«Гебельс часоў ваеннага становішча»

Ва ўзросце 89 гадоў 3 кастрычніка пайшоў з жыцця польскі журналіст Ежы (Іржы) Урбан. Падчас ваеннага становішча ён адказваў за дзяржаўную прапаганду і інфармацыйныя маніпуляцыі супраць праціўнікаў рэжыму.


Упершыню імя Ежы Урбана (дарэчы, ён паходзіць з сям'і журналістаў) стала вядома шырокай аўдыторыі ў часы Уладзіслава Гамулкі — камуністычнага кіраўніка Польшчы 1956-1970 гадоў. Урбан пісаў вострыя фельетоны для выданняў «Nowa Wieś» і «Po prostu», якія высмейвалі розныя аспекты польскага сацыялізму. І пісаў нядрэнна. Інакш у 1956-м выданне «Po prostu» не было б закрыта, а яму самому афіцыйна не забаранілі б публікавацца пад сваім імем.
Маладому журналісту давялося выкарыстоўваць псеўданімы, але ў 1963-м улады выявілі імя аўтара тых артыкулаў. На гэты раз яму ўвогуле забаранілі публікавацца праз «дзёрзкасць». Забарону знялі пасля таго, як пасаду пакінуў Уладзіслаў Гамулка. І тады кар'ера Іржы пайшла ўгару. Нягледзячы на ​​беспартыйнасць, ён даслужыўся да аднаго з кіраўнікоў рэдакцыі ўплывовага штотыднёвіка «Polityka».

telemmglpict000311545667_trans_nvbqzqnjv4bqqvzuuqpflyliwib6ntmjwfsvwez_ven7c6bhu2jjnt8.webp


І тут у яго біяграфіі здарыўся нечаканы паварот. Хоць Урбан меў ​​шматлікія асабістыя кантакты з дысідэнтамі і крытычна ставіўся да кіраўніцтва Польшчы, але ў 1980-м не падтрымаў рух «Салідарнасць». Больш за тое, пісаў крытычныя тэксты супраць яго лідараў.
Гэта было заўважана «наверсе», і ў жніўні 1981 года Урбан нечакана становіцца прэс-сакратаром урада генерала Войцэха Ярузэльскага. На гэтай пасадзе ён апроч іншага праславіўся як аўтар шматлікіх інфармацыйных маніпуляцый супраць апанентаў Ярузэльскага. Прыкладам такой практыкі з'яўляецца справа 18-гадовага варшаўскага школьніка Гжэгаша Пшэмыка (Grzegorz Przemyk).
Пшэмык быў арыштаваны міліцыяй 12 мая 1983 года на Замкавай плошчы ў Варшаве, калі ён разам з аднакласнікамі святкаваў атрыманне атэстата аб заканчэнні сярэдняй школы. Затрыманага даставілі ў бліжэйшае аддзяленне паліцыі, дзе моцна збілі. Пасля вяртання дадому хлопец стаў адчуваць вельмі моцныя болі ў вобласці жывата. Хуткая дапамога адвезла юнака ў бальніцу, дзе ён памёр у выніку цяжкіх траўмаў жывата.
Забойства Пшэмыка ўзрушыла палякаў. На яго пахаванне прыйшло 100 000 чалавек, што было першай буйной дэманстрацыяй супраць улады з моманту ўвядзення ваеннага становішча. Такім чынам справа Пшэмыка стала вялікай палітычнай праблемай для рэжыму. Вырашаць яе даручылі Урбану.
Урбан мабілізаваў урадавыя СМІ і запусціў дэзынфармацыйную кампанію, накіраваную на адцягненне ўвагі ад дзеянняў паліцыі. Віна за смерць Пшэмыка была цалкам ускладзена на медыкаў, якія прывезлі збітага юнака ў бальніцу. Неўзабаве супраць іх была ўзбуджана крымінальная справа. На судзе медыкі прызналі сябе вінаватымі, што было нядзіўна: падчас допытаў ім пагражалі смерцю сваякоў. У выніку медыкі атрымалі па 13 месяцаў турмы. З паліцыянтаў, адпаведна, былі зняты ўсе абвінавачванні.
За такія паслугі Урбана павысілі да чальца закрытай групы пры МУС, якая займалася аналітычнай дзейнасцю і распрацоўкай стратэгіі рэжыму Ярузэльскага. Пазней ён увайшоў у склад групы па падрыхтоўцы перамоў улады і апазіцыі ў рамках Круглага стала.
Акрамя ўсяго Круглы стол прыняў рашэнне аб амністыі для ўсіх, хто быў датычны да злачынстваў падчас ваеннага становішча. Гэта дазволіла Урбану застацца на волі пасля пачатку дэмакратычных рэформаў.
Неўзабаве ён канчаткова адышоў ад палітыкі, аднак застаўся заўважнай фігурай. Усё дзякуючы створанаму ім новаму праекту — сатырычнаму антыклерыкальнаму штотыднёвіку «NIE». Пазней Урбан таксама стаў зоркай сацыяльных сетак, куды выкладаў кароткія іранічныя ролікі са сваім удзелам.

jerzy_urban__grob__01.jpg


Менавіта як таленавітага сатырыка ўспамінаюць сёння нябожчыка палітыкі левага кірунку. «Яго (Урбана) насмешлівага погляду на сучасную рэчаіснасць Польшчы будзе вельмі не хапаць», — піша адзін з лідараў польскіх левых Роберт Бедрань.
Правыя палітыкі не могуць прабачыць Урбану мінулых грахоў, перш за ўсё прыналежнасць да дзяржаўнага апарата Польскай Народнай Рэспублікі. Часта ўспамінаюць адзнаку, якую яму даў адзін з дысідэнтаў напрыканцы 80-х: «Гебельс часу ваеннага становішча». «Камуніст-калабарацыяніст Ежы Урбан памёр. На жаль, на волі», — напісаў на смерць журналіста Януш Кавальскі, дэпутат ад «Салідарнасці Польшчы» і намеснік міністра сельскай гаспадаркі.
Цікава, што гэты падыход падтрымліваюць лібералы — заклятыя ворагі кансерватараў. «Ежы Урбан у Польшчы назаўжды застанецца сімвалам хлусні і цынізму ўлады. Нават цяперашняя дзейнасць кансерватыўнага ўрада не прыкрые яго злачынстваў», — напісаў дэпутат ад ліберальнай Грамадзянскай платформы і былы міністр унутраных спраў Барталамей Сянкевіч.
Нарэшце, будзе дарэчы працытаваць менш эмацыйныя і непалітызаваныя характарыстыкі. Адна з іх належыць Войцэху Шацкаму, кіраўніку палітычнага аддзела «Polityka Insight». «Было шмат цынікаў, якія аддавалі ўвесь свой вялікі талент і розум няправільнай справе. Ежы Урбан вылучаўся нават у гэтай кампаніі. Але да таго, як гэта адбылося, ён сам быў ахвярай цэнзуры і высмейваў партыйных бонзаў. Цікавая, але пры гэтым трагічная фігура», — напісаў Войцэх Шацкі.