Растуць даходы толькі ад акцызаў. Мінфін апублікаваў вельмі цікавую статыстыку
Мінфін апублікаваў вельмі цікавую статыстыку аб выкананні бюджэту.

Удакладнены план
па дэфіцыце беларускага рэспубліканскага бюджэту па выніках 4 месяцаў склаў
4,293 млрд рублёў. Памер дэфіцыту быў удакладнены за кошт росту плана выдаткаў
на 1,649 млрд рублёў, піша тэлеграм-канал Banki24.by.
Нагадаем, у снежні “народныя абраннікі” прынялі рэспубліканскі бюджэт з дэфіцытам у 2,845 млрд рублёў.
Асобна за красавік 2022 года паступленні ў цэнтральную казну па падатку на прыбытку ўпалі на 11,3% да красавіка 2021-га (без папраўкі на рост коштаў).
Паступленне ПДВ за красавік знізілася на 6,7% да ўзроўню 2021 года. Памяншэнне даходаў ад ПДВ адлюстроўвае падзенне ВУП у красавіку на 6,5%.
Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці скараціліся да красавіка 2021-га на 67,1%. Гэта следства змяншэння патокаў экспарту і імпарту праз Беларусь. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці прадстаўленыя ў асноўным пошлінамі на нафту, нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні.
З адкрытых пазіцый у добрым плюсе былі толькі акцызы — рост на 17,1% да красавіка 2021-га. Акцызамі ў РБ абкладаюць аўтамабільнае паліва і алкаголь.
