Падпісаны закон, які дазваляе забараняць замежныя СМІ ў Беларусі з-за «недружалюбных дзеянняў»

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які дазваляе ўладам Беларусі забараняць дзейнасць замежных СМІ ў выпадку, калі замежныя дзяржавы зробяць «недружалюбныя дзеянні» ў дачыненні да беларускіх СМІ.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__1_logo.jpg


Савет міністраў, які распрацаваў законапраект, сцвярджае, што закон уводзіцца ў якасці «сіметрычных мер» на блакіроўкі доступу да беларускіх СМІ краінамі Захаду.

Як паведамляецца на сайце Лукашэнкі, закон «накіраваны на ўдасканаленне механізмаў абароны нацыянальных інтарэсаў у медыясферы, а таксама на пашырэнне інструментаў для рэагавання на недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі».

Таксама на афіцыйным сайце абвяшчаецца, што «законам прадугледжваецца магчымасць увядзення забароны на дзейнасць замежных СМІ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку праявы замежнымі дзяржавамі недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускіх СМІ».

Цяперашні закон пашырае пералік падстаў, якія дазваляюць ануляваць дзяржаўную рэгістрацыю СМІ і абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу. 

Прадугледжана таксама вызначэнне асаблівасцяў функцыянавання навінавых агрэгатараў і прававога статусу іх уладальнікаў.

У падпісаным беларускім кіраўніком дакуменце ўстанаўліваюцца патрабаванні да дзейнасці ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць прадукцыю тэлевізійных і (або) радыёвяшчальных СМІ.

  • Падчас абмеркавання новай рэдакцыі закона ў Палаце прадстаўнікоў у красавіку 2023 года дэпутаты казалі пра неабходнасць «абараняць нацыянальную інфармацыйную прастору Беларусі». «Вычышчаць з галавы нашага пакалення гэтае трызненне! – настойваў тады дэпутат Алег Гайдукевіч. – Лухта, якую нам забівалі ў канцы 80-х і пачатку 90-х. Яна дагэтуль у некаторых сядзіць. Вось гэтыя казкі: «свабода слова» – лухта гэта!», нагадвае Свабода;
  • У Закон аб СМІ, прыняты ў 2008 годзе, перыядычна дадавалі змены, апошні раз – у 2021-м. Навацыі тады пашырылі пералік інфармацыі, забароненай для распаўсюджання ў СМІ.

Паводле meduza.iopresident.gov.by, Свабода