МЗС Польшчы: У Беларусі знішчылі або апаганілі 13 польскіх пахаванняў і месцаў памяці

Паводле даных на 28 кастрычніка, у Беларусі па ініцыятыве ўладаў знішчаны або апаганены 13 месцаў памяці палякаў, у тым ліку ваенных пахаванняў, помнікаў і памятных знакаў. Пра гэта паведаміла намесніца дырэктара ўсходняга дэпартамента МЗС Польшчы Ганна Костшава-Мішталь, паведамляе агенцтва BPN.

surkonty_polskoe_kladbishche1.jpg

Як падкрэсліла Ганна Костшава-Мішталь, падобныя «крэатыўныя» дзеянні, якія былі б адчувальнымі ва ўзаемаадносінах любых дзяржаў і народаў, «нельга інтэрпрэтаваць інакш, чым накіраваныя супраць Польшчы».

Знішчэнне польскіх пахаванняў і памятных месцаў у Беларусі пачалося ў чэрвені. Не аб усіх выпадках інфармацыя з'яўляецца своечасова.

1 ліпеня МЗС Польшчы выказала сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з актамі апаганьвання месцаў польскай нацыянальнай памяці ў Беларусі. Як адзначылі ў Варшаве, вандалізм адбываецца галоўным чынам на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, «дзе знаходзіцца каля 550 месцаў спачыну польскіх воінаў, удзельнікаў народных паўстанняў, абаронцаў Гродна».

4 ліпеня стала вядома, што магілы польскіх жаўнераў Арміі Краёвай зраўнялі з зямлёй і ў вёсцы Мікулішкі (МЗС Беларусі заявіў, што пахаванняў палякаў там не было). 8 ліпеня было разбуранае пахаванне ля вёскі Качычы, у той жа дзень знеслі надмагілле жаўнераў АК у Ваўкавыску. 12 ліпеня жыхарка горада распавяла, што ў планах мясцовых уладаў быў знос і іншага мемарыяла.

25 жніўня ў вёсцы Сурконты Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці пры садзейнічанні мясцовых уладаў былі разбураныя могілкі салдат Арміі Краёвай.

13 верасня стала вядома аб знішчэнні месца пахавання чатырох салдат Арміі Краёвай, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны каля вёскі Плебанішкі Гродзенскага раёна. Там былі пахаваныя партызаны, якія загінулі ў баі з нямецкімі войскамі 24 верасня 1943 года. Крыж на месцы іх гібелі быў усталяваны ў 1990-я гады намаганнямі ўраджэнцаў вёскі.