За красавік рэспубліканскі бюджэт сыйшоў «у мінус»
Мінфін апублікаваў звесткі аб выкананні дзяржаўнага бюджэту. Рэспубліканскі бюджэт па выніках чатырох месяцаў выкананы з дэфіцытам у 134,9 млн рублёў.
Пры гэтым па выніках першага квартала прафіцыт рэспубліканскага бюджэту складаў 672,7 млн рублёў, а бюджэту сектара дзяржкіравання — 900 млн рублёў, адзначае REFORM.by.
Бюджэт сектара дзяржкіравання за студзень-красавік застаўся прафіцытным. Даходы перавысілі выдаткі на 1,03 млрд рублёў.
Даходы бюджэту сектара дзяржкіравання за чатыры месяцы склалі 23,2 млрд рублёў, у тым ліку было атрымана 1,56 млрд рублёў падатку на прыбытак, 5,78 млрд ПДВ, 1,38 млрд акцызаў і 1,05 млрд рублёў даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці. ФСАН сабраў 6,95 млрд рублёў паступленняў.
Выдаткі бюджэту сектара дзяржкіравання склалі 22,17 млрд рублёў, у тым ліку на агульнадзяржаўную дзейнасць было накіравана 4,04 млрд рублёў, на падтрымку эканомікі — 2,54 млрд рублёў, на сацыяльную сферу 6,89 млрд. ФСАН выдаткаваў 6,788 млрд рублёў.
З-за красавіцкага «прасядання» Мінфін павысіў прагноз бюджэтнага дэфіцыту па выніках года. Ацэнка дэфіцыту бюджэту сектара дзяржкіравання павышаная на 1,52 млрд рублёў да 4,1 млрд рублёў, а рэспубліканскага бюджэту — на 1,51 млрд рублёў да 4,29 млрд рублёў.