Расія праводзіць «мяккую анэксію» Беларусі — ПА АБСЕ

У дэкларацыі сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая прайшла ў Ванкуверы, адзначаецца «імперыялістычная і каланіяльная прырода» Расіі і кажацца, што яна праводзіць «мяккую анэксію» Беларусі. Таксама прыняты і шэраг рэзалюцый, дзе згадваецца Беларусь.

88695_0.jpg

Дэкларацыя ПА АБСЕ асуджае ўварванне Расіі ва Украіну і «ганебную ролю Беларусі як суагрэсара», і адзначае, што Беларусь «усё больш набліжаецца да статусу актыўнага боку вайны».

Дакумент асуджае выкраданне ўкраінскіх дзяцей і патрабуе прыцягнуць да адказнасці расійскіх чыноўнікаў, замяшаных у гэтым, а таксама «тых прадстаўнікоў беларускага рэжыму, якія таксама ўцягнутыя ў гэтыя практыкі».

«Рашуча асуджаецца падтрымка агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны Беларуссю, асабліва ў дачыненні да датычнасці беларускага рэжыму да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь, у тым ліку праз Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

ПА АБСЕ заклікае Беларусь не падтрымліваць вайну Расіі супраць Украіны і «не прадастаўляць сваю тэрыторыю і інфраструктуру для расійскага войска і ваенізаваных груповак, якія дзейнічаюць ад імя расійскай дзяржавы», а таксама забараніць выкраданне ўкраінскіх дзяцей праз тэрыторыю Беларусі і неадкладна вярнуць ва Украіну ўсіх украінскіх дзяцей, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі.

ПА АБСЕ асуджае беларускія ўлады за падтрымку і дазвол будаўніцтва ваеннай базы ў Беларусі для ПВК «Вагнер» і заклікае краіны АБСЕ прызнаць ПВК «Вагнер» і афіляваныя групы тэрарыстычнай арганізацыяй.

У рэзалюцыі аб падтрымцы дэмакратычнай Беларусі выказваецца заклапочанасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, асуджаецца «беспрэцэдэнтны маштаб і ўзрастаючая колькасць арыштаў і затрыманняў у адказ на мірныя пратэсты», адзначаецца адсутнасць незалежнай судовай сістэмы ў Беларусі.

ПА АБСЕ патрабуе ад Беларусі неадкладна спыніць рэпрэсіі ўнутры краіны, вызваліць усіх палітвязняў, не ўжываць катаванняў і іншых формаў жорсткага абыходжання, адмяніць смяротнае пакаранне.

Асобная рэзалюцыя прынятая па апаганьванні польскіх магіл у Беларусі.

ПА АБСЕ падкрэслівае неабходнасць абароны польскіх магіл у Беларусі ад далейшага вандалізму, заяўляе, што наўмыснае знішчэнне культурных аб'ектаў можа быць прыраўнавана да расавых, рэлігійнай ці культурнай нянавісці, просіць неадкладна спыніць апаганьванне магіл, аднавіць усе разбураныя аб'екты і правесці расследаванні.

ПА АБСЕ заклікае беларускія ўлады:

  • неадкладна і без умоваў вызваліць усіх палітвязняў,
  • гарантаваць належны медыцынскі нагляд за здароўем палітвязняў, дапусціць да іх незалежныя міжнародныя медыцынскія камісіі,
  • правесці незалежнае расследаванне смерці палітвязня Мікалая Клімовіча,
  • спыніць пакаранне сем'яў палітвязняў,
  • адмяніць прысуды ўсім, хто пераследуецца па палітычных матывах, у тым ліку Святлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку, Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Анджэю Пачобуту, Ігару Лосіку,
  • спыніць усе бягучыя і будучыя пастановачныя суды,
  • перагледзець прызначэнне смяротнага пакарання за «здраду дзяржаве»,
  • забяспечыць поўную адпаведнасць заканадаўства краіны міжнародным
  • абавязацельствах па правах,
  • перагледзець абмежаванні, якія тычацца масавых мерапрыемстваў і свабоды СМІ,
  • правесці перамовы з дэмакратычнай апазіцыяй аб свабодных выбарах,
  • дазволіць правядзенне сумленных і свабодных выбараў пад наглядам АБСЕ.

ПА АБСЕ заклікае парламенты краін АБСЕ:

  • больш сістэмна супрацоўнічаць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі,
  • прыцягваць парламенты і ўрады да тэхнічнай дапамогі дэмакратычнай апазіцыі,
  • падтрымліваць палітзняволеных праз НДА і дамагацца іх вызвалення,
  • заклікаць калег-парламентарыяў працаваць над універсальным перыядычным аглядам Беларусі ў Савеце ААН па правах чалавека,
  • падтрымліваць санкцыі ЕС супраць беларускага рэжыму,
  • падтрымліваць імкненне беларускага народа да захавання сваёй культурнай і моўнай ідэнтычнасці праз умацаванне патэнцыялу незалежнай беларускай інфармацыйнай, адукацыйнай і культурнай прасторы,
  • заклікаць парламенты і ўрады падтрымліваць незалежныя беларускія СМІ,
  • не дапускаць дыскрымінацыі беларускіх бежанцаў, падтрымліваць іх грамадзянскую самаарганізацыю і адукацыйную дзейнасць,
  • працягваць асуджаць рэжым Лукашэнкі за саўдзел у вайне Расіі супраць Украіны і вывучыць магчымасці прыцягнення яго да адказнасці.