Айзек Азімаў загучаў па-беларуску — і гэта не фантастыка!

Паводле апавядання Айзека Азімава творчая суполка беларусаў Нью-Ёрка і Бостана падрыхтавала аўдыёспектакль «Задавальненне гарантуецца».

azimau.jpg

У 2020-м адзначаецца 100-гадовы юбілей Айзека Азімава — сусветна вядомага пісьменніка, які зрабіў надзвычай плённы ўнёсак у такія літаратурныя жанры, як навуковая фантастыка, дэтэктыў, фэнтэзі.

Айзек Азімаў нарадзіўся ў вёсцы Пятровічы (на момант яго нараджэння належала да тэрыторыі Літоўска-Беларускай Савецкай Рэспублікі, цяпер — Смаленская вобласць Расіі). Паміж сабой Азімавы размаўлялі на ідышы, які з’яўляўся адной з чатырох дзяржаўных моваў тагачаснай Беларусі. У 1923 годзе сям’я Азімавых імігравала ў ЗША, дзе і прайшла асноўная частка жыцця аўтара каля 500 кніг, шматразовага лаўрэата разнастайных прэмій.

З нагоды юбілею знакамітага пісьменніка, які дзівосным чынам прадбачыў будучыню, творчая суполка беларусаў Нью-Ёрка і Бостана падрыхтавала аўдыёспектакль паводле яго апавядання “Задавальненне гарантуецца”. Сюжэт апавядання выглядае вельмі сучасна, нягледзячы на тое, што твор быў напісаны амаль 70 гадоў таму.

Пераклад з англійскай мовы выканала Ірына Хадарэнка, запіс быў зроблены на студыі “Kroomkuch”. У стварэнні характараў самых разнастайных персанажаў узялі удзел: Сяржук Сай, Алена Церашкова, Васіль Раманішка, Уладзімір Косак, Кацярына Нікіценка, Ірына Хадарэнка, Раман Карп. Музычнае суправаджэнне склалася з фрагментаў песняў беларускага музыканта Валера Клімовіча, які таксама пражывае ў Нью-Ёрку.

Праект быў здзейснены пры падтрымцы Беларускай Асветніцкай Лігі Амерыкі. Паслухаць аўдыёспектакль паводле апавядання “Задавальненне гарантуецца” можна ТУТ


Паводле прэс-рэлізу