«Калі беларускі тэлевізар не падабаецца гледачам, дык гэта праблемы гледачоў»

Беларусы працягваюць абмяркоўваць нараду ў Лукашэнкі па ўзмацненні прапагандысцкай працы, якая прайшло ўчора. У сваёй эпісталярна-іранічнай манеры далучыўся да гэтага абмеркавання і тэлеграм-канал «Лісты да дачкі».

a79d3efa09aaa47e157769ca35964883a28b2960.jpg


Учора нехта сказаў, што прапаганда — гэта не сорамна, і яе не трэба саромецца. Вось, мабыць, раней яны саромеліся кожны раз, калі прапагандавалі. А не прапагандаваць не маглі. Таму ўвесь час саромеліся. Свет не бачыў такіх сарамлівых прапагандыстаў, як у беларускім тэлевізары.

А цяпер ужо ўсё. Саромецца не трэба. Можна прапагандаваць і атрымліваць задавальненне. Галоўны дазволіў. Спецыяльна для гэтага ўчора сабраў нараду.

Таму што з эканомікай ён разабраўся пазаўчора, з ваеннай бяспекай — наогул на мінулым тыдні. Чым яшчэ заняцца, як не інфармацыйнымі войнамі? Тым больш, што займацца эканомікай — зусім няўдзячная справа. Ты ёй: «Эканоміка, рост! Раз, два!». А яна ў адказ паказвае бюджэтны дэфіцыт па выніках красавіка на 135 мільёнаў рублёў.

Ды і бяспеку ў апошні час пачала турбаваць. У ранейшыя часы хапала адной нарады, каб перамагчы любога ўмоўнага праціўніка. А цяпер даводзіцца ўзнагароджваць нябачных байцоў нябачнага фронту за нябачны подзвіг. Таму што калі адправіць байцоў на які-небудзь іншы фронт, то колькі гэтых байцоў застанецца?

Не дзіўна, што ад гэтай няўдзячнай рэчаіснасці хочацца ва ўтульную віртуальнасць беларускага тэлевізара. Таму што ў ёй добра. І беларускія ўлады, па неспасціжнай для мяне прычыне, лічаць, што на франтах інфармацыйнай вайны яны дамагліся нябачаных поспехаў.

Хоць, чаму па неспасціжнай? Ім жа пра гэта распавялі ў тэлевізары. А пра тое, што за апошні год узровень рэйтынгу даверу разам з узроўнем цікавасці да беларускага тэлевізара ўпалі да рэкордных гістарычных мінімумаў, у тэлевізары не распавядалі.

Проста беларускі тэлевізар не гоніцца за таннай папулярнасцю. Не долар, каб кожнаму падабацца. Танная папулярнасць — яна для заганных заходніх медыя. Беларускі тэлевізар гоніцца за дарагой папулярнасцю. А дарагая папулярнасць — гэта такая папулярнасць, з якой сведкі стабільнасці атрымліваюць павелічэнне на сябе бюджэтных выдаткаў.

Таму беларускаму тэлевізару не трэба падабацца ўсім сваім гледачам. Калі беларускі тэлевізар не падабаецца гледачам, дык гэта праблемы саміх гледачоў. Беларускаму тэлевізару гледачы наогул не патрэбныя. Яму хопіць аднаго, ад якога залежаць бюджэтныя трансферы.

Беларускай прапагандзе не трэба перамагаць на франтах інфармацыйных войнаў. Ёй трэба пераканаць у сваіх перамогах свайго гледача. Вось пакуль гэты глядач верыць, у беларускага тэлевізара ўсё ў жыцці будзе добра. З прэміямі і таннымі крэдытамі на жыллёвае будаўніцтва.

Тут, праўда, ёсць адна рызыка. Калі ўяўленні аб рэальнасці ў галаве гэтага гледача ўступаюць у кантакт з рэальнасцю, якая ім супярэчыць, могуць паўстаць усякія няспраўныя моманты. Як з узяццем Кіева за тры дні або Еўропай, капітулюючай пад націскам вялікага перасялення народаў з беларускіх межаў. Нагледзішся свайго тэлевізара, і чакаеш для сябе вялікага чалавечага шчасця.

P.S. А потым прылятаюць сокалы і скідаюць пацука на прыступкі дома ўрада якраз у дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыка і Цапкала.

Пераклад НЧ