«Сухі закон» і міліцыя ў школах. Як пройдуць «апошнія званкі» 30 траўня
«Апошнія званкі» сёлета традыцыйна пройдуць без спіртнога: 30 траўня амаль па ўсёй Беларусі будзе забаронены продаж алкагольных напояў. Праўда, не ўсюды — да прыкладу, у Мінску «сухі закон» на гэты час уводзіць не плануюць.
Дый у іншых абласных і раённых цэнтрах яго строгасць будзе адрознівацца — рашэнне аб гэтым залежыць ад мясцовых выканкамаў. Адпаведныя пастановы публікуюцца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Мясцовыя ўлады амаль па ўсёй краіне ўжо ўвялі часовыя абмежаванні на продаж спіртных напояў у дзень «апошніх званкоў». У большасці выпадкаў абмежаванні ўводзяцца з 8.00 30 траўня да 8.00 31 траўня, аднак ёсць і выключэнні.
Да таго ж забарона не поўная — алкаголь можна купіць на разліў у кафэ, сталовых, рэстаранах і гандлёвых аб'ектах у пунктах пропуску на мяжы. Таксама ў некаторых выпадках уведзены дадатковыя паслабленні для вяселляў, памінак і юбілеяў.
У абласных цэнтрах і рэгіёнах
У Магілёве і Брэсце «сухі закон» будзе дзейнічаць з 00.00 да 24.00 30 траўня.
У Гомелі продаж алкаголю будзе абмежаваны з 8.00 30 траўня да 8.00 31 траўня.
У Мінску ўводзіць абмежаванні на продаж спіртных напояў у дзень «апошніх званкоў» наогул не збіраюцца, паведамілі ў Мінгарвыканкаме на прамой лініі 28 траўня. Таксама свабодна купіць спіртное ў гэты дзень можна будзе ў Віцебску і Гродне.
У большасці рэгіёнаў алкаголь у крамах нельга будзе купіць з 8.00 30 траўня да 8.00 31 траўня. У некаторых, напрыклад, Дзяржынскім, Валожынскім і Полацкім раёнах — з 8.00 да 24.00 30 траўня, а ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласці не прададуць алкаголь з 12.00 да 24.00 30 траўня.
ДПС і групы хуткага рэагавання
У школах у гэты дзень будуць дзяжурыць супрацоўнікі міліцыі, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
На прылеглых тэрыторыях грамадскі парадак і дарожную бяспеку забяспечаць групы хуткага рэагавання і нарады ДПС. Таксама ў навучальных установах будзе ўзмоцнены прапускны рэжым.
«Пасля афіцыйных урачыстасцяў у рэгіёнах для моладзі запланаваны розныя культурна-відовішчныя мерапрыемствы. Як паказвае практыка іх правядзення ў мінулыя гады, многія навучэнцы накіроўваюцца ў паркі, скверы, на берагі вадаёмаў. Нагадваю, што за супрацьпраўныя дзеянні існуе адказнасць, прадугледжаная адміністрацыйным і крымінальным кодэксамі», — звярнуў увагу начальнік ГУАПП МУС Аляксандр Купчэня.
Нагадаем, сёлета «апошнія званкі» для 9-х і 11-х класаў па ўсёй краіне пройдуць 30 траўня, а выпускныя вечары пройдуць 10 чэрвеня.