Юрыст: Няма падстаў лічыць, што рэпрэсіі спыняцца, лепш быць падрыхтаванымі да горшага

Улада баіцца ўсіх праяў грамадзянскай салідарнасці і ўзаемападтрымкі. Цяпер нават усе праявы грамадскага, палітычнага, культурнага жыцця людзей аказаліся пад пагрозай прызнання экстрэмізмам. Пра гэта «Филину» распавяла праваабаронца.

marsz_adzinstva_6__14__logo_3.jpg

У чэрвені 2023-га беларусаў часцей пераследавалі за данаты. За адзін дзень месяца праваабаронцы прызналі палітзняволенымі адразу 12 чалавек, якія былі ўзяты пад варту за ахвяраванні ў падтрымку нефармальных супольнасцей і арганізацый.

Таксама адбыўся ўсплёск спраў, распачатых сілавікамі за «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання, экстрэмісцкай дзейнасці і тэрарыстычнай дзейнасці». За чэрвень адбылося не менш як 7 прысудаў такога кшталту.

Чым можна патлумачыць гэты ўсплёск, чаму ўлады прыраўноваюць праявы грамадзянскай салідарнасці і ўзаемападтрымкі да экстрэмізму і ці варта чакаць працягу тэндэнцыі — гэтыя пытанні «Филин» абмеркаваў з юрысткай праваабарончага цэнтра «В*сна».

З мэтай бяспекі экспертка пажадала захаваць ананімнасць. (Нагадаем, у Беларусі «В*сну» пазбавілі дзяржрэгістрацыі, уся інфармацыйная прадукцыя прызнана «экстрэмісцкай», а шасцёра «вясноўцаў», у тым ліку старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, знаходзяцца за кратамі).

— Складана адназначна сказаць, у чым дакладная прычына таго, што ранейшыя пагрозы крымінальным пераследам за данаты сталі рэчаіснасцю, бо, як заўсёды, у рэпрэсій няма логікі, якая мусіць быць у законных дзеяннях.

Прыходзіцца зноў казаць пра прававы дэфолт і чалавечы фактар. Магу толькі разважаць і меркаваць, што новая хваля рэпрэсій за данаты можа быць звязана або з помстай, або са справаздачнасцю, або нават з тым, што шмат людзей перасталі ісці на дамову з супрацоўнікамі і іх схема з шантажом перастала даваць свой плён, таму цяпер пераслед накіраваны на пакаранне і запалохванне. Або ў іх ёсць і іншыя трыгеры, якія я зараз не магу ўвязаць з іх дзеяннямі.

На жаль, весці гаворку пра нейкую зразумелую логіку і сістэмныя дзеянні не выпадае.

— Як наогул з пункту гледжання права расцэньваць тое, што робяць улады, абвяшчаючы «экстрэмізмам» грамадзянскую салідарнасць?

— Экстрэмізм — тэрмін, па якім нават міжнародная супольнасць не вызначылася, што і праяўляецца ў даволі шырокіх фармулёўках. Такой нявызначанасцю ў свой час скарысталіся і беларускія заканадаўцы пры прыняцці закона «Аб процідзеянні экстрэмізму», праігнараваўшы нормы мяккага права, то-бок тыя, якія даюць рэкамендацыі, як варта рэгуляваць гэту сферу.

Такім чынам, на сённяшні момант мы маем не крайнія праявы радыкальных ідэй. Салідарнасць і ўзаемападтрымка, на погляд рэжыму, гэта небяспечныя, шкодныя для яго дзеянні, якія ён намагаецца знішчыць.

Запалохванне людзей мы можам бачыць не толькі па рэпрэсіях за данаты, але і па кропкавых рэпрэсіях за лісты, сістэмных — за лайкі і каментары, як гэта было ў выпадку з гібеллю Андрэя Зельцэра. Але гэта ўжо іншае пытанне, вартае асобнай гутаркі.

— На вашу думку, ці варта чакаць, што тэндэнцыя пераследу за данаты працягнецца, а рэпрэсіўныя практыкі стануць яшчэ больш жорсткімі? Улады ж абяцалі, што будуць «вычышчаць» усіх…

— Так, лепш быць падрыхтаванымі да горшага. Скажу ад адваротнага: няма падстаў лічыць, што будзе нейкая палёгка або што гэтым рэпрэсіі абмяжуюцца. Таму мае рэкамендацыі: сачыць за лічбавай гігіенай, прачытаць кнігу Уладзіміра Альбрэхта, якая дае разуменне, як праходзяць допыты ў такой дзяржаве, як наша, і як не сказаць лішняга.

Калі ў вас ці вашых сяброў, блізкіх узнікае такая сітуацыя з данатамі, варта звярнуцца да гайда, распрацаванага праваабаронцамі «В*сны», і звярнуцца да нашых юрыстаў па кансультацыю праз Telegram ці электронную пошту (усе кантакты ёсць на сайце, які дасяжны з Беларусі праз VPN).