«Галоўны клін, які можна ўбіць у адносіны Лукашэнкі і Пуціна, — гэта немагчымасць Расіі падтрымліваць Лукашэнку»

Ёсць меркаванне, што Захаду зараз неабходна «ўбіць клін» паміж Пуціным і Лукашэнкам дзеля таго, каб не даць Расіі канчаткова ўцягнуць беларускія войскі ў вайну. Маўляў, ісці на пагадненні, на перамовы, але адкінуць Беларусь ад Расіі.

193195031_10165498519675472_6911617231054572129_n.jpg


«Мне падаецца, што самы галоўны клін, які палітыкі на Захадзе могуць укінуць у адносіны Лукашэнкі і Пуціна, — гэта расійская немагчымасць далей падтрымліваць Лукашэнку крэдытамі ці рознага роду субсідыямі, доступам да расійскага рынку, — расказаў у эфіры Еўрарадыё аналітык iSANS і палітычны аглядальнік Серж Харытонаў. — Для гэтага не патрэбныя перамовы з Лукашэнкам. Для гэтага патрэбная жорсткая эканамічная палітыка ў дачыненні да Расіі, жорсткія эканамічныя санкцыі. Магчыма, эмбарга на розныя віды тавараў і паслуг».

«Што да любых формаў перамоваў з Лукашэнкам, то мне падаецца, што гэта цалкам немагчыма і цалкам непрымальна. Менавіта з-за таго, што гэта дае магчымасць Лукашэнку і яго людзям легітымізавацца ў вачах прадстаўнікоў сваёй сістэмы і паспрабаваць легітымізавацца ў міжнароднай сферы. Менавіта з-за таго, што падобныя крокі непрымальныя, я думаю, што гэтага не будзе. Гэта будзе перакрэсліваць усю знешнюю палітыку заходніх краін і іх разуменне таго, што адбылося ў Беларусі», — працягвае Серж Харытонаў

«Гэта [дыялог Захаду і Лукашэнкі] таксама будзе цалкам непрымальна для саміх беларусаў. Не будзем і іх спісваць з ліку суб’ектаў, якія прымаюць удзел у гэтым крызісе. Я думаю, хутчэй за ўсё, больш эфектыўнымі будуць не перамовы з Лукашэнкам, а пашырэнне ціску ў дачыненні да Расіі, звужэнне магчымасцяў эканамічнай падтрымкі Лукашэнкі пуцінскім рэжымам», — адзначае ён.