Вагнер у Беларусі. Лукашэнка міжволі прыклаў руку да ганьбы Пуціна
Мала хто мог сабе ўявіць, што адным з прайграўшых бакоў у супрацьстаяньні Прыгожына і Шайгу (ці ўжо Прыгожына і Пуціна) раптоўна можа стаць Беларусь. Інфармацыя наконт таго, у якім канкрэтна геаграфічным пункце апынецца ў блізкай будучыні войска вагнэраўцаў, пакуль што супярэчлівая, адзначае ў калонцы на «Свабодзе» публіцыст Алесь Чайчыц.
Аднак тое, што, паводле самога Прыгожына, «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі», пакідае ўсё меней сумневу ў тым, што ў Беларусь верхавод «Вагнера» прыбудзе далёка не ў адзіноце. Гэта ж у вечаровым выступе 26 чэрвеня пацьвердзіў і Пуцін, які сказаў, што тыя з вагнэраўцаў, якія пажадаюць, змогуць «паехаць у Беларусь».
Цалкам можа здарыцца так, што на беларускай тэрыторыі
зьявяцца (побач з уласна беларускім войскам зь ягоным спрэчным узроўнем
падрыхтоўкі і маральнага духу), яшчэ і некалькі тысячаў баевікоў-вагнэраўцаў —
загартаваных крымінальнікаў без маральных бар’ераў і зь вялікім баявым
досьведам. Гэта зробіць збройнае вызваленьне Беларусі (а цяпер ужо мала хто
сумняецца, што вызваленьне можа быць толькі збройным) значна больш складаным.
І гэта ж падвышае рызыку таго, што Лукашэнка сам можа быць
зрынуты гэтай ніяк не падкантрольнай яму сілай — ці паводле загаду з Масквы, ці
з уласнай волі Прыгожына.
Беларусь, сапраўды, можа быць патрэбная Прыгожыну як новая
перавалачная база і як штаб для вядзеньня апэрацый у Афрыцы, у чым заключаецца
галоўны бізнэс ягонай ПВК. Бо Расея для яго цяпер — небясьпечная тэрыторыя.
Паўтара дні ганьбы
Пуцін ня раз паказваў сябе як баязьлівы і злапамятны чалавек. І гэтыя паўтара дні ганьбы ён наўрад ці даруе Прыгожыну. Вакол падзеяў мінулых пятніцы і суботы па-ранейшаму шмат невядомага, але з упэўненасьцю можна сказаць, што гэта не было пастаноўкай: на апублікаваным у суботу раніцай відэа Пуцін выглядаў рэальна напалоханым і разгубленым. Панічная рэакцыя фэдэральных і рэгіянальных расейскіх уладаў таксама выглядала непадробнай. Расейская эліта пачала імкліва ўцякаць з Масквы, дый сам Пуцін увесь гэты час знаходзіўся недзе ў невядомым месцы ў адным са сваіх сакрэтных бункераў.
Адзіным адназначным вынікам усяго гэтага здарэньня стаўся
моцны ўдар па пуцінскай рэпутацыі,— магчыма, самы сур’ёзны крызіс ягонай улады
за амаль чвэрць стагодзьдзя. «Кароль голы», «Акела прамахнуўся», «апушчаны»
важак больш не важак" — цяперашняя Расея жыве не паводле напісаных
законаў, а паводле прымітыўных правілаў крымінальнай супольнасьці.
Цяпер пытаньне, ці (або калі) знойдзецца нехта, хто захоча і
зможа пайсьці па сьлядах Прыгожына, але, адрозна ад яго, давесьці справу да
канца.
Пуціна і
ягоны рэжым не чакае нічога добрага, але перад гэтым Пуцін будзе спрабаваць
адпомсьціць — забясьпечыць пакутлівы канец Прыгожыну — так, як ён гэта ўмее, з
«навічком» і агентамі «пятровымі-башыравымі».
Цалкам магчыма, што з боку Прыгожына ўвесь паход меў на мэце выхад з гульні: як выглядае, Міністэрства абароны на чале з Шайгу вяло справу да юрыдычнага падпарадкаваньня «вагнэраўцаў» сабе, і Пуцін гэта падтрымліваў. Цяпер Прыгожын зьнікае, не да канца страціўшы твар і, магчыма, атрымаўшы якіясьці матар’яльныя выгоды. Хоць адначасова і дасягнуўшы палітычнага эфэкту, якога ён сам мог не чакаць. Нельга нават выключаць, што мы больш увогуле ніколі яго не пабачым, а сам ён зараз, больш як праз два дні пасьля заканчэньня «рокашу», знаходзіцца ў якім заўгодна пункце сьвету пад якімі заўгодна дакумэнтамі.
Небясьпечныя госьці
Калі ж пацьвердзіцца інфармацыя пра тое, што недзе пад Асіповічамі, сапраўды, пачалі будаваць лягеры для васьмі тысячаў вагнэраўцаў, то можна будзе зрабіць выснову, што Лукашэнка замест таго, каб трымацца ад унутрырасейскіх разборак як мага далей, сам паставіў Беларусь перад яшчэ большай пагрозай дэстабілізацыі.
У такім разе можна ўявіць сабе што заўгодна. І атаку
вагнэраўцаў зь Беларусі на Ўкраіну. І новы паход на Маскву з захаду (у параўнаньні
з Растовам-на-Доне, гэта бліжэй і няма прыродных бар’ераў на шляху). І спробу
ліквідацыі Прыгожына пуцінскімі або лукашэнкаўскімі спэцслужбамі ў Беларусі.
І ў тым ліку спробу ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі сіламі
Прыгожына з усталяваньнем цяпер ужо паўнавартаснага расейскага акупацыйнага
рэжыму. Бо можна ўявіць сабе, што чыста псыхалягічна Пуцін паслугу Лукашэнкі
наўрад ці ацэніць: у вачах пуцінскай аўдыторыі беларускі дыктатар
прадэманстраваў сілу ў момант, калі сам Пуцін выявіў слабасьць. Такім чынам, Лукашэнка
міжволі прыклаў руку да ганьбы Пуціна. А такое ў Крамлі не даруюць.