З вамі гаворыць тэлевізар, альбо Чаму не трэба слухаць імперскую прапаганду

Вельмі цяжка давесці некаторым сваякам, што самая страшная зброя ўсіх часоў і народаў — тэлевізар. Сам ён не забівае, але выгадоўвае забойцаў і тых, хто ўхваляе забойствы.

brainwash_g7ac251562_1280.jpg


Прапаганда імперскіх амбіцый вядома яшчэ з часоў старажытных цывілізацый. Персы, якія нястомна захоплівалі новыя землі і часам сілком перасялялі народы, не заўжды карысталіся зброяй. Яны шчодра плацілі аратарам, каб тыя ў сваіх прамовах расхвальвалі квітнеючую Персію, яе законы і парадкі. Глядзіш — і некаторыя землеўладальнікі самі пажадалі далучыцца да вялікага Персідскага міру. Гісторыя сведчыць, што нават грэкі ў VІ ст. да нашай эры з гонарам насілі персідскае адзенне і ўпрыгожванні, замаўлялі персідскі посуд і стравы (не здзіўлюся, калі і мову вывучалі).
Персідскі цар Камбіз так моцна жадаў захапіць Егіпет, што прыдумаў і распаўсюдзіў легенду, быццам ён унук фараона і нашчадак Бога Ра. І ўвогуле егіпецкія землі неаддзельныя ад персідскіх. У захопленых краінах цар назначаў сатрапаў і размяшчаў вялікія войскі, надзяліўшы іх зямельнымі ўчасткамі. Каб у выпадку чаго хутка душыць паўстанні.


Такім чынам, прапаганда як з’ява існавала задоўга да ўзнікнення самога тэрміна.
Яе масавае выкарыстанне адносіцца да Першай сусветнай вайны. У той час для павышэння лаяльнасці і ўзняцця маральнага духу грамадзян рознымі краінамі актыўна прымяняліся такія сродкі, як малюнкі, улёткі, вершы, фотаздымкі, радыёперадачы.
Да 1914 года слова «прапаганда» ўваходзіла толькі ў слоўнікі па літаратуры і валодала годным, узнёслым значэннем. Праз два гады гэтае слова стала кепскім. У рэшце рэшт ім сталі называць адкрытую хлусню.
У другой палове XX ст. мільёны людзей лёгка верылі прапагандзе таталітарных рэжымаў. Кіраўніцтва СССР шырока выкарыстоўвала яе і падчас Халоднай вайны, і падчас вайны ў В'етнаме. Падчас югаслаўскіх войнаў 1990-х гадоў прапаганда выкарыстоўвалася для стварэння атмасферы страху і нянавісці, для настройвання сербскага насельніцтва супраць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей (баснійцаў, харватаў, албанцаў і іншых не сербаў).


Цяпер, у наш час, мы бачым не ўлёткі, а прапагандысцкія фільмы, ток-шоу, каментары і надакучлівыя навіны. У іх замоўчваюцца некаторыя факты, іншыя вырываюцца з кантэксту, распаўсюджваюцца пэўныя погляды і чуткі, скажоная інфармацыя і заведама ілжывыя звесткі з мэтай фарміравання патрэбнай грамадскай калектыўнай думкі і маніпулявання свядомасцю.
Прапаганда навязвае людзям тыя ці іншыя перакананні па прынцыпе «мэта апраўдвае сродкі». Распальваецца сацыяльная варожасць, адбываецца эскалацыя канфліктаў, абвастрэнне супярэчнасцей у грамадстве, абуджэнне нізкіх інстынктаў і інш. Гэта дазваляе раз’яднаць людзей, зрабіць іх паслухмянымі. А тэхналогія стварэння «вобраза ворага» дазваляе згуртаваць натоўп і навязаць яму пэўныя перакананні і стэрэатыпы, стварыўшы ілюзорную, паралельную рэальнасць з перавернутай сістэмай каштоўнасцей.


Асаблівасць расійскай прапаганды — заліванне вострых пытанняў патокамі хлусні. Яна аператыўная, бесперапынная, нелагічная і выкарыстоўвае прынцып шматразовага паўтарэння, з дапамогай якога інфармацыя ўкараняецца ў глыбіні падсвядомасці. Зрэшты, даследаванні ў галіне псіхалогіі пацвярджаюць паспяховасць такой мадэлі.
Расійская прапаганда не перастае распавядаць, як сілы РФ паспяхова «знішчаюць», «ліквідуюць» або бяруць у палон ворагаў — украінскіх «нацыяналістаў», «неанацыстаў» і «бандэраўцаў». У рэчаіснасці гаворка ідзе аб любых украінскіх вайскоўцах. У ходзе баявых дзеянняў загінулі тысячы мірных грамадзян, але пра гэта не згадваецца. Як і пра тое, што на баку РФ ваююць расійцы-неанацысты.


Вельмі цяжка давесці некаторым сваякам, што самая страшная зброя ўсіх часоў і народаў — тэлевізар. Сам ён не забівае, але выгадоўвае забойцаў і тых, хто ўхваляе забойствы. У выпадку адсутнасці альтэрнатыўных крыніц інфармацыі гэта зброя працуе выдатна. Хто валодае інфармацыйным полем — той валодае светам, бо сам стварае яго. Свядомасць тых, хто сядзіць перад тэлевізарам, створана ілжывымі СМІ.


Пра разнастайныя варыянты выкарыстання прапаганды пісаў у сваіх творах «Ферма» і «1984» Джордж Оруэл. Ці не таму ён цяпер забаронены, як і іншыя годныя пісьменнікі?
Дарэчы, пра кнігі. Самая лепшая абарона ад тэлевізара і прапаганды — гэта асвета і начытанасць, гэта культура, крытычнае мысленне і інтэлект. У такіх колах прагляд тэлевізара даўно стаў прыкметай благога тону. Сёння мала каго можна здзівіць словамі «Я не гляджу тэлевізар, у мяне яго няма».
Прапаганда, тэрор і хлусня не дапамаглі ні Персідскай, ні Рымскай, ні Асманскай, ні Мангольскай, ні Юаньскай, ні Брытанскай імперыі. Усе яны заканчваюць аднолькава — развальваюцца.
«Штодзень»