«Калі ўсе прымаюць хлусню, яна пасяляецца ў гісторыі і становіцца праўдай»

Эрык Артур Блэр, вядомы як Джордж Оруэл, аўтар галоўнай таталітарнай антыўтопіі, якая не страчвае актуальнасці ўжо больш за 70 гадоў. Неаднойчы ішлі размовы пра яе забарону ў кніжных крамах і бібліятэках. Прапануем нізку перакладаў ягоных цытатаў — з дзённікаў, лістоў, артыкулаў. Гэта разважанні аб тым, чым насамрэч страшны таталітарны рэжым, гэта думкі пра хлусню і творчасць.

george_orwell.jpg

Пісьменнік нарадзіўся ў Бенгаліі. Скончыўшы прэстыжную школу ў Ітане, ён з 1922 па 1927 год служыў у Індыйскай імперскай паліцыі ў Бірме. Затым спрабаваў зарабляць літаратурнай працай, бадзяжнічаў, пісаў кнігі, артыкулы і рэцэнзіі, жыў у працоўным раёне Парыжа, збіраў хмель у графстве Кент, выкладаў у школе, працаваў у лонданскай букіністычнай краме, ваяваў у Іспаніі на баку рэспубліканцаў, быў паранены. Затым жыў у вёсцы пад Лонданам. Падчас Другой сусветнай вайны працаваў на радыё ВВС, быў ваенным карэспандэнтам у Францыі, Германіі і Аўстрыі, а затым, заўдавеўшы, жыў на востраве Джура ля ўзбярэжжа Шатландыі, дзе пісаў раман «1984». У студзені 1950 года Джордж Оруэл памёр ад сухотаў…


Не магу сказаць, у якім годзе я ўпершыню ясна зразумеў, што насоўваецца цяперашняя вайна. Пасля 1936 года гэта было зразумела ўжо ўсім, акрамя ідыётаў. На працягу некалькіх гадоў будучая вайна была для мяне кашмарам, і я нават пісаў брашуры і прамаўляў прамовы супраць яе. Але ў ноч напярэдадні таго, як аб'явілі аб заключэнні мірнага руска-нямецкага пакта, мне прыснілася, што вайна пачалася. Не ведаю, як вытлумачылі б мой сон фрэйдысты, але гэта быў адзін з тых сноў, якія часам адкрываюць табе сапраўдны стан тваіх пачуццяў. Ён растлумачыў мне, па-першае, што я проста зведаю палёгку, калі пачнецца даўно і з жахам чаканая вайна, і, па-другое, што я ў душы патрыёт, не буду сабатаваць ці дзейнічаць супраць сваіх, буду падтрымліваць вайну і, калі атрымаецца, ваяваць. Я сышоў уніз і прачытаў у газеце паведамленне аб прылёце Рыбентропа ў Маскву.
Да прыбыцця Рыбентропа маскоўскі аэрапорт быў упрыгожаны свастыкамі. Газета «Манчэстэр гардыян» дадае, што яны былі загароджаныя шырмамі, каб астатняя Масква іх не бачыла.
Дзённік падзей, якія вядуць да вайны. 1939 г.
Учора ўвечары слухаў прамову Мослі (Сэр Освальд Мослі (1896–1980) у 1932 годзе заснаваў Брытанскі саюз фашыстаў. — Рэд.)… <…> Мослі казаў паўтары гадзіны і, да майго засмучэння, здаецца, захапіў большасць слухачоў. Спачатку яму шыкалі, але ў канцы гучна апладзіравалі. Некалькі чалавек, якія паспрабавалі ўставіць слова, былі выкінуты з зусім непатрэбнай жорсткасцю. <…> Мослі вельмі добры аратар. Гаворка яго — звычайная траскучая бязглуздзіца: бяспошлінны гандаль усярэдзіне Імперыі, далоў габрэяў і замежнікаў, падвышэнне зарплаты, скарачэнне працоўнага дня і г. д., і г. д. Пасля шыкання спачатку ён працоўную (па перавазе) аўдыторыю з лёгкасцю задурыў, выступаючы як бы з сацыялістычных пазіцый і вінавацячы ўрады, якія змянялі адзін аднаго, у здрадзе інтарэсам працоўнага класа. Віну за ўсё ён ускладаў на таямнічыя міжнародныя хеўры габрэяў…
Камуністычны мітынг на Маркет-плэйс расчараваў. Бяда ўсіх камуністычных выступоўцаў у тым, што кажуць яны не даходліва, а жахліва доўгімі фразамі, з усялякімі «нягледзячы», «безадносна», «нават прымаючы да ўвагі» і г. д. <…> Мяркую, што ім даюць загадзя прыгатаваныя прамовы, і яны вывучваюць іх на памяць.
Галоўным чынам здольнасць такіх людзей, як мы, лепш разумець сітуацыю, чым так званыя эксперты, заключаецца не ў прадказанні канкрэтных падзей, а ва ўменні зразумець, у якім свеце мы жывем. <…> З 1934-га я ведаў, што насоўваецца вайна паміж Англіяй і Нямеччынай, а з 1936-га я ведаў гэта з поўнай упэўненасцю. <…> Таксама і такія жахі, як расійскія чысткі, ніколі мяне не здзіўлялі, бо я заўсёды адчуваў, што гэта — не менавіта гэта, але нешта падобнае — уласціва бальшавіцкаму кіраўніцтву.
Дзённік ваеннага часу, 1940 г.



Што да кампаній нянавісці, якія няспынна распальваюцца таталітарнымі рэжымамі, яны цалкам рэальныя, пакуль доўжацца, але кожны раз прадыктаваныя патрэбамі моманту. Габрэі, палякі, трацкісты, ангельцы, французы, чэхі, дэмакраты, фашысты, марксісты — хто заўгодна можа аказацца Ворагам Таварыства Нумар Адзін. Нянавісць можна павярнуць у любым кірунку па першым знаку, як агонь паяльнай лямпы.
Рэцэнзія на кнігу Франца Баркенау «Таталітарны вораг», 1940 г.
Літаратура, якая мае хоць нейкую каштоўнасць, магчыма толькі пры ўмове, калі той, хто піша, адчувае праўдзівасць таго, што ён піша; калі гэтага няма, знікне творчы інстынкт. Увесь назапашаны вопыт сведчыць, што рэзкія эмацыйныя пераацэнкі, якіх таталітарызм патрабуе ад сваіх прыхільнікаў, псіхалагічна немагчымыя, і вось перш за ўсё з гэтай прычыны я мяркую, што канец літаратуры, якой мы яе ведалі, непазбежны, калі таталітарызм усталюецца паўсюль у свеце.
Абвясціўшы сябе бязгрэшнай, таталітарная дзяржава разам з тым адкідае само паняцце аб'ектыўнай ісціны. Вось відавочны, самы просты прыклад: да верасня 1939 года кожнаму немцу ставілася ў абавязак выяўляць да рускага бальшавізму агіду і жах, пасля верасня 1939 года — захапленне і гарачае спачуванне. Калі паміж Расіяй і Нямеччынай пачнецца вайна, а гэта вельмі верагодна ў найбліжэйшыя некалькі гадоў, з непазбежнасцю зноў адбудзецца крутая перамена. Пачуцці немца, яго любоў, яго нянавісць пры неабходнасці павінны імгненна ператварацца ў сваю супрацьлегласць.
Кантроль над думкай мае мэты не толькі забаронныя, але і канструктыўныя. Не проста забараняецца выказваць — нават дапускаць — пэўныя думкі, але дыктуецца, што менавіта належыць думаць; ствараецца ідэалогія, якая павінна быць прынята асобай, намагаюцца кіраваць яе эмоцыямі і навязваць ёй вобраз паводзін. Яна ізалюецца, наколькі можна, ад навакольнага свету, каб замкнуць яе ў штучным асяроддзі, пазбавіўшы магчымасці супастаўленняў.
Літаратура і таталітарызм, 1941 г.
Любая прапаганда — хлусня, нават калі кажаш праўду. Але гэта не так ужо важна, абы ведаць, што ты робіш і чаму.
Дзённік, 1942 г.
Думка любога — «пракурорская», кожны толькі прыводзіць свае довады, наўмысна заціскаючы меркаванне апанента і, больш за тое, з поўнай неадчувальнасцю да любых пакут, акрамя ўласнага і сваіх сяброў. Індыйскі нацыяналіст тоне ў жалю да сябе і нянавісці да Брытаніі і зусім абыякавы да няшчасцяў Кітая; ангельскі пацыфіст даводзіць сябе да шаленства, кажучы аб канцлагерах на востраве Мэн, і забывае аб такіх у Нямеччыне і г. д., і г. д. Гэта заўважаеш у дачыненні да людзей, з якімі не згодзен, такіх, як фашысты ці пацыфісты, але на самой справе ўсе аднолькавыя, прынамсі ўсе, у каго ёсць пэўнае меркаванне.
Другі дзённік ваеннага часу, 1942 г.
Найвялікшая памылка ўяўляць чалавека аўтаномным індывідам. Тая таемная свабода, ад якой вы нібыта можаце атрымліваць асалоду пры дэспатычным урадзе, — глупства, бо вашыя думкі ніколі не належаць вам цалкам.
Па-сапраўднаму палохае ў таталітарызме не тое, што ён здзяйсняе «зверствы», а тое, што ён нападае на канцэпцыю аб'ектыўнай ісціны і сцвярджае, што кантралюе як мінулае, так і будучыню.
Філосафы, пісьменнікі, мастакі і нават навукоўцы маюць патрэбу не толькі ў падтрымцы і аўдыторыі, ім патрэбная пастаянная стымуляцыя з боку іншых людзей. Амаль немагчыма думаць без размовы. Адбярыце свабоду слова — і вычарпаюцца творчыя здольнасці.
Як мне заўгодна, 1944 г.
Інтэлектуалы больш таталітарныя па сваіх поглядах, чым простыя людзі. Ангельская інтэлігенцыя ў цэлым выступіла супраць Гітлера, але затое прыняла Сталіна. Большасць з іх абсалютна гатова да метадаў дыктатуры, да тайнай паліцыі, да сістэматычнай фальсіфікацыі гісторыі і г. д., пры ўмове, што гэта будуць рабіць «нашы».
Ліст Ноэлю Уілмэту, 1944 г.
У кожны момант існуе «правільны» пункт гледжання, сукупнасць поглядаў, пра якую мяркуецца, што ўсе прыстойныя людзі згаджаюцца з ёй, не разважаючы. Рэч нават не ў тым, што тое ці іншае меркаванне выказваць забараняецца: выказваць яго проста «не прынята», гэтак жа як у віктарыянскія часы «не прынята» было ў прысутнасці дамы згадваць у размове штаны.
У выніку прапаганды таталітарных дактрын губляецца інстынкт, з дапамогай якога вольныя людзі адрозніваюць, у чым хаваецца небяспека, а ў чым не.
З прадмовы да аповесці «Скотны двор», 1945 г.

9_116.jpeg


…прыхільнасць любой палітычнай дактрыне з яе дысцыплінуючым уздзеяннем, відаць, супярэчыць сутнасці пісьменніцкага служэння. Гэта адносіцца і да такіх дактрын, як пацыфізм ці індывідуалізм, хаця яны прэтэндуюць знаходзіцца па-за штодзённай палітычнай барацьбой. Сапраўды, усе словы, якія канчаюцца на «ізм», прыносяць з сабой душок прапаганды. <…>
Творчасць, калі яна валодае хоць нейкай каштоўнасцю, заўсёды будзе вынікам намаганняў той больш разумнай істоты, якая застаецца ўбаку, сведчыць аб тым, што адбываецца, трымаючыся ісціны, прызнае неабходнасць таго, што здзяйсняецца, аднак адмаўляецца падманвацца наконт сапраўднай прыроды падзей.
Пісьменнікі і Левіяфан, 1946 г.
Пагрозы свабодзе слова, пісання і дзеянняў часта нязначныя паасобку, але маюць назапашвальны эфект і, калі іх не спыніць, прыводзяць да агульнай непавагі да правоў грамадзян.
Камітэт абароны свабоды, 1948 г.
Дыктатуру засноўваюць не дзеля таго, каб ахоўваць рэвалюцыю; рэвалюцыю здзяйсняюць дзеля таго, каб усталяваць дыктатуру. Мэта рэпрэсій — рэпрэсіі. Мэта катавання — катаванне. Мэта ўлады — улада.
Калі ўсе прымаюць хлусню, навязаную партыяй, калі ва ўсіх дакументах адна і тая ж песня, тады гэтая хлусня пасяляецца ў гісторыі і становіцца праўдай.
З рамана «1984», 1949 г.
Апублікавана ў №7 «Літаратурнай Беларусі»