Ваенны эксперт: Не выключана, што мы яшчэ ўбачым «Вагнер» на Смаленскай дарозе ў бок Масквы

Палкоўнік Узброеных сіл Украіны ў адстаўцы Раман Світан аналізуе паход «Вагнера» на Маскву з тактычнага пункту погляду і кажа, што найміты ПВК спыніліся зусім не на просьбу Лукашэнкі. І не выключае, што мы яшчэ пабачым «другую частку Марлезонскага балета». Ці «Лебядзінага возера»?

ПВК «Вагнер» у Растове. Фота з businessinsider.com

ПВК «Вагнер» у Растове. Фота з businessinsider.com

— Тое, што Прыгожын са сваімі войскамі рухаўся на Маскву з поўдня, было немагчымым рухам: Масква з поўдня перакрыта Акой, ім бы не далі фарсіраваць раку. З поўдня ён бы дакладна не падышоў, — кажа ваенны эксперт, палкоўнік Узброеных сіл Украіны ў адстаўцы Раман Світан у эфіры «Звычайнага ранку». — Але падысці да Масквы можна з Захаду, з Беларусі, са Смаленска і з Бранска.

Таму гэта яшчэ вялікае пытанне, чым будзе займацца Прыгожын у Беларусі, ведаючы, што самы аптымальны варыянт руху на Маскву менавіта адтуль. Я не выключаю, што можа быць яшчэ спроба «Прыгожын-2» або «Вагнер-2».

Пры гэтым Світан абвяргае меркаванне некаторых экспертаў пра тое, што ПВК «Вагнер» можа выкарыстоўваць Беларусь для руху ва Украіну.

— На Кіеў у іх пайсці дакладна не атрымаецца. Гэта па расійскіх трасах без супраціву яны праехалі 800 кіламетраў за дзень. Ва Украіне яны ад Папаснай да Бахмута ішлі год — а гэта 30 кіламетраў!

30 кіламетраў у год — вось хуткасць прасоўвання ПВК «Вагнер» праз тэрыторыі, якія абараняюцца. Ад мяжы Беларусі да Кіева адлегласць 150 кіламетраў. Яны будуць ісці пяць гадоў?

Таму ніякай праблемы з боку Беларусі для Украіны пасля ўвядзення ваеннага становішча і разгорнутай сістэмы абароны ўздоўж мяжы няма. Гэту сістэму абароны прабіць проста немагчыма.

Адказваючы на пытанне пра бліжэйшую перспектыву, украінскі вайсковы эксперт паўтарае свой прагноз:

— Як будуць развівацца падзеі, невядома, але бачна тое, што ПВК «Вагнер» ужо цяпер рэальна базіруецца ў кірунку на Маскву па Смаленскай дарозе. Можа, яны паглядзелі, як Напалеону Банапарту ўдалося ўвайсці ў Маскву?

Чаму ПВК сарвалася і пагнала на Маскву? Значыць, у іх была такая ўнутраная патрэба. Тое, што іх Прыгожын павёў, гэта адно, але ж яны і самі былі гатовыя. І гэта ўнутраная патрэба засталася.

Што Пуцін ім сказаў (пасядзіце ў Беларусі, паешце бульбы) — гэта зусім не тое, чаго яны хацелі. Думаю, яны цяпер перажывуць неяк гэтую сваю ганьбу, але ўнутры ў іх застаецца сціснутая спружына, і калісьці яна выпрастаецца.

Не выключана, што мы ўбачым іх яшчэ на Смаленскай дарозе ў бок Масквы.

Глядзіце таксама