Лукашэнка журналісту ВВС: У Беларусі палітвязняў няма
Стыў Розенберг, рэдактар ВВС, трапіў на размову беларускага кіраўніка з журналістамі, якая адбылася ў мінскім Палацы Незалежнасці 6 ліпеня.
Стыў Розенберг здолеў спытаць у беларускага кіраўніка пра ядзерную зброю ў Беларусі і пра палітвязняў. Вось што журналіст распавёў пра гэту дзіўную размову Лукашэнкі з журналістамі, якая доўжылася чатыры гадзіны.
У мінулыя выхадныя расійскае дзяржаўнае тэлебачанне заявіла, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін выйшаў з гэтых драматычных падзеяў героем.
«Думаю, што героем з той сітуацыі ніхто не выйшаў, — кажа мне спадар Лукашэнка.
«Не Прыгожын, не Пуцін, не Лукашэнка. Герояў не было. І ўрок з гэтага? Калі мы ствараем такія ўзброеныя фармаванні, то трэба сачыць за імі і звяртаць на іх сур'ёзную ўвагу».
«Размова» пераходзіць да ядзернай зброі. У прыватнасці, ядзерныя боегалоўкі Расія заявіла, што перамяшчае ў Беларусь.
Пасля спрэчных выбараў 2020 года Аляксандр Лукашэнка стаў усё больш залежаць ад Уладзімера Пуціна.
«Не дай Бог мне калі-небудзь прыняць рашэнне пра яе выкарыстанне», — заявіў нядаўна спадар Лукашэнка і дадаў: «Але я без ваганняў яе скарыстаю».
Я нагадваю яму гэтыя каментары.
«Тое ж самае мог бы сказаць і Джо Байдэн, і прэм’ер-міністр Сунак», — адказвае спадар Лукашэнка. »І мой сябар Сі Цзіньпін і мой старэйшы брат прэзідэнт Пуцін».
«Але гэта не ваша зброя, пра якую мы гаворым», — зазначаю я. «Яна расійская, не вашае рашэнне будзе, ці яе ўжываць».
«Ва Украіне цэлая армія ваюе замежнай зброяй, ці не так», — парыруе беларускі лідар. «Натаўская зброя. Бо скончылася свая. Дык чаму я не магу ваяваць чужой зброяй?»
Але мы гаворым пра ядзерную зброю, а не пра пісталеты, адказваю я.
«Ядзерная, так. Гэта таксама зброя. Тактычная ядзерная зброя».
Як вы, напэўна, можаце здагадацца з яго ядзерных каментараў, Аляксандр Лукашэнка — фігура супярэчлівая.
ЗША, ЕС і Вялікабрытанія не прызнаюць яго легітымным прэзідэнтам Беларусі. У 2020 годзе беларусы выйшлі на вуліцы, каб абвінаваціць яго ў фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у краіне. Пратэсты былі жорстка падаўленыя.
Згадваю справу зняволенай апазіцыянеркі Марыі Калеснікавай.
«На працягу некалькіх месяцаў яе сваякоў і адвакатаў не пускалі да яе ў турму. Чаму?» — пытаюся.
«Я нічога пра гэта не ведаю», — сцвярджае ён.
«Апошні раз, калі я браў у вас інтэрв’ю ўвосень 2021 года, у Беларусі было 873 палітвязні, — нагадваю Лукашэнку. — Цяпер іх 1500».
«У нашым крымінальным кодэксе няма артыкула за палітычныя злачынствы», — адказвае ён.
Адсутнасць артыкула аб палітычных злачынствах не азначае адсутнасці палітвязняў, зазначыў я.
«Зняволеныя не могуць быць палітвязнямі, калі няма артыкула», — настойвае ён: »Як яны могуць быць палітвязнямі?»