Беларусы ствараюць мабільную аплікацыю MOVA — можна дапамагчы

Максім Багдановіч, студэнт другога курса Гарвардскага ўніверсытэту, зразам з іншымі студэнтамі распрацоўваюць мабільную аплікацыю — слоўнік сучаснай і «слэнгавай» беларускай мовы. Гэта будзе інтэрактыўны краўдсорсынгавы слоўнік дыялектаў, наватвораў, адметных словаў і г.д.

1558877279_0_152_3099_1895_600x0_80_0_0_60a5bf2ea9278eddcfba4ab9bac5ac83.jpg

Што гэта такое?
«MOVA» — бясплатны дадатак на смартфон, які дазволіць дадаваць свае беларускія словы і выразы, гартаць і шукаць іх у стужцы слоў, даваць ім рэйтынгі, захоўваць тыя, што спадабаліся, у свой уласны слоўнік, а таксама даведвацца і дзяліцца навінамі беларускамоўнай супольнасці.  
Кожны з карыстальнікаў зможа дадаць сваё слова (ці выраз), а таксама яго значэнне, кантэкст ужывання i пераклад. Такiм чынам, можна падзялiцца ведамi з iншымi карыстальнiкамi, а таксама разам узбагаціць беларускую мову новымі словамі і выразамі.
Больш за тое, прапануецца функцыянал, які дазволіць праводзіць лінгвістычныя даследаванні (напрыклад, сачыць за дынамікай запазычанняў з дапамогай тэгаў).
Што хочуць стваральнікі?Даць кожнаму моўцу магчымасць больш істотна паўплываць на развіццё беларускай мовы. Кожны зможа паспрабаваць сябе ў ролi сапраўднага лiнгвiста, этнографа ці фалькларыста. Мэта праекта — палегчыць вывучэнне мовы, паскорыць яе развіццё, стварыць супольнасць моўцаў.
Ведаеце цiкавы дыялект (мы на вас глядзім, палешукі)? Удумалi новае слова, якое б разнастаiла родную гаворку? Пачулi круты выраз ад вашай бабулi? Разбілі дзедаў драндулет, ён вас так смачна абмацюкаў, што нават запісаць захацелася? Вось для гэтага і ствараецца «MOVA».
А што, калi я зусiм не ведаю мовы ці толькi пачынаю яе вучыць?
Працэс вывучэння будзе вясёлым і цікавым. Нават не заўважыце, як пачняеце вольна размаўляць на беларускай мове, выкарыстоўваючы крутыя і сучасныя выразы.
Для таго, каб дапамагчы праекту, можна паўдзельнічаць у апытанцы. Калі хочаце паўдзельнічаць як чалец  каманды, дадайце PDF са сваім рэзюмэ ў адказе на апошняе пытанне. Праекту патрэбныя праграмісты, дызайнеры, бізнес-аналітыкі, лінгвісты і проста валанцёры. Той, хто прапануе найлепшую ідэю, а таксама адзін рандомны рэспандэнт артымаюць па цішотцы з Гарвардскага ўніверсітэта.