Слухаць Лукашэнку — адно задавальненне. А не слухаць яго — зусім іншае
Чаму ў Беларусі ад 2017 года не здолелі наладзіць выпуск электракараў, як таго патрабаваў Лукашэнка? І чаму ніхто не згадвае пра праект «айчыннага легкавіка»? Ды таму, што ў Сінявокай ужо вынайшлі тэлепорт. Менавіта гэта вынікае са словаў таго ж Лукашэнкі. А вы што, яму не верыце?
Слухаць Лукашэнку — адно задавальненне. А не слухаць яго — задавальненне зусім іншае. Напрыканцы тыдня першае задавальненне выпала «беларускім і замежным журналістам», з якімі беларускі правадыр вырашыў паразмаўляць.
Праўда, невядома, адкуль у Беларусі ўзяліся «замежныя журналісты», бо акурат напярэдадні на Нацыянальным прававым партале быў апублікваны новы закон аб СМІ. Згодна з ім айчыннае Мінінфармацыі атрымала права забараняць дзейнасць у Беларусі замежных СМІ. Прычым, не толькі дзейнасць замежных СМІ, але і «распаўсюд прадукцыі, інфармацыйных паведамленняў або матэрыялаў гэтага СМІ, у тым ліку праз іншыя СМІ і інтэрнэт».
І забарона гэтая тычыцца не проста СМІ, а нават СМІ тых краін, якія ў сябе забаранілі беларускія СМІ. Журналісты будуць пазбаўленыя акрэдытацыі, будзе забаронена адкрываць карэспандэнцкія пункты і філіялы, будзе абмяжоўвацца доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, сеткавых выданняў, навінавых агрэгатараў.
Адзінае, чаго не сказана ў гэтым законе, — як тэхнічна ён будзе ажыццяўляцца. Напэўна, Мінінфарм будзе выпісваць якой-небудзь «Нью-Ёрк Таймс» прадпісанне не распаўсюджваць свае «інфармацыйныя паведамленні праз іншыя СМІ і інтэрнэт». Бо нейкага іншага інструменту для таго, каб тая «Нью-Ёрк Таймс» выконвала беларускія правілы нераспаўсюду інфармацыі, я не бачу.
Апроч, канешне, поўнага адключэння ад Інтэрнэту Сінявокай. Але калі яго адключыць, то паляжа ўся беларуская гаспадарка. Мы ўжо гэта праходзілі ў 2020-м — тады трохдзённы «блэкаўт» прынес краіне страты больш за 56 мільёнаў долараў. І рэзка павысіў камп’ютарную пісьменнасць насельніцтва, якое зразумела, як карыстацца VPN і проксі-серверамі.
Але ж мы пра шчасце. Праўда, на жаль, шчасце людзей, якім выпала паслухаць Лукашэнку, было, імаверна, няпоўным, бо гэта былі «старыя казкі пра галоўнае». Нічога звышпрарыўнога Лукашэнка не сказаў, амаль усё было вядома і без яго.
Напрыклад, што ані Яўгена Прыгожына, ані «вагнераўцаў» цяпер на тэрыторыі Беларусі няма, але кіраўнік Беларусі не бачыць праблем з іх размяшчэннем у краіне. Галоўная ўмова размяшчэння — іх выкарыстанне для «абароны дзяржавы». Прычым, Лукашэнка сказаў не «для абароны краіны», альбо «для абароны Беларусі», а менавіта «дзяржавы». Пры гэтым, канешне, не ўдакладніўшы нават, якой дзяржавы.
Праўда, кіраўнік NATO кажа, што «вагнераўцы» ў Беларусі ўжо ёсць, хоць іх і «адзінкі», а тэлеграм-канал, які спецыялізуецца на адсочванні ваеннай актыўнасці ў Беларусі, налічыў 200 інструктараў па стральбе з гэтай ПВК, якія ўжо працуюць на тэрыторыі ваеннага палігона «Лосвіда» (Віцебскі раён Віцебскай вобласці). Але ж каму верыць, як не Лукашэнку?
А наконт таго, каго будзе абараняць «Вагнер», Лукашэнка яшчэ параіцца з Уладзімірам Пуціным: «Думаю, абмяркуем і гэтую праблему, паколькі мы апынуліся ўцягнутыя ў яе вырашэнне, і пытанні далейшага функцыянавання ПВК “Вагнер”. Думаю, гэта самая простая праблема, якая будзе вырашана і вырашаецца».
Вырашаць ёсць чаго, паколькі, па прызнанні Пуціна, утрыманне «Вагнера» каштавала яму блізу мільярда долараў на год. У Беларусі, зразумела, такіх грошай няма. А значыць, Лукашэнка зноў можа завесці размову пра чарговы расійскі крэдыт.
Ці не крэдыт. А іначай ён можа адправіць «вагнераўцаў» назад, на Маскву. І з Беларусі гэта будзе зрабіць ужо прасцей.
Лукашэнка зноў злёгку пабразгаў ядзернай зброяй, заявіўшы, што яна ўжо ў Беларусі. «Пэўная колькасць ядзерных боегаловак перамешчана на тэрыторыю Беларусі… Забойны факт вам прывяду: па зямлі мы ядзерныя боегалоўкі не перамяшчалі, нікому не перашкаджалі. Перамясцілі так, што ні вы, ні ў Штатах, ні Мі-6, ні ў Германіі — нідзе гэтага не заўважылі. Такая была задума», — сказаў ён.
Па-першае, варта адзначыць, што ўжо вядома, якім чынам ядзерная зброя прыедзе ў Беларусь. Па-другое, апошнімі тыднямі ніякіх суперцяжкіх расійскіх «бартоў» у небе Беларусі заўважана не было. Да нас прыляталі дэсантныя транспартнікі АН-24 і АН-72, якія тэарэтычна маглі б прывезці ў Мачулішчы што-небудзь «эдакае», але толькі калі напляваць на тэхніку бяспекі пры перавозцы ядзернай зброі. Быў яшчэ АН-124, але ён прылятаў з Уганды, дзе загрузіўся паламанымі расійскімі самалётамі Су-30.
І да нас не прылятала ніякіх самалётаў, якія б маглі несці ядзерную зброю «на борце». Так што зняць яе было не з чаго.
Паколькі ядзерную зброю мы атрымалі «не па зямлі», а па паветры яе было даставіць праблематычна, застаецца толькі адно тлумачэнне: у Беларусі вынайшлі тэлепорт. Мы ж верым Лукашэнку, што ядзерная зброя ўжо ў Беларусі, праўда?
Прыкладна так, як мы верым яго заявам, што з тэрыторыі Беларусі на Украіну ніхто нападаць не будзе. «Мы ніколі ні на каго не нападалі. Я ўжо пра гэта заяўляў не адзін раз. І нападаць не збіраемся. І з нашай тэрыторыі ніхто ні на каго нападаць не будзе», — сказаў Лукашэнка.
Пра тое казалі нават беларускія генералы сваім украінскім калегам напярэдадні 24 лютага 2022 года.
Але самае цікавае і найбольш балючае для Лукашэнкі, гэта, канешне, пытанне суверэнітэту. Варта было закрануць гэтае пытанне, то прысутныя атрымалі ўпэўнены адказ: «Я мог бы ў вас спытаць, а які суверэнітэт я камусьці аддаў? Каму я аддаў частку суверэнітэту, каб застацца ва ўладзе?.. Ніякага суверэнітэту мы нікому не аддавалі. Суверэнітэт —гэта ўлада ў межах пэўнай дзяржавы. Хто, акрамя нашых уладных структур і ў тым ліку прэзідэнта Беларусі, тут ажыццяўляе ўладу?».
А потым дадаў, што яшчэ «не раіўся з Пуціным» наконт сваёй наступнай кадэнцыі, а на саміт ААН па ўстойлівым развіцці ён паедзе па ўзгадненні з тым жа Уладзімірам Пуціным. «Параімся са старэйшым братам. Калі ён не паедзе, ну, чаго мне без яго туды ехаць?» — задаўся пытаннем беларускі кіраўнік.
І праўда, якая можа быць здача суверэнітэту? Чаго б кіраўніку незалежнай дзяржавы не адмовіцца ад паездкі на саміт ААН, калі гэта параіць кіраўнік суседняй дзяржавы? І не, гэта не здача суверэнітэту, вы не падумайце, проста, напэўна ў Беларусі не існуе нейкіх асобных ад Расіі мэтаў устойлівага развіцця. Так?
Варта зазначыць, што беларусы ўжо звыклыя да такіх прамоў кіраўніка. І таму, чакаючы падобнага крыху раней, праігнорылі святкаванне 3 ліпеня. А вось тыя «беларускія і замежныя журналісты», якія слухалі Лукашэнку, напэўна, былі расчараваныя. Бо ён, насуперак звычаю, не даў глебы нават для мемаў. Хоць ягоныя прамовы апошнім часам крыніцай мемаў і былі.