Ад 400 да 1900 рублёў. Колькі прапануюць за працу ў рупарах прапаганды?

У часы, калі незалежныя медыя амаль вынішчаныя рэжымам, афіцыйныя прапагандысты адчуваюць недахоп у кадрах. Мы зьвярнуліся да вакансіяў, якія прапануюць у структурах інфармацыйнай абслугі рэжыму.

vakansii.jpg

Галоўны рэдактар «Радио Минск»: 1900 руб. да выліку падаткаў

mensk_23.png

Гэтае знакамітае радыё ўваходзіць у холдынг «Агенство «Минск-Новости». Досьвед працы патрабуюць 3-6 гадоў.

З абавязкаў: Арганізацыя PR-мерапрыемстваў, скіраваных на прасоўваньне радыёстанцыі. Кантроль над вядзеньнем сайта, сацыяльных сетак, адказ на звароты слухачоў. Адміністрацыйнае і творчае кіраваньне калектывам радыёстанцыі, прадзюсаваньне буйных праэктаў. Стварэньне тэкстаў і рэжысура запісу аўдыёролікаў і ўпакоўкі праграмаў

З патрабаваньняў: Досьвед працы на радыё ад 5 гадоў (вышэй яны напісалі ад 3 — не да законаў лёгікі зараз), а яшчэ «веданьне музыкі» (што маецца на ўвазе — мы так і не зразумелі). 

Рэдактар у Акадэмію МУС: 800 руб. на рукі

mus_7.jpg

Акрамя таго, што кандыдат будзе штодзень знаходзіцца ў акружэньні амапаўцаў і будучых сьледчых, ад яго чакаюць наступнае (у самой вакансіі міліцыянты крычаць — кожнае слова ў іх напісанае капслокам):

ПРАЦА З АЎТАРАМІ, КААРДЫНАЦЫЯ ПРАЦЫ КАРЭКТАРА, ВЕРСТАЛЬНІКА. РЭДАГАВАНЬНЕ НАВУКОВЫХ І НАВУЧАЛЬНЫХ ВЫДАНЬНЯЎ.

З патрабаваньняў выбіраць не прыйшлося, ёсьць толькі адно: ВЫШЭЙШАЯ ПРАФЭСІЙНАЯ АДУКАЦЫЯ. 

Рэдактар у Белтэлерадыёкампаніі: ад 1000 да 1300 руб. на рукі

bt_5.png

Досьвед працы патрабуюць 1-3 гады. Адпаведна вы альбо пачалі працаваць у зомбі-скрыні год таму і шукаеце новае «прэстыжнае» месца, альбо працавалі там яшчэ да 2020, і зноў жадаеце ўляпацца. Варыянтаў не шмат.

З абавязкаў: Рыхтаваць сюжэты, рэпартажы, браць інтэрвію, падрыхтоўваць перадачы на Беларускім радыё.

З патрабаваньняў: Вышэйшая адукацыя, перавага — факультэт журналістыкі, досьвед працы вітаецца (а як жа 1-3?). Валоданьне беларускай мовай (невалоданьне ёю пры патрабаваньні вышэйшай адукацыі — таксама выклікае пытаньні).

Таксама трэба валодаць «уменьньнем працаваць ва ўмовах шматзадачнасьці». 

Карэспандэнт партала Minsknews: 1300 руб. на рукі

mensknews.jpg

Гэты партал ня вывядзе вас у лепшы сьвет, толькі ў сваё агенцтва «Минск-Новости».

Досьвед працы патрабуюць 1-3 гады.

З абавязкаў: Падрыхтоўка матэрыялаў рэпарцёрскага характару на інтэрнэт-партал і ў друкаваныя выданьні. Самастойны пошук тэмаў. Пажаданыя навыкі па фотаздымцы (тады чаму гэта ў абавязках?).

З патрабаваньняў: Жаданьне да самаўдасканаленьня (мы не жартуем — там сапраўды патрабуюць жадаць самаўдасканальвацца). Уменьне арыентавацца ў грамадзка-палітычнай сітуацыі Менска і краіны (рызыкуюць-рызыкуюць). Уменьне працаваць ва ўмовах мультымедыйнасьці медыя (гэтае медыя вельмі любіць слова «медыя»). 

Карэспандэнт/аглядальнік/вэб-журналіст у выдавецкі дом Праф-прэс. Ад 1300 да 1600 руб. на рукі

bcz.jpg

Выдавецкі дом вядомы найбольш па штотыднёвіку «Беларускі Час».

Досьвед працы патрабуюць 3-6 гадоў.

З абавязкаў: Пошук альтэрнатыўных крыніц інфармацыі (за такое людзей сотнямі кідаюць за краты, вы што). Аператыўны запыт камэнтароў ад ньюс-мэйкераў. Рэрайт з кампіляцыяй.

З патрабаваньняў: «Галоўнае патрабаваньне — гэта прафэсіяналізм. Уменьне арыентавацца ў патоку навінаў».

Ва ўмовах працы гэты працадаўца, які забыў, што за акном 2022, піша: «Стабільны заробак на пластыкавую картку».

 

Гукарэжысэр у АНТ: 950 руб. на рукі

ant_2.png

Досьвед працы патрабуюць 1-3 гады.

З абавязкаў: Запіс гуку, праца за пультам на жывых этэрах, мантаж гуку, падбор музычнага афармленьня.

З патрабаваньняў: Досьвед працы з прафэсійным гукавым абсталяваньнем.

Гучыць суха, але і як прызнаюцца ў АНТ — з гукам там не ўсё добра. Пра гэта і наступная вакансія.

 

Гукааператар у АНТ: 900 руб. да выліку падаткаў

Досьвед працы патрабуюць 1-3 гады.

З абавязкаў: Наладка і падключэньне гукавога абсталяваньня, запіс гуку.

З патрабаваньняў: Досьвед працы з прафэсійным гукавым абсталяваньнем.

 

У наступным выпадку вакансіі ідэнтычныя, зьмяняецца толькі населены пункт, у якім давядзецца працаваць:

Культарганізатар у Цэнтр культуры Калодзішчаў, Самахвалавічаў, Чурыловічаў, Пятрышак. Ад 500 да 550 руб. на рукі.

Досьвед працы патрабуюць 1-3 гады.

У раздзеле «умовы працы» ўсе чатары аграгарадкі запэўніваюць, што кандыдата чакае «неверагодна сяброўскі калектыў». 

З абавязкаў: Арганізацыя і правядзеньне мерапрыемстваў, дапамога загадчыку (не пазначаецца якая).

З патрабаваньняў: Творчы падыход да працы.

 

Рэдактар сайта (кантэнт-рэдактар) у БелТА: да 900 руб. да выліку падаткаў

belta_2.jpg

Досьвед працы не патрабуюць.

З абавязкаў: Маніторынг інфармрэсурсаў, праца з крыніцамі. Разьмяшчэньне навінавай інфармацыі на сайце, праца ў сацсетках.

З патрабаваньняў: Уменьне прытрымлівацца інструкцый і тэрмінаў. Упэўнены карыстальнік ПК.

 

Карэктар у Музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 400 руб. на рукі

muzej_5.jpg

Досьвед працы патрабуюць 1-3 гады.

З абавязкаў: Праўка (вычытка) этыкетажу, тэкстаў стацыянарных і часовых выставаў, матэрыялаў музэя, якія паступаюць для публікацый, праверка сэнсавай сувязі і лягічнай пасьлядоўнасьці тэкстаў, праверка правільнасьці ўжываньня навуковых тэрмінаў, сымбаляў, адзінак вымярэньня, скарачэньняў, цытатаў, датаў, напісаньня імёнаў.

З патрабаваньняў: АБАВЯЗКОВАЕ ВЕДАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ (у арыгінале вакансіі гэта напісана не толькі капслокам, але і вылучана тлустым! Малайцы!).

З умоваў працы даведваемся, што там «сяброўскі калектыў», аднак, па нашых зьвестках, калектыў такім не зьяўляецца.

Да ведама: шукаюць і прыбіральніка службовых памяшканьняў у гэтым жа музэі — 500 руб. на рукі.

 

Галоўны рэдактар у Дом Прэсы: 1000 руб. да выліку падаткаў

Досьвед працы патрабуюць 1-3 гады.

З абавязкаў: Кіраваньне працай рэдакцыі. Забесьпячэньне своечасовага выпуску выданьня ў друк і кантроль за выкананьнем дзейных стандартаў.

З патрабаваньняў: Выдатнае веданьне беларускай мовы.

Самае цікавае тут у раздзеле «ўмовы працы»: Гэта станцыя мэтро Акадэмія Навук і… прызначэньне на пасаду толькі пасьля ўзгадненьня з вышэйстаячай арганізацыяй.

Цікава было б папрысутнічаць на іх сумоўі.

Захаваны аўтарскі правапіс