Бітва за кіно. Які лёс напаткаў экранізацыю антываеннага рамана Рэмарка

На экраны выйшла новая кінаверсія рамана Эрыха Марыі Рэмарка «Im Westen nichts Neues» («На Захадзе нічога новага») — аднаго з найвядомейшых антываенных літаратурных твораў. Але экранізацыя гэтага рамана ў 1930 годзе мела велізарны ўплыў на гісторыю, прынамсі, Германіі.

remark_220617_min.jpg


Пераказваць сюжэт кнігі, мусіць, няма сэнсу. У ёй апісваецца гісторыя групы аднакласнікаў у часы Першай сусветнай. Першапачаткова захопленыя ваеннай рамантыкай, яны адпраўляюцца на фронт, дзе па чарзе гінуць. Пры гэтым героі паспяваюць пераканацца ў бессэнсоўнасці вайны.
Сам раман убачыў свет як асобная кніга ў 1929 годзе і меў ашаламляльны поспех: было прададзена паўтара мільёна асобнікаў. Рэалістычны паказ пазіцыйнай вайны з пункту гледжання маладых салдат адгукнуўся ў тых, хто ў ёй выжыў (як салдат, так і грамадзянскіх асоб), і выклікаў бурную рэакцыю (станоўчую ці адмоўную) па ўсім свеце.
Нядзіўна, што ў Галівудзе маментальна звярнулі ўвагу на кнігу і вырашылі заняцца яе экранізацыяй. За справу ўзяўся рэжысёр Льюіс Майлстоўн, і ўжо ў 1930-м карціна «All Quiet on the Western Front» («На Заходнім фронце ўсё спакойна») выйшла ў пракат. Фільм стаў сусветным хітом і прынёс сваім стваральнікам і пракатчыкам агулам каля трох мільёнаў долараў ЗША, што было выключна высокай сумай для таго часу. Наогул гэтая стужка лічыцца адной са 100 лепшых у гісторыі амерыканскага кіно.
А вось у Еўропе рэакцыя на прадукцыю Галівуду была іншай. Фільм дапусцілі да пракату, але пасля моцнай цэнзуры. Напрыклад, у Францыі са стужкі выразалі любоўныя сцэны паміж францужанкамі і нямецкімі салдатамі.Самы вялікі рэзананс карціна выклікала ў веймарскай Германіі. Там ужо пасля публікацыі рамана Рэмарка паўстала вялікая група крытыкаў яго творчасці. Многія суайчыннікі пісьменніка лічылі, што кніга ачарняе ваенныя высілкі Германіі і што Рэмарк перабольшыў жахі вайны дзеля прасоўвання сваіх пацыфісцкіх планаў. Большасць ветэранскіх аб'яднанняў убачыла ў кнізе замах на гонар нямецкага салдата, які пацярпеў за радзіму ў баях сусветнай вайны.
Часам тая крытыка выглядала амаль абсурднай. Так, нехта доктар Карл Кронер быў моцна занепакоены тым, як Рэмарк адлюстраваў на старонках кнігі вайсковы медыцынскі персанал. На яго думку, медработнікі ў Рэмарка выглядалі як людзі зусім абыякавыя і няўважлівыя да праблем простых салдат, што, маўляў, ганьбіць усіх сябраў нямецкай медычнай карпарацыі.
Навіны аб хуткім пракаце фільма Майлстоўна ў Германіі справакавалі мабілізацыю людзей накшталт Кронера. Такім чынам міністэрства рэйхсвера пратэставала супраць дэманстрацыі фільма, паколькі, на думку генералаў, нельга паказваць нямецкіх салдат, якія сумняваюцца ў сэнсе сваёй місіі. Не падабалася ведамству і тое, як у фільме прадстаўлены камандзіры. На экране яны зручна размясціліся далёка ад фронту, абыякавыя да пакут і жахаў на перадавой.
Наймацнейшыя галасы супраць фільма па матывах кнігі Рэмарка гучалі ад нацысцкай партыі і яе ідэалагічных саюзнікаў. Гэта, уласна, і нядзіўна. Адной з важных тэм кнігі з'яўляецца крытыка канцэпцыі сляпога нацыяналізму, на якой грунтавалася ідэалогія NSDAP. Рэмарк часта падкрэслівае, што хлопчыкі ў яго рамане былі вымушаны далучыцца да вайны не супраць сваёй волі, а хутчэй з пачуцця патрыятызму і гонару за нацыю. На фронце ж разумеюць, наколькі бессэнсоўна насамрэч служыць у войску, а сама паўсядзённая служба не адпавядае высокім ідэалам патрыятычнага пафасу. Не прайшлі нацысты і міма таго факту, што рэжысёр стужкі і яе прадзюсар былі габрэямі.
Крытыкай зместу карціны нацысты не абмежаваліся. Было прынята рашэнне зрываць усе кінасеансы. Скандал разгарэўся ўжо на першым паказе фільма ў Германіі, які праходзіў у сталічным кінатэатры «Метраполь». Па ўказанні тагачаснага берлінскага гаўляйтара нацыянал-сацыялістаў Ёзэфа Гебельса штурмавікі занялі кіназалу і не пускалі гледачоў. У выніку сеанс прыйшлося спыніць.
Выступленні супраць паказу «На Заходнім фронце ўсё спакойна» адбываліся і ў іншых гарадах. Як правіла, для зрыву сеансаў выкарыстоўвалася некалькі метадаў. Напрыклад, нацысты падрывалі маленькія бомбы з задушлівым рэчывам, прымушаючы гледачоў пакідаць памяшканне. Часам перад пачаткам паказу ў залу выпускалі мышэй, што выклікала паніку ў часткі аўдыторыі. Практыкаваўся і захоп кіназалаў за некаторы час да пачатку сеанса.
У выніку гэтая стратэгія спрацавала. Па запыце ўрадаў шэрагу зямель Вышэйшая рада па дазволе фільмаў забараніла паказ стужкі ў Германскім рэйху з-за «пагрозы рэпутацыі Германіі». Тады пачала пратэставаць левая і прагрэсіўная грамадскасць, якая склала петыцыю ў абарону фільма. У выніку 2 верасня 1931-га фільм быў паўторна дапушчаны да пракату, але ў яшчэ больш скарочанай версіі. Акрамя таго, паказваць стужку дазвалялася толькі ў закрытым фармаце для абранай аўдыторыі.
Зрэшты, на той момант нацысты ўжо дабіліся свайго, гвалт і прапаганда аказалі свой эфект. А дзяржаўныя органы не змаглі супрацьстаяць карычневым, якія ўзялі вуліцу пад кантроль. Прайграўшы бітву за кіно, антыфашысцкі лагер маральна быў моцна аслаблены. Як пішуць некаторыя гісторыкі, кампанія нацыстаў супраць фільма стала важным поспехам на іх шляху да ўлады.
У 1933 годзе нацысты прыйшлі да ўлады. Кнігу «На Заходнім фронце нічога новага» адной з першых прызналі «дэгенератыўнай» і публічна спалілі. Адначасова быў забаронены фільм. Яго, як і раман, рэабілітуюць у 1945-м.

 Сусветная прэм'ера фільма на платформе Netflix пройдзе 28 кастрычніка

 Сусветная прэм'ера фільма на платформе Netflix пройдзе 28 кастрычніка

Ці выклікае падобны палітычны рэзананс новая экранізацыя «На Заходнім фронце нічога новага» (рэжысёр Эдвард Бергер)? Стужка выходзіць на экраны ў час, калі тэмы вайны, мабілізацыі, патрыятызму вельмі актуальныя. Як мінімум у Расіі рэмаркаўская крытыка пафасу вайны сапраўды выглядае замахам на тэзісы пуцінскай прапаганды.