Дванаццаць пастак навамоўя. Частка ІІ

Шэсцьдзясят гадоў таму слова навамоўе ўжыў англійскі пісьменнік Джордж Оруэл у сваім рамане «1984». У яго антыўтопіі ўсюдыісная тыранія прыдумала таталітарны жаргон, што адбірае свабоду. Навамоўе ўтаймоўвае вашы думкі з дапамогаю некалькіх пастак.

db451c56.jpg


Працяг. Упершай частцы мы распавялі пра чатыры пасткі навамоўя: дзяленне свету на чорны і белы, пошукі ворагаў, экзальтацыю і словы-цэтлікі.


Пятая: неперакладальнасць

Навамоўе — гэта маналог, і адзін з яго элементаў — ужыванне неперакладальных скаротаў і выразаў. Навамоўны выраз нельга проста так патлумачыць уласнымі словамі, бо гэта пагражае палітычнай ерассю. Навамоўю трэба падпарадкоўвацца.

Паспрабуйце перакласці, напрыклад, апісанне газеты «Сталінец», што выходзіла ў 1934–1936 гадах (сама назва газеты ўжо гаваркая): «Сталінец: орган палітаддзела і рабачкому свінасоўгаса імя Сталіна Дзяржынскага раёна».

«Рабачком свінасоўгасу» — гэта значыць, рабочы камітэт свіной савецкай гаспадаркі, але падрабязная расшыфроўка губляе свой непаўторны водар. А як вам падабаецца «Чырвоны прадзільшчык: орган партбюро КП(б) Беларусі і фабкома Віцебскай ільнопрадзільнай фабрыкі імені Л. М. Кагановіча, 1929-1941 гг.»? А лікбез (ліквідацыя непісьменнасці, рус. безграмотности)?

Перад навамоўным скаротам ЛГБТК+ трэба схіліць галаву: скарот нязручны і грувасткі, які да таго ж патрабуе здольнага скланяцца ўдакладнення (група ЛГБТК+, тэма ЛГБТК+, супольнасць ЛГБТК+). Увогуле, неперакладальнасць навамоўя задаецца адмысловай лексікай, марфалогіяй і цяжкім, «драўляным» сінтаксісам.

«Драмгурток школы мяркуе выступіць на клубнай сцэне соўгаса «Полымя», дзе будзе праведзен сумесны вечар рабочых соўгаса з рабочымі Бурбінскага спіртзавода» (Газета «Большэвіцкая трыбуна», 23 лютага 1952).

«Цытаванне вачавідна дыскрымінуючых (гамафобных, сэксісцкіх) выказванняў без каментара з боку журналіст_кі/аўтар_кі матэрыялу, які б вызначаў размежаванне паміж пазіцыяй інтэрв’юяванага_ай і пазіцыяй журналіст_кі» (Гендарныя аспекты мовы варожасці ў беларускіх медыя, 2016. Праз падкрэсліванні і ўкосы аўтаркі звярталіся да мужчынаў, жанчынаў — і да людзей з іншаю тоеснасцю, але атрымалася зусім нечытэльна. Я не кажу ўжо пра відавочныя памылкі). Нарэшце:

«Камуністычная партыя Беларусі [1], рабочы клас [2], калгаснае сялянства [3], інтэлігенцыя нашай рэспублікі [4], увесь беларускі народ [5] цесна згуртаваныя вакол роднай Камуністычнай партыі, не пашкадуюць сіл і энергіі для практычнага ажыццяўлення задач, пастаўленых партыяй, і ўнясуць свой дастойны ўклад у справу будаўніцтва камуністычнага грамадства ў нашай краіне» (26 з’езд КПБ, 1966, нумарацыя мая).

Апошні прыклад дэманструе яшчэ адну рысу навамоўя — рытуальнасць.


03_humar_1_1948_n8_1.jpg


Шостая: рытуальнасць

Рытуальнасць азначае, што ў пэўных сітуацыях можна казаць толькі так, і ніяк не інакш. І гаварыць можа толькі чалавек на пэўнай пасадзе. У застылых формулах за паслядоўнасцю слоў хаваецца грамадская іерархія. Давайце яшчэ раз зірнём на прыведзены прыклад.

На першым месцы тут стаіць 1) камуністычная партыя, гэта цэнтр савецкага свету. За ёю — 2) рабочы клас, 3) трэцяе кола стварае калгаснае сялянства, а 4) інтэлігенцыя — самая ненадзейная частка камуністычнага ладу — выціснутая на перыферыю. Заўважым, што 5) увесь беларускі народ, які ідзе следам, уключае ў сябе камуністычную партыю Беларусі, яе рабочы клас, калгаснае сялянства, інтэлігенцыю, а таксама неназваных іншых, так што савецкі парадак, ачолены камуністычнаю партыяй, татальны і ахоплівае ўсіх.

Уласнай рытуальнай іерархіяй могуць пахваліцца даследчыцы і даследчыкі, якія змагаюцца ў сённяшняй Беларусі з мовай нянавісці. У іх публікацыях усталявалася такая сталая паслядоўнасць:

«Дзякуючы рэакцыі [1] праваабаронцаў, [2] грамадскіх актывістаў і [3] медыя тэма мовы варожасці выходзіць на новы ўзровень абмеркавання».

Праваабаронцы займаюць тут пасаду камуністычнай партыі, ролю рабочых і калгаснікаў выконваюць грамадскія актывісты, а медыя, якім рэкамендацыі і прызначаныя, знаходзяцца на самым апошнім месцы. Паказальна, што грамадскія актывісты таксама маюць сваю субардынацыю: першынства за ЛГБТ-актывістамі.

Пры гэтым тытулатура сексуальных меншасцяў разрастаецца хутчэй за пасады Генеральнага сакратара ЦК КПСС, Маршала Савецкага Саюза, тройчы Героя Савецкага Саюза Леаніда Ільіча Брэжнева. Калі ў 2015/16 годзе ў «Маніторынгу мовы нянавісці» пераважаў тытул ЛГБТ, то ў 2019 годзе гэта ўжо толькі і выключна — ЛГБТК+. У 2015 годзе рэкамендавалася 20 слоў для правільных назваў, а ўсяго праз год такіх слоў — у тры разы болей. Рытуальнае разбуханне з’яўляецца яскраваю рысаю навамоўя.


Сёмая: самавольнасць

Рытуальная закасцянеласць парадаксальным чынам спалучаецца з самавольнасцю. У навамоўі словам і выразам надаецца сэнс, які толькі захочацца — у залежнасці ад палітычнай сітуацыі. Што абразлівага, напрыклад, у выразе «тэатральныя крытыкі»? Але ў 1949 годзе, пасля публікацыі ў газеце «Праўда» артыкулу з пагрозлівай назвай «Аб адной антыпатрыятычнай групе тэатральных крытыкаў», сціплыя тэатральныя крытыкі пераўтварыліся ў небяспечных «бязродных касмапалітаў». У сталінскія часы выраз «культ асобы» азначаў выбрыкі контррэвалюцыйных пісьменнікаў, якія выслаўлялі палавую распусту, а па смерці Сталіна гэты выраз — з партыйнай падачы — быў ужо эўфемізмам для сталінскай дыктатуры.

Свае нечаканыя сэнсы прыпісваюць фразам пра Другую сусветную вайну беларускія «Журналісты за талерантнасць». Паводле актывістаў з гэтай групы, сёння аніяк нельга гаварыць «нямецка-фашысцкія захопнікі», «нямецкі канцлагер» і «нямецкі палон», бо гэта «мова варожасці» на этнічнай глебе. Увогуле, складаецца ўражанне, што свае рэкамендацыі і разлікі актывісты бяруць са столі.

Вось іх апошняя справаздача за студзень-верасень 2019 года. Адкрываем наўздагад дзве публікацыі з «Бярэзінскай панарамы» з мовай варожасці на глебе ксенафобіі. Адзін матэрыял — «Пасланне Прэзідэнта да беларускага народа». Звычайна ў прамовах першай асобы дзяржавы, і асабліва ў яго лірычных адступленнях, нянавісці хапае. Але тут усё вельмі нудна, тэкст прычасаны. І дзе там нянавісць? Хіба, да фашысцкіх захопнікаў (няўжо, фашыст — гэта нацыянальнасць?). А можа, мова варожасці на этнічнай глебе — гэта прапанова «беларусам […] актыўней удзельнічаць у азеляненні»? Нават стандартныя «нямецка-фашысцкія захопнікі» з іншай публікацыі «Бярэзінскай панарамы», дзе гутарка ідзе пра 95-гадовага ветэрана, — гэта старое савецкае клішэ, якое ад пачатку мусіла сцішыць свой «нямецкі» пафас праз інтэрнацыянальнае «фашысцкае» ўдакладненне.

Яшчэ неабгрунтаваней гучаць заявы даследчыц Аліны Крушынскай і Аляксандры Ігнатовіч. У 2016 годзе яны абвясцілі, што парада сексолага палюбіць дзіця да яго нараджэння з’яўляецца тыповай праявай… мовы варожасці. Даследчыцы «Гендарных аспектаў мовы варожасці» патлумачылі: «Такім чынам стыгматызуецца вопыт людзей, якія ведалі, альбо якім казалі, што іх нараджэнне было непажаданым для іх бацькоў. Дадзенае сцвярджэнне непаўнавартасці пэўных індывідаў стварае негатыўны стэрэатып у тым ліку і пра людзей, якія выхоўваліся ў дзіцячых дамах і іншых дзяржаўных інстытуцыях у сувязі з тым, што іх бацькі адмовіліся ад іх выхавання».

Я паважаю права даследчыц на адметныя азначэнні, сярод якіх і мова варожасці. Але кожнае азначэнне са знаёмымі словамі мусіць пашыраць і ўдакладняць ужо існыя ва ўжытку сэнсы, а ніяк не перакульваць іх дагары нагамі, каб не атрымалася, як у рамане Оруэла, што «Вайна ёсць мір», а «Свабода — гэта рабства». У дадзеным выпадку менавіта такі адвольны перакрут і адбыўся: любоў ёсць нянавісць.

Калі на гэтым тле — у «Брашуры для журналістаў» — патрабуюць лічыць абразлівым нейтральны выраз «сексуальныя меншасці», то гэта ўжо дробязі. Затое, калі змагаюцца за неўжыванне словаў «транссэксуал» і «трансгендар» — гэта самавольнасць, якая сама сябе выкрывае.

Давайце зірнём на артыкул «Топ-7 советов журналистам и сетевым авторам. Как писать о транссексуалах?» ад 2016 года. Артыкул патрабуе: «Ніколі не выкарыстоўвайце наступныя словы: транссэксуал, трансвестыт […] змена полу. Замест іх лепей выкарыстоўваць: транссэксуальная кабета, трансгендарная кабета, транссэксуальны мужчына, трансгендарны мужчына […] трэці пол, пераход».

Вось толькі ў самім тэксце гэтыя патрабаванні ігнаруюцца. Усцяж сустракаюцца забароненыя «транссэксуалы» і «змена полу», а рэкамендаваныя словы адсунутыя на дзясятыя ролі. Анастасія Шылава, якая пераклала артыкул з англійскай мовы, паспрабавала накінуць «транссэксуалам» з рускай (і беларускай) мовы экспрэсію амерыканскага жаргону, дзе адпаведнае слова (tranny) гучыць адмоўна. Мушу тут нагадаць, што кожная мова мае ўласныя правілы і рабіць адвольныя пераносы з адной мовы ў іншую не выпадае.

Але навамоўе не хвалююць нейкія моўныя правілы, бо яно само задае іх згодна са сваёй палітычнаю логікай. І ў яшчэ меншай ступені хвалююць навамоўе пратэсты журналістаў, якім загадана яго ўжываць — і меркаванне груп, якіх навамоўе абараняе.

У 2017 годзе абаронца Віялета Ермакова зрабіла спробу навучыць як журналістаў, так і меншасці, правільнаму слоўніку, прыводзячы незвычайныя лінгвістычныя аргументы: «Мы на ўсіх […] маніторынгах казалі, што «трансгендар» — гэта некарэктная лексіка. Гучыць як «трансформер», вельмі абясчалавечвальна […] Яно […] праводзіць межы: ёсць людзі, а ёсць трансгендары».

Але потым экспертка здалася: «Але […] па факце, гэта слова выкарыстоўваецца як нейтральнае. У мяне цяпер пытанне да транс-супольнасці Беларусі: як вы хочаце, каб вас называлі?»

Падумаць толькі! Усяго на трэці год зацятай барацьбы з мовай нянавісці дыпламаваныя абаронцы зрабілі ласку і пацікавіліся саманазвай абараняемых. Дарэчы, яны маглі гэтага і не рабіць: Карла Маркса таксама не цікавілі імёны пралетарыяту, але толькі яго лёс і сусветна-гістарычная місія, якую Маркс пралетарыяту прадпіша.


Недакладнасць выразаў, эзопава мова — восьмая пастка

У грамадстве, дзе пануе навамоўе, мастакі прыбягаюць да эзопавай мовы, каб сказаць недазволенае. Але, як ні дзіўна, эзопавай мовай карыстаецца і ўлада — каб недазволенага не сказаць. Галаўным болем для яе становяцца поспехі ворагаў і ўласныя пралікі, якія ўсяляк прымяншаюцца. Падвышэнне цэнаў становіцца «карэкцыяй» (яшчэ і на шматлікія просьбы працоўных!), брак мяса і малака — «рэгуляцыяй», а разгул злачыннасці і павальнае п’янства на працы — «асобнымі недахопамі».

Паглядзіце, як выкручваецца першы сакратар КПБ, калі гаворыць пра гэтыя недахопы: «У атмасферы сумленнай, самаадданай працы, сацыялістычнага калектывізму асабліва нецярпімыя факты адхілення ад выпрацаваных рабочым класам, народам традыцый і норм савецкага ладу жыцця. Злоўжываючы нашым гуманізмам, асобныя грамадзяне вядуць паразітычнае існаванне, раскрадаюць сацыялістычную ўласнасць, парушаюць грамадскі парадак, падрываюць дысцыпліну працы». (27 з’езд КПБ, 1971).

Асобныя грамадзяне, пэўныя людзі, некаторыя таварышы могуць перайсці ў катэгорыю ворагаў, а могуць застацца «нашымі таварышамі», якія робяць раздражняльныя ўчынкі, але вялікіх рэпрэсій не заслугоўваюць.

«Некаторыя таварышы думаюць: "Ну, слава алаху, ЦКК ліквідавалі […]" Хто так разважае, той нічога не разумее ў тэзісах па дакладу тав.Кагановіча аб рэарганізацыі кантрольных органаў партыі» (15 з’езд КПБ, 1934)

«У некаторых нашых таварышоў можа закружыцца галава ад такіх поспехаў […] Ёсць небяспека, што сёй-той з нашых таварышоў, ап’янеўшы ад поспехаў, зазнаецца ўканец» (Сталін, 1934).

А ў гэтым выступе Сталіна за галавакружэннем ад поспехаў хаваецца страшная праўда пра здзекі з сялянства, якое гвалтам заганялі ў калгасы.

А вось у іншым прыкладзе гэтыя некаторыя заслугоўваюць актыўнага лікбезу, каб не ўхіляцца ад адзіна правільнай генеральнай лініі: «Сцэнар сексуальных паводзінаў не прывязаны да гендара «генетычна», а гендар — да біялагічнага полу. Некаторыя гомасексуальныя людзі, тым не менш, трымаюцца тэорыі, што сексуальная арыентацыя генетычна абумоўлена і не з’яўляецца персанальным выбарам», — праводзяць гендарную адукацыю Алена Мінчэня і Вольга Сасункевіч (Гендерный ликбез, 2013).

Навамоўе ворагу не спачувае, таму, калі адбылося гора, ахвяру лепей перайменаваць — дый так, каб ніхто не здагадаўся, пра каго гутарка. Пасля тэрарыстычных актаў на Шры-Ланцы Хілары Клінтан і Барак Абама выказалі спачуванне нейкім шанавальнікам Пасхі (Easter worshippers), за якімі хаваліся звычайныя хрысціяне. Але ў свеце Абамы і Клінтан, дзе пануюць ісламафобія і белая дамінацыя, прыгнятальнікі-хрысціяне на ахвяраў не надаюцца, а імя Хрыст-іяне не павінна прагучаць.

Заканчэнне будзе