаць належнае Стыву Розенбергу з ВВС, які задаў пытанне пра Марыю Калеснікаву ды іншых палітвязняў, але гэтая тэма прысутнічала фрагментарна. У цэнтры ўвагі, безумоўна, знаходзіліся зусім іншыя тэмы. Гэта дыктавалася ўмовамі, у якіх праходзіла прэс-канферэнцыя.
Для Лукашэнкі магчымасць патрапіць на старонкі заходняй прэсы азначае адчуць сябе палітыкам, які разважае і ўплывае на лёс планеты Зямля, а не пачуць пытанне пра «нейкіх» палітвязняў. Калі Стыў Розенберг усё ж запытаў пра палітвязняў, Лукашэнка адказаў у традыцыйным стылі: у нашым Крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў, значыць, палітвязняў няма, таму і не можа сказаць пра іх нічога. Склалася ўражанне, што гэтае пытанне абразіла яго: маўляў, я такі вялікі і значны, сусветны лідар, разважаю, як і калі скончыцца вайна, што стане з «Вагнерам», мне тут прымаць рашэнне наконт ядзернай зброі, а вы ў мяне пытаецеся пра «нейкую» флейтыстку Калеснікаву. Прыкладна так усё прагучала.
— Гэтую прэс-канферэнцыю ўмоўна можна назваць «самаабвяржэннем»: калі раней пытанне пра далейшы лёс «вагнераўцаў» выглядала вырашаным, то цяпер стала вядома, што на гэтую тэму яшчэ і не пачыналі гаварыць; то ён кажа, што ядзерная зброя ўжо ў Беларусі (даставілі так, што аніводная выведка свету не заўважыла), то абяцае да канца года завезці ядзерную зброю ў Беларусь. Як патлумачыць такую блытаніну?
— Гэта тыповая стратэгія напарстачніка: кручу-вярчу, заблытаць хачу. У гэтую гульню ён і гуляе: робіць супярэчлівыя выказванні, зусім розныя, ён ведае, што ніхто яго папраўляць не будзе, і карыстаецца гэтым. Было некалькі момантаў, калі амерыканскія журналісты, відаць, тыя, якія не валодаюць рускай мовай (задавалі пытанні па-англійску), пасля перакладу адказаў відавочна не разумелі, што ён хацеў сказаць. Журналісты перапытвалі Лукашэнку, але адказу ўсё адно не атрымлівалі. Відавочна, яго мэтай было нагаварыць як мага больш, ён не клапаціўся пра нейкую логіку, хатнія нарыхтоўкі, можа, і былі, але відавочна ён не рыхтаваўся да прэс-канферэнцыі. Яму падабалася сама сітуацыя: сусветная прэса каля яго, а ён гаворыць што хоча.
Логіка паводзінаў простая: я гавару розныя рэчы, а вы як хочаце, так і разумейце мяне, галоўнае, каб вы зразумелі, што сітуацыя складаная і незразумелая. Ён хацеў, каб яны нерваваліся, хацеў падняць градус няпэўнасці. І такімі сваімі выказваннямі ў яго гэта атрымалася зрабіць. З аднаго боку, «Вагнера» нібыта няма, з другога — яны нам спатрэбяцца і будуць у нас працаваць, а з трэцяга — нам патрэбны «вагнераўскія» інструктары, але наша армія не горшая за «вагнераўцаў». Гэтыя супярэчлівыя выказванні рабіліся адмыслова: заблытаць і перад самітам прымусіць заходні бок яшчэ больш панервавацца.
— А можа, гэта проста старэчае?
— Можа і такое быць. Я б таксама не выключаў, што чалавек проста выходзіць і гаворыць пра ўсё тое, што яго цікавіць. Дарэчы, і прыклады такія ёсць: так працаваў у свой час Фідэль Кастра. Ягоная стратэгія — доўгія, эмацыйныя, супярэчлівыя прамовы. Нешта такое, мабыць, робіць і Лукашэнка.
— Давялося чуць меркаванне, што Лукашэнка даў «задні ход» уласнай трактоўцы падзей, таму што ў Крамлі націснулі на яго. Маўляў, выдумляй, ды меру знай.
— Не думаю, што нехта ціснуў на яго. Магчыма, гэта проста адлюстраванне рэчаіснасці. «Вагнераўскае» пытанне не закрыта: Прыгожын знаходзіцца ў Расіі; як ён сябе паводзіць, як вырашае свае пытанні, сведчыць пра тое, што модус суіснавання «Вагнера» ў Беларусі пакуль не высветлены. Рашэнне расійскага кіраўніцтва, рашэнне Прыгожына, Лукашэнкава рашэнне: магчыма, існавалі нейкія дамоўленасці, але падчас гульні правілы пераглядзелі. Я не думаю, што Лукашэнку нехта прымушаў такім чынам выбачацца, тым больш што на разнастайныя пытанні, якія яму задаваліся, ён адказваў вядомымі фразамі. Напрыклад, хто выйграў ад сітуацыі? Ніхто не выйграў, няма герояў — усё гэта мы ўжо чулі. Хутчэй, яны самі не ведаюць, да чаго дамовяцца — каго, дзе і як будуць выкарыстоўваць.
— Брытанская журналістка запыталася ў Лукашэнкі: ці не шкадуе ён часткі аддадзенага суверэнітэту за магчымасць захаваць уладу. Як вам яго рэакцыя?
— Для Лукашэнкі гэта вельмі непрыемнае пытанне. Замежныя журналісты пытаюцца пра тое, чаго Лукашэнка не любіць. Прэс-канферэнцыі з заходнімі журналістамі для Лукашэнкі — заўсёды выклік, бо яны задаюць такія пытанні і ў такой фармулёўцы, якія яму не падабаюцца, яны не падыгрываюць, як тое робяць расіяне ці арабскія журналісты. Лукашэнка праецыруе сваю практыку адносінаў з беларускімі дзяржаўнымі журналістамі на замежных журналістаў, ён бачыць у іх нейкіх дзяржаўных службоўцаў, якія павінны перадаць інфармацыю сваім урадам.
А канкрэтна гэтае пытанне, канешне, непрыемнае: ён адчувае сваю залежнасць. Але ж ён сам уласнай рыторыкай пацвярджае сваю васальную залежнасць: «старэйшы брат» і гэтак далей. Таму і рэакцыя на пытанне пайшла жорсткая і нахабная: зачапілі яго за жывое.