Дванаццаць пастак навамоўя. Частка І
На тэлебачанні, у сеціве, на старонках газет, у канцылярыі і нават у рэкамендацыях для журналістаў усцяж сустракаецца навамоўе — таталітарны жаргон, што адбірае свабоду. Навамоўе ўтаймоўвае вашы думкі з дапамогаю некалькіх пастак.
Шэсцьдзясят гадоў таму слова навамоўе (newspeak) ужыў англійскі пісьменнік Джордж Оруэл у сваім рамане «1984». У яго антыўтопіі ўсюдыісная тыранія прыдумала навамоўе, каб праз яго ўнемагчыміць зняволеным нават думку пра свабоду. Оруэл адштурхоўваўся ад вядомай яму ваеннай прапаганды і, што важна, ад нацысцкай і савецкай рыторыкі. У дадатку да раману пісьменнік сцісла падаў правілы навамоўя.
У 1980-я гады ідэямі Оруэла скарысталіся польскія лінгвісты, каб уважліва прааналізаваць мову камуністычнага панавання. У той жа час французскія навукоўцы казалі пра савецкую «драўляную мову», а расійскія аўтары асцярожна скардзіліся на канцылярыт. Усё гэта было рознымі назвамі камуністычнага навамоўя. Якія ж яго рысы?
Першая: чорна-белы свет
У навамоўі ўсе людзі, з’явы і рэчы прыпісаныя альбо да свайго, станоўчага свету — альбо да чужога, варожага лагеру. Нейтральнасць расцэньваецца як зло (тут і далей асаблівасці правапісу захаваныя):
«З поўным правам мы можам сказаць, што Беларусь уступіла ў эпоху росквіту (таржэства) нацыянальнай па форме і соцыялістычнай па зместу культуры. Зусім іншы малюнак мы наглядаем у Заходняй Беларусі, якая знаходзіцца пад ярмом польскіх памешчыкаў і капіталістаў» (15 з’езд КПБ, 1934).
«Творчасьць Таўбіна, яго актыўнае ігнараваньне нашай рэчаіснасьці, захапленьне буржуазнай гнілой і прадажніцкай культурай, замыканьне ў кола сваіх псыхалёгічна-хворых успрыйманьняў, рамантычнае эстэцтва, — усё гэта вынікае з нянавісьці яго, Таўбіна, да дыктатуры пралетарыяту, да нашага сацыялістычнага будаўніцтва, а сама творчасьць Таўбіна служыць сродкам змаганьня рэштак капіталістычных элемэнтаў у нашай краіне супроць дыктатуры пралетарыяту» (Алесь Кучар, Вялікая перабудова, Менск, 1933).
Гэты чорна-белы раскол нікуды не падзеўся. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года апазіцыйныя ўлёткі заклікалі выбіраць паміж ушчэнт здэградаваным светам лукашызму — і шчаслівай Еўропай, а праз 13 гадоў такую ж тактыку ўжылі расійскія прапагандысты, толькі яны ўжо ставілі перад выбарам: гейская Еўропа з фашыстамі — ці пераможны «руский мир». Навамоўе адмятае кампраміс і шматзначнасць.
Другая: пошукі ворагаў
Падонкі чалавечага роду разам з ворагамі народа, белагвардзейскія пігмеі і белагвардзейскія казяўкі, нікчэмныя лакеі фашыстаў, трацкісцка-бухарынскія ізвергі — вось толькі некаторыя выбраныя ворагі, пералічаныя ў сталінскай Гісторыі УсеКП(б). А цяпер давайце паслухаем Васіля Шаранговіча — тагачаснага беларускага кіраўніка, які кажа пра «разгром рэштак нацыяналістычнай контррэволюцыі»:
«Распазнаваць ворага, тым больш замаскіраванага ў нацыянальны касцюм — адна з важнейшых задач большэвікоў Беларусі […] Зусім бясспрэчна, што мы ўсю гэтую сволач, гэтых шалёных сабак выкрыем і сатром у парашок, як-бы яны ні маскіраваліся, у якую нару яны ні хаваліся-б.
Мы павінны яшчэ раз на нашым з’ездзе заявіць, што ўсім гэтым гадам, здраднікам, мярзаўцам нічога другога быць не павінна быць, як знішчэнне і смерць» (16 з’езд КПБ, 1937).
«Шалёныя сабакі», «гады», «мярзаўцы» — гэтыя словы наўпрост забівалі, зрэшты, неўзабаве расстралялі і самога Шаранговіча, як польска-японскага шпега і здрадніка.
У навамоўі штораз вынаходзяцца новыя ворагі: бязродныя касмапаліты і сіяністы прыйшлі на змену нацыянал-фашыстам, а стылягі, хіпі і безыдэйныя маладыя людзі, якія пляшуць пад дудку Захаду, пацяснілі падзабытых памешчыкаў і капіталістаў. У 1990 годзе, на 31 з’ездзе КПБ, першы сакратар Яфрэм Сакалоў скардзіўся:
«Нас не можа не хваляваць, што ў апошні час пачасціліся спробы выкарыстаць у адкрыта палітычных мэтах студэнцтва. Экстрэмісцкія сілы адкрыта заклікаюць студэнтаў да паўтарэння «ўкраінскіх і ўсходнееўрапейскіх варыянтаў», узмацняюць націск на навучальныя ўстановы пад выглядам іх дэідэалагізацыі і дэпалітызацыі».
Тут у якасці ворагаў выступаюць нейкія экстрэмісцкія сілы. Але, якія б ворагі ні былі, яны заўжды — аснова для навамоўя, нават калі гутарка ідзе пра камуністычны рай і ягоных павадыроў. Рай аточаны ворагамі, і навамоўе ўсяляк заахвочвае спісваць крыўды на ворагаў, каб забываць пра сябе.
«Як вы пасмелі? Вы скралі маё дзяцінства!» (ААН, 2019)
«А бандэраўцы на Украіне»… (расійская тэлевізія з 2013)
«Адмарозкі, мразі, вашывыя блохі»… (Беларусь, ад 1994)
Канец свету адбываецца, царства вызвалення надышло — трэцяя пастка
Навамоўе экзальтаванае: яно гаворыць пра гатовы рай для сваіх і пекла для чужых, пра экстаз і празмернасць, пра бой наш астатні за працоўны народ (гэта «Інтэрнацыянал» — галоўная камуністычная песня).
«Калгасы перамаглі канчаткова і беспаваротна […] Усе гэтыя поспехі і, перш за ўсё, перамога пяцігодкі канчаткова дэмаралізавалі і разбілі ўпрах усе і ўсякія антыленінскія групоўкі» (Сталін, 1934).
«Канчатковая і беспаваротная перамога соцыялізма ў нашай краіне выбіла глебу з-пад ног нацыяналістаў […] КП(б)Б мае ўсё неабходнае для канчатковага разгрому контррэволюцыі» (16 з’езд КПБ, 1937).
«Вопрос «мовы» решен раз и навсегда» (Лукашэнка, 2015).
Завершанасць раю і пекла тут падкрэсліваецца словамі «канчаткова і беспаваротна», «раз и навсегда», але часцей рай стабільнасці і шчасця прадстаўлены ў навамоўі перабольшваннямі, ліслівасцю і амаль непрыхаванай слоўнаю парнаграфіяй:
«У сваім пісьме мы выказалі ідучыя з глыбінь сэрцаў думкі і пачуцці ўсіх нашых камуністаў, усіх працоўных нашай рэспублікі, іх беззаветную адданасць ідэалам камунізму і асаблівую нашу ўдзячнасць ЦК КПСС, асабіста таварышу Л.І. Брэжневу». (Працяглыя апладысменты). (28 з’езд КПБ, 1976)
Звонкай радасцю багата
Юнасць гаварлівая.
Мы савецкія дзяўчаты –
Самыя шчаслівыя.
(Сучасны беларускі фальклор, 1963)
А у водоемов Беларуси
Хищники гнездятся хорошенько.
Кто они? — дознаться не берусь я,
Если не поможет Лукашенко.
(Браніслаў Спрынчан, 1995).
У гэтым вершы сінявокі рай пад апекаю кіраўніка Беларусі абкладзены ворагамі, якіх прэзідэнт называе і прызначае.
Чацвёртая: словы-цэтлікі
Тыповая рыса навамоўя — словы-цэтлікі, што навешваюцца на людзей ці на з’явы. Сацыялістычны і буржуазны, прагрэсіўны і рэакцыйны, народны і антынародны, нацыянал-фашыст, нацдэм, нацыяналіст, інтэрнацыяналіст, ленінскі, сацыялізм, камунізм, капіталізм, фармалізм, мадэрнізм.
Савецкае навамоўе вельмі любіла абстрактныя цэтлікі — мудрагелістыя словы з няясным зместам. Майстрам такіх цэтлікаў быў Ленін, у ягоным выкананні гэтыя словы пераўтвараліся ў сапраўдную лаянку: рэвізіяністы, ідэалісты, адзавісты, ліквідатары, махісты. Працяг не прымусіў сябе доўга чакаць:
«Гэта быў поўны разгром «эканамізма», разгром ідэалогіі апартунізма, хвасцізма, самацёку» (Гісторыя УсеКП(б). Кароткі курс, 1938). «У адносінах да прымірэнцаў усякага роду будзе правільна сказаць, што гэта толькі перафарбаваныя, замаскаваныя правыя або «левыя» ўхілістыя» (13 з’езд КП(б)Б, 1931).
Навамоўе зацята робіць цэтлікі з імёнаў: «Нават […] у пытаньні трактаразабясьпечаньня, мы адчуваем спадчыну прышчэпаўшчыны […] Партыя правяла рашучае змаганьне з прышчэпаўшчынай і нанесла ёй моцны ўдар» (13 з’езд КП(б)Б, 1931, у цэтлік пераўтворана прозвішча міністра земляробства Змітра Прышчэпава).
Сёння словы-цэтлікі жыўцом бяруцца з англійскай мовы: паводле сучасных гендарных штудый трэба ўсяляк выкрываць сексістаў, фатыстаў, трансфобаў і гамафобаў, эйджыстаў, эйблістаў, віктымблэйераў і аб’юзэраў, не гаворачы ўжо пра патрыярхальных агентаў таксічнай ідэалогіі газлайтынга і слатшэймінга.
З гэтай буйной словатворчасцю не параўнаюцца непрыкметныя «капээсэсьнікі», «агэпоўцы» і «квазі-апазыцыя», сурова асуджаныя Зянонам Пазняком. Негатыўныя — у вуснах правых палітыкаў цэтлікі — «атэізм», «фемінізм» таксама не набылі ўсеагульнага адмоўнага значэння. Болей пашанцавала такім клішэ, як «нацыянальны» і «антынацыянальны», не здаюць першыя пазіцыі інтэрнэтныя «ватнікі» і тэлевізійныя «бандэраўцы». Да цэтліка набліжаюцца «левалібералы», якія замахваюцца на «традыцыйную мараль» з яе традыцыйнымі каштоўнасцямі (быццам, бывае нетрадыйная мараль з нетрадыйнымі каштоўнасцямі).
Каб стаць навамоўным цэтлікам, нейтральнае слова набіраецца эмоцый — і далей слова-ацэнка ўжываецца як прылада для смяротнага бою. Навамоўнае слова-клішэ не адкрывае дыскусію, а касуе яе, не слухае іншага, а затыкае яму рот, не шануе людской годнасці, а пераўтварае чалавека ў мёртвую рэч: у манумент ці адкід.
Працяг будзе