Back to USSR. Беларускія школьнікі будуць здаваць мабільнікі, насіць форму і слухаць гімн

Беларускія школьнікі будуць здаваць мабільнікі, насіць форму і слухаць гімн. Міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў пра новаўвядзенні ў наступным навучальным годзе. Педагогаў таксама чакаюць змены. Для іх увядуць «залатыя правілы».

hijn_lenon.jpg


«Ужо з верасня ў кожнай школе на інфармацыйных стэндах з'явіцца “10 залатых правілаў педагога”. Настаўнікі павінны пацвярджаць высокі статус адпаведным знешнім выглядам, паводзінамі ў сацсетках, правільна выбудаванай камунікацыяй з бацькамі. Але і ў адказ павінны атрымліваць паважлівае стаўленне», — цытуе міністра REFORM.by.

Паводле яго слоў, школьнікі павінны будуць пакідаць тэлефоны ў спецыяльна абсталяваных месцах. Іх можна будзе выкарыстоўваць толькі для вучобы.

«Навучэнцам прыйдзецца пакінуць свае тэлефоны ў спецыяльна абсталяваных месцах. Мабільныя можна будзе выкарыстоўваць толькі ў навучальных мэтах, напрыклад пры счытванні QR-кодаў. А ў кожнай школе і гімназіі адкрыюць музей або музейны пакой — мы не можам забыць нашу гісторыю і не дазволім яе інтэрпрэтаваць іншым», — дадаў Іванец.

Таксама, паводле яго слоў, будуць уведзеныя новыя навучальныя планы: павялічаць колькасць гадзін беларускай і рускай моў у 10-11 класах на базавым узроўні. Плануецца не гадзіну ў тыдзень, а 1,5 гадзіны.

«Прапрацоўваем укараненне з 1 верасня наступнага навучальнага года адзіных элементаў школьнага адзення для канкрэтнай установы. Разгледзім магчымасць увядзення абавязковай школьнай формы з 2023 года», — сказаў Іванец.

Міністэрства адукацыі таксама падрыхтавала загад, які прадугледжвае правядзенне ўрачыстых лінеек з праслухоўваннем гінма і ўзняццем дзяржаўнага сцяга. Мяркуецца, што такія лінейкі будуць праводзіць на Дзень народнага адзінства, Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл, Дзень Канстытуцыі, Дзень Перамогі, Дзень Працы, Дзень дзяржаўнага герба і дзяржаўнага флага, Дзень незалежнасці. Загад будзе распаўсюджвацца на ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай адукацыі, а таксама ў летніх аздараўленчых лагерах, студэнцкіх атрадах.

Таксама выконваць гімн і падымаць сцяг мяркуецца ў пачатку і канцы кожнай чвэрці, падчас цырымоній уручэння дакументаў аб адукацыі. У летніх лагерах такімі цырымоніямі будуць адзначаць пачатак і заканчэнне змены.

«Падзялюся яшчэ адной навіной. Як вы ведаеце, сёння прадугледжаны льготы пры паступленні для выпускнікоў ваенна-патрыятычных класаў. Мы хочам замацаваць адпаведныя прэферэнцыі для тых, хто навучаецца ў ваенна-патрыятычных клубах. Сумесна з МУС распрацоўваем навучальныя праграмы. Пасля іх рэалізацыі зможам смела рэкамендаваць хлопцаў для паступлення без экзаменаў у спецыялізаваныя ўстановы-кадэцкія вучылішча, ліцэі МУС, МНС, Сувораўскае вучылішча», — сказаў Іванец.

Мінадукацыі прыняло новыя метадычныя рэкамендацыі для шостага школьнага дня. Суботы стануць тэматычныя. Распрацаваны блокі па тэмах грамадзянскага, патрыятычнага, духоўна-маральнага выхавання, прапагандзе здаровага ладу жыцця, працоўнага выхавання, прафесійнай арыентацыі.

Іванец таксама паведаміў, што разам з Мінфінам «прапрацоўваецца» пытанне павышэння з новага навучальнага года зарплаты для педагогаў: ад дзіцячых садкоў да вну.