У хаатычных пошуках выйсця
Столькі нарадаў з Лукашэнкам, колькі было ў апошнія дні, падаецца, не было ніколі. Напрыканцы мінулага тыдня абмяркоўвалі вайсковую бяспеку, на гэтым — эканамічную і інфармацыйную. Складаецца нават уражанне, што нас заціснулі з усіх бакоў. Але што з гэтым рабіць — дагэтуль незразумела.
У нарадах галоўнае не толькі абмеркаванне, але і вынік, да якога прыводзяць тыя абмеркаванні. Гэта ж, падаецца, не палітінфармацыя, у якой усе паслухалі лектара, і разышліся са сваімі думкамі. Аднак няма гэтага самага галоўнага — выніку. Няма прынятых рашэнняў, няма нават кірунку, куды рухацца далей. Больш за тое, узнікае адчуванне, што ў выніку тых пасяджэнняў у яго ўдзельнікаў паўстае пытанне: «А ці трэба рухацца ўвогуле?»
Возьмем, напрыклад, нараду па эканоміцы. Урад падрыхтаваў да яе свае, скажам шчыра, не вельмі сенсацыйныя прапановы па паляпшэнні дзелавога клімату. Нягледзячы на тое, што мерапрыемства было анансаванае «для пошуку новых падыходаў у эканоміцы», прапановы гэтых «новых падыходаў» не нясуць нічога новага — гэта, у прынцыпе, тое, што прапаноўвалі шматлікія прадпрымальніцкія і бізнес-саюзы ва ўсе часы: і ў часы «лібералізацыі», і ў часы кавіднага крызісу. А менавіта: адмяніць выбарачныя праверкі, даць рэальнаму сектару некаторыя падатковыя льготы, знізіць адміністрацыйны ціск на кіраўнікоў.
Адказ на гэтыя прапановы быў таксама пазбаўлены нейкай навізны. Лукашэнка запатрабаваў рабіць тое, што патрабаваў рабіць заўсёды — вазіць калій у мяхах ды паліва ў бочках, «распранацца і працаваць» (праўда, сёлета было сказана «ўпірацца і працаваць»). Карацей, «грузіце апельсіны бочкамі».
Ну і варта было дзеля гэтага збірацца?
А тым часам рэспубліканскі бюджэт за месяц сышоў «у мінус». Калі за студзень-сакавік прафіцыт бюджэту складаў 672,7 млн рублёў, то па выніках студзеня-красавіка ён аказаўся дэфіцытным на 134,9 млн рублёў. То-бок, невядома куды падзелася больш за 800 млн. рублёў.
Не дзіва, што ўрад скарэктаваў план па дэфіцыце бюджэту. У снежні «народныя абраннікі» прынялі рэспубліканскі бюджэт з дэфіцытам у 2,845 млрд рублёў, а цяпер удакладнены план па дэфіцыце склаў 4,293 млрд рублёў.
Абарот знешняга гандлю таварамі ў студзені-красавіку скараціўся на 4,4% да 22,77 млрд долараў, у прыватнасці, экспарт упаў на 2,6% да 11,17 млрд долараў, а імпарт — на 6,1% да 11,6 млрд долараў. І гэта пры тым, што вясновыя санкцыі ЕС дазваляюць увозіць санкцыйную прадукцыю да пачатку чэрвеня. Зразумела, што перад апусканнем санкцыйнай заслоны бізнесы па абодва бакі павінны актывізавацца і зарабіць за месяц тое, што раней зараблялі за большы перыяд часу.
Карацей, перспектывы сапраўды не вельмі вясёлкавыя, аднак ніякіх істотных крокаў па выпраўленні сітуацыі нам не распавялі. Імаверна, таму, што іх проста няма. А калі іх няма, то трэба хаця б пераканаць народ у тым, што «жыць стала лепей, жыць стала весялей».
«Не трэба баяцца гэтага слова — прапаганда. Мы прапагандуем лепшае, агітуем за лепшае. Раней былі аддзелы прапаганды і агітацыі ЦК партыі і да райкамаў. Прапагандавалі свой лад жыцця, вялі барацьбу, агітавалі за ўсё лепшае, як мы гэта разумелі… Таму няма нічога небяспечнага, калі мы будзем прапагандаваць свой лад жыцця, сваё і агітаваць за гэта. Але трэба навучыцца весці і антыпрапаганду супраць той прапаганды, якая разгорнутая супраць нас. Трэба выпрацаваць механізмы процідзеяння, контрмеры», — сказаў Лукашэнка.
Тут таксама няма нічога новага. Мы дзесяцігоддзямі ствараем, ды так і не стварылі «дзяржаўную ідэалогію». У нас таксама ў кожным райвыканкаме ёсць ідэалагічныя аддзелы. Больш за тое: улада выгадавала цэлую дынастыю прапагандыстаў — больш сталыя чытачы памятаюць Азаронка-старэйшага, у якога была такая ж «вядомасць», як цяпер у Азаронка-малодшага. Вынік усёй гэтай «адмоўнай селекцыі» — «трэба вучыцца весці антыпрапаганду». За тры дзесяцігоддзі — так і не навучыліся. І таму недзяржаўныя СМІ за апошні тыдзень мінімум тройчы лавілі «прапаганду» на хлусні і падтасоўцы фактаў.
Насамрэч, гэтыя пытанні ўлады — ад эканомікі да прапаганды, — проста экзістэнцыйныя, звязаныя з філасофіяй быцця. Беларуская ўлада не мае іншых мэтаў, апроч як пражыць дзень і захаваць тую самую ўладу. Паглядзіце, што прапануе, напрыклад, міністр адукацыі Андрэй Іванец на наступны навучальны год. Гэта ўвядзенне адзінай школьнай формы; правядзенне ўрачыстых лінеек з праслухоўваннем гімна і ўзняццем дзяржаўнага сцяга; адкрыць у кожнай школе музейны пакой; і прымусіць школьнікаў на ўваходзе здаваць мабільныя тэлефоны. А з верасня ў кожнай школе на інфармацыйных стэндах з'явіцца «10 залатых правілаў педагога».
Гэтыя «залатыя правілы» вам не нагадваюць «маральны кодэкс будаўніка камунізму», не? Праўда, у камуністычным маральным кодэксе было 12 палажэнняў, а не 10.
Back іn USSR! Прычым, гэта такое вяртанне ў «савок», якое ніяк не тычыцца адукацыі. На паўтузіна новых ініцыятыў Мінадукацыі ўласна адукацыі тычыцца толькі адно — павелічэнне колькасці гадзін беларускай і рускай моў у 10-11 класах з гадзіны ў тыдзень да 1,5 гадзіны.
Падобна на тое, што ўлада імкнецца не толькі, па выразе братоў Стругацкіх, «усяляк перашкаджаць будучаму запускаць свае шчупальцы ў наш час, абсякаць гэтыя шчупальцы, прыпальваць іх каленным жалезам». Яна імкнецца абрубіць і «шчупальцы сучаснага». Адзіны элемент сучаснасці ў прапановах Іванца — мабільны тэлефон, — будзе пад забаронай.
Іванец забараняе мабільнікі ў школах у той час, калі свет распрацоўвае і ўдасканальвае сістэмы дыстанцыйнай адукацыі, калі дзеці слухаюць і бачаць лекцыі праз ютуб, калі ўкараняюцца беспілотныя аўтамабілі, месцамі дзейнічае спадарожнікавы Інтэрнэт, і ўсур’ёз рыхтуецца місія на Марс. Сінявокую проста апускаюць у цемрашальства і новае Сярэднявечча.
Адзінае, што можна сказаць з гэтай нагоды: не атрымаецца. Немагчыма ўвайсці ў адзін «савок» двойчы. І чамусьці ёсць адчуванне, што, чым далей краіну апускаюць ніжэй, тым больш імклівы і энергічны скачок яна зробіць, калі цемрашалы пакінуць свае месцы. Бо немагчыма спыніць прагрэс, колькі б нам не «прапагандавалі» адваротнага.
Немагчыма знайсці выйсце з сучасных праблем у мінулым. Выйсце можа быць толькі ў будучыні.