Дванаццаць пастак навамоўя. Частка ІІІ
У тэлевізары, сеціве, на старонках газет, у канцылярыі і нават у рэкамендацыях для журналістаў усцяж сустракаецца навамоўе — таталітарны жаргон, што адбірае свабоду. Навамоўе ўтаймоўвае вашыя думкі з дапамогай некалькіх пастак. Якія ж рысы навамоўя?
Дзявятая пастка: магія
Навамоўны свет магічны. Гэта значыць, што рэчы пажаданыя і агучаныя — гэта ўжо рэчы здзейсненыя. У навамоўі, як і ў старажытнай магіі, сказаць — гэта зрабіць: «Пяцігодку ў чатыры гады!»; «Дагонім і перагонім Амерыку!»; «Сённяшняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме!»; «Жыць стала лепей, жыць стала весялей!»
Змена словаў азначае змену рэчаіснасці. Калі маніпуляваць з мовай, то можна зрабіць са светам усё, што захочацца. Дарэчы, сацыялістычны рэалізм, які паказвае жыццё такім, якім яно павінна быць згодна з пажаданнямі камуністаў, — гэта свет магіі. А вось — звычайная камуністычная фраза, якая стаіць на цвёрдым магічным фундаменце: «Ва ўсенародную барацьбу за далейшы ўсебаковы прагрэс нашай вялікай Радзімы камуністы, усе працоўныя рэспублікі ўключаюцца з глыбокай упэўненасцю ў сваёй узросшай здольнасці працаваць лепш і ўвасобіць у канкрэтныя справы прадвызначэнні маючага адбыцца XXV з’езда КПСС» (28 з’езд КПБ, 1976).
«Працоўныя рэспублікі» яшчэ да таго, як гэтая фраза прагучала, ужо ўлучаныя «ва ўсенародную барацьбу», «прагрэс» ужо здзейсніўся, і застаецца толькі «далейшы ўсебаковы прагрэс». Нарэшце, працоўныя будуць працаваць лепш, бо маюць загадзя «глыбокую ўпэўненасць», якая сілкуецца прадвызначэннямі чарговага з’езду КПСС.
Партыйныя словы твораць жыццё: ворагам прадвызначаюць смерць, а галоўны маг — камуністычны правадыр.
На магію спадзяюцца і «Журналісты за талерантнасць»: «СМІ маюць уладу да пэўнай ступені праграмаваць тое, у якім свеце мы будзем жыць заўтра. І мэта нашай ініцыятыўнай групы — звярнуць увагу журналістаў на чароўную палачку ў іхняй руцэ», — піша Віялета Ермакова ў «Маніторынгу мовы варожасці ў беларускіх СМІ», 2014.
Гэтая магія вяртае ў пракаветныя часы, дзе логіка таксама магічная («падобнае — значыць тоеснае», «у той самы час — значыць тоеснае», «у тым самым месцы — значыць тоеснае»):
1. Беларускія нацыяналісты напісалі тэлеграму нямецкаму кайзеру — значыць, яны здраднікі.
2. Нацыяналісты клапаціліся пра беларускую мову — значыць, усе, хто клапоціцца пра беларускую мову, здраднікі.
3. Нямецкая акупацыя падчас Першай сусветнай вайны = «нямецка-фашысцкай акупацыі ў Вялікую Айчынную вайну» — значыць, усе барацьбіты за беларускую мову — фашысты.
Дзясятая: селекцыя
У навамоўі словы сплеценыя ў чорна-белае сеціва, якое гарантуе селекцыю словаў, рэчаў і людзей. Чужое не мае права на голас і мусіць быць абясшкоджанае.
Давайце паслухаем выступ сакратара Мікалая Гусарава на XIX з’ездзе КП(б)Б, 1949 год: «Была выкрыта ілжывая нацыяналістычная тэорыйка, нібыта святло культуры ў Беларусь ішло не з усходу […] Была таксама выкрыта і падвергнута крытыцы другая нацыяналістычная тэорыйка аб «залатым веку», які нібыта перажывала Беларусь у сваім эканамічным, палітычным і духоўным развіцці з XIV — XVI, знаходзячыся ў складзе Літоўскай і Польскай феадальных дзяржаў».
«Нібыта, ілжывая, нацыяналістычная тэорыйка» — пазначае тут мову ворага, які мусіць быць выкрыты і разгромлены. Навамоўе злоўжывае двукоссямі, якія не даносяць да нас чужыя словы, а з гэтых словаў здзекуюцца, ізалююць іх і падводзяць пад расстрэл:
«Пазней, стаўшы “марксістам”, Троцкі доўга не мог пагадзіцца, што ёсць у Расіі розумы, вышэйшыя за яго ўласны […] Паспрабаваў узначаліць “бунт” супраць дэспатызму настаўнікаў […] Як “кіраваў” Троцкі паўстаннем, можна ўявіць і па тым, што адзіным яго памочнікам у тую ноч, які не адступаў ні на крок, быў Каменеў — той, што за колькі дзён выдаў ворагу план наступлення, зрабіў здраду, за якую расстралялі б у любой арміі», — зрывае маскі з вядомага камуніста-яўрэя Іван Шамякін у рамане «Петраград-Брэст».
А, напрыклад, Барыс Мікуліч у рамане 1932 года «Наша сонца» абясшкодзіў Беларускую Сацыялістычную Грамаду і Беларускую Раду, напісаўшы іх з маленькіх літар.
Усялякім коштам нейтралізоўваць ворага патрабуюць «Журналісты за талерантнасць»: небяспечныя словы з цытатаў суразмоўцаў трэба абавязкова асуджаць, а яшчэ лепей, варта ўжываць толькі правільную лексіку з апошняга «Маніторынгу мовы варожасці».
У навамоўі за селекцыяй слоў ідзе селекцыя людзей, іх забойства — ці, прынамсі, іх магічная перапрацоўка:
«Разуменне “карная палітыка” ў нашых умовах нават у адносінах да самых рэакцыйных, самых злачынных, самых соцыяльна-небяспечных людзей, усім сваім зместам мае за мэту перавыхаванне так званага злачынца, дапамогу яму ў справе вызвалення ад атрутнай спадчыны капіталістычнага лада», — пісаў Платон Галавач у нарысе пра Беламорканал.
Апашленне смерці і смеху — адзінаццатая пастка
Навамоўе пазбаўляе смерць глыбіні, а смех — вастрыні. Піянер (камуніст, камсамолец) прагне падарваць сябе і ворагаў адной гранатай, застыць ледзяной глыбай, ён мусіць знявечыцца ў барацьбе за пятую пяцігодку ці ў бітве за ўраджай, нарэшце, яму карціць загінуць ад смагі ў апошняй антыалкагольнай кампаніі. Тыповы савецкі герой не мае свабоды волі, але мае адзін абавязак — паступаць згодна з загадам камуністычнай партыі і стаць пылам пад яе ботамі.
Яшчэ горшая сітуацыя ў навамоўі са смехам. Смяяцца можна, але на загад, кпіць трэба з ворагаў, а жартаваць дазволена над дробнымі бюракратамі (якіх неўзабаве здымуць). Андрэй Мрый, які ў «Запісках Самсона Самасуя» абяцаў вялікую кар’еру свайму герою-прайдзісвету і, што самае нахабнае, абсмяяў савецкае навамоўе, расплаціўся за гэта жыццём. Рагатаць з улады нельга, як і дапускаць «усёдазволенасць», на што скардзіліся старыя камуністы і сувора-сур’ёзныя гендарныя даследчыцы.
Дванаццатая: кепскі стыль
У выніку навамоўны стыль цяжкі і вязкі. Ён пазбаўлены яснасці і дакладнасці, ён не стасуецца да сітуацыі, мяшае лаянку з навуковым пафасам і грэбуе чытачом. У навамоўі дзеясловы пераўтвараюцца ў грувасткія назоўнікі, родныя склоны ідуць ланцугом, а словы навязліва паўтараюцца:
«Няхай сунуцца зараз опортуністычныя (бундаўскія, ліквідатарскія, народніцкія сволачы, няхай дадуць свой такі-ж дакладны і такі-ж поўны адказ на ўсе запытаньні, закранутыя і вырашаныя ў нашай рэзолюцыі!» (Ленін, 1913, Ліст С.Г. Шаумяну, цытуецца на 12 з’ездзе КПБ, 1929).
«Клопаты партыйных камітэтаў аб мэтанакіраванай і па-мастацку паўнацэннай рэпертуарнай лініі садзейнічалі павышэнню грамадскай ролі тэатра, умацаванню яго сувязяў з жыццём народа […] Неадкладна прыняць канкрэтныя меры па паскарэнню тэмпаў росту вытворчасці, паляпшэнню ўсіх якасных паказчыкаў, каб у лютым выйсці на патрэбны рытм, які забяспечыў бы паспяховае выкананне прынятых абавязацельстваў» (28 з’езд КПБ, 1976 год).
«Дыялектычны матэрыялізм ёсць светапогляд марксісцка-ленінскай партыі. Ён называецца дыялектычным матэрыялізмам таму, што яго падыход да з’яў прыроды, яго метад вывучэння з’яў прыроды, яго метад пазнання гэтых з’яў з’яўляецца дыялектычным, а яго вытлумачэнне з’яў прыроды, яго разуменне з’яў прыроды, яго тэорыя — матэрыялістычнай» (Гісторыя УсеКП(б). Кароткі курс, 1938).
Дарэчы, гендарныя даследчыцы, якія абапіраюцца на неамарксісцкія метады і дамагаюцца «вызначэння значэнняў у вызначаных СМІ», сваім кепскім стылем пераплюнулі камуністаў. Прывяду мой любімы навамоўны ўрывак:
«…спалучэнне якаснага і колькаснага падыходаў сацыялагічнага даследавання з выкарыстаннем інструментара якасных метадаў даследавання для высвятлення кантэксту функцыявання мовы варожасці ў вылучаных для аналізу СМІ і спосабаў канструявання катэгорый гендарнай і сексуальнай ідэнтычнасцяў у дыскурсе мовы варожасці» (Гендарныя аспекты мовы варожасці ў беларускіх медыя, 2016).
Вы што-небудзь зразумелі? Я патлумачу: гутарка ідзе пра мадэль даследавання. Але самае галоўнае — давайце падлічым тут колькасць родных склонаў: адзін, два, тры, чатыры… за тузін пераваліла! У гэтым нагрувашчанні сэнс зусім губляецца, затое тэкст выглядае ўрачыстым і мудрагелістым. Даследчыцы настойваюць: гэта павінна быць узорам для журналістаў!
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што навамоўнымі прыёмамі не грэбуюць і кансерватыўныя аўтары.
Увогуле, таталітарная мова так проста не адпускае зняволены розум. Вось толькі колькі прыкладаў, наўздагад выпісаных з сучасных беларускіх крыніц:
«Ці не спазнілася панначка: клімакс ужо за вуглом» (чорна-белы свет, кабеты, як ворагі. Між іншым, гэта ўрывак з рэцэнзіі!)
«Маніпуляцыі грамадскай свядомасцю праз людзей накшталт Грэты Тунберг у Беларусі не пройдуць» (чорна-белы свет, ворагі, селекцыя).
«Анальный секс остается в авангарде умов общества» (?!)
«Адначасна дэмакратычная форма ўлады спрыяе павелічэнню энтрапіі, разбурэнню грамадскага парадку, прыводзіць да страты кантролю над антыграмадскімі, дэградуючымі працэсамі».
«Вельмі шкада людзей, якія хварэюць на гомасексуалізм, займаюцца фемінізмам» (кепскі стыль, цэтлікі).
«Каму і за колькі дыктатар прадае беларускую зямлю» (селекцыя, чорна-белы свет).
«Топ-5 инфоповодов […] люди внутри комьюнити […] термин “квир” остается маркером ЛГБТ-френдли-риторики».
Галоўная таямніца навамоўя не столькі ў тым, што яно забівае ворагаў, колькі ў тым, што заканамерная стадыя навамоўя — смерць яе носьбіта. І таму на змену беларускаму камуністу, які пагадзіўся на навамоўе, прыходзіць марадзёр «рускага міру», але і той ужо заікаецца чужой таталітарнаю гутаркай.
Па-за межамі такога навамоўя жыве чалавек, які бачыць свет разнастайным, не шукае ворагаў, выказваецца дакладна, сцішае хэнць на карысць агульных правіл, шануе розум, прыслухоўваецца да іншых, не вешае цэтлікаў, не баіцца граць і смяяцца з сябе — і аддае належнае вечнасці.