246-ты дзень вайны ва Украіне. Што здарылася за ноч?
За дзве гадзіны позна ўвечары расійскія войскі выпусцілі па Украіне больш за 20 дронаў-камікадзэ Shahed-136, з якіх 19 атрымалася збіць. Без пажараў і абстрэлаў таксама не абышлося.
У Запарожжы прагрымеў выбух позна ўвечары 26 кастрычніка. У горадзе і вобласці была абвешчана паветраная трывога. Як адзначаюць СМІ, гук выбуху быў чутны каля 23.50. Здарылася гэта пасля сігналу аб ракетнай небяспецы.
Паводле папярэдняй інфармацыі, рускія выпусцілі тры снарады рэактыўных сістэм залпавага агню «Смерч». Знішчаны аб'ект інфраструктуры. Узнік пажар, які неўзабаве здолелі патушыць. Жыхары Запарожжа, якія апынуліся побач з эпіцэнтрам выбуху, паведамляюць аб выбітых вокнах.
«Прылёты» і пажар на Кіеўшчыне. Пра гэта паведаміў у сацсетках кіраўнік кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Аляксей Кулеба: «Расіяне тэрарызуюць Кіеўшчыну ноччу, — напісаў ён. — Маем некалькі прылётаў у адной з суполак вобласці. На месцы працуюць ратавальнікі і ўсе экстранныя службы. Працягваецца ліквідацыя пажару і наступстваў удару. Папярэдне ахвяр і пацярпелых няма. Нашы сілы СПА ліквідавалі варожыя паветраныя аб'екты».
Вось такія фота наступстваў атакі на Кіеўскую вобласць змяшчаюць тэлеграм-каналы. Як паведаміў кіраўнік Нацпаліцыі вобласці Андрэй Небітаў, ркскія здзейснілі больш за 6 нападаў іранскімі дронамі-камікадзэ.
Ноччу расіяне атакавалі адно з прамысловых прадпрыемстваў Краматорска. Пра гэта паведаміў мэр горада Аляксандр Ганчарэнка. Абышлося без ахвяр, але ёсць разбурэнні.
У Данецкай вобласці ў выніку варожых абстрэлаў за суткі загінулі трое мірных жыхароў. Людзі загінулі ў Бахмуце. Яшчэ два чалавекі за ўчора атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.
Расія заявіла, што амерыканскія камерцыйныя спадарожнікі могуць стаць «законнымі мэтамі для ўдару» ў рамках вайны ва Украіне. «Гаворка ідзе пра задзейнічанне ЗША і іх хаўруснікамі кампанентаў грамадзянскай інфраструктуры ў космасе, у тым ліку камерцыйнай, ва ўзброеных канфліктах», — заявіў намеснік дырэктара Дэпартамента кантролю над узбраеннямі МЗС РФ Канстанцін Варанцоў, калі выступаў на пасяджэнні Першага камітэта Генасамблеі ААН. Паводле яго слоў, гэтыя спадарожнікі — «квазіцывільная інфраструктура», таму яны могуць «стаць законнай мэтай для ўдару ў адказ».
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што Пуцін не зацікаўлены ў перамовах з Украінай і захоўвае максімалісцкія мэты вайны. Пра гэта сведчыць яго рыторыка. Так, Пуцін заявіў, што Украіна «страціла суверэнітэт», а таксама што ЗША выкарыстоўваюць Украіну для «тарана» супраць Расіі.
ISW таксама паведамляе, што расійскія войскі здзейснілі наступ на Цернавую Харкаўскай вобласці, верагодна, для таго, каб заблакаваць там украінскія войскі і не даць ім магчымасць узмацніць украінскія контрнаступальныя аперацыі ў іншых месцах.
Брытанская выведка піша: 24 кастрычніка прэм'ер РФ Міхаіл Мішусцін заявіў, што мэр Масквы Сяргей Сабянін будзе каардынаваць «распрацоўку захадаў бяспекі» ў рэгіёнах Расіі. На думку аналітыкаў, гэта прывядзе да больш цеснага ўключэння губернатараў рэгіёнаў у сістэму нацыянальнай бяспекі Расіі. Большае прыцягненне рэгіянальных чыноўнікаў, верагодна, часткова накіраванае на тое, каб адцягнуць грамадскую крытыку ад Крамля, лічыць разведка.
ЗША абвінавацілі Расію ў спробах запалохаць ААН, а таксама пазбегнуць сумеснай з Іранам адказнасці за парушэнне рэзалюцыі Рады Бяспекі 2231 у сувязі з ужываннем іранскіх дронаў для ўдараў па цывільных аб'ектах ва Украіне. Пра гэта на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН заявіў намеснік пастаяннага прадстаўніка ЗША пры ААН Роберт Вуд.
Ён растлумачыў, што Расія спрабуе ўсяляк заблакаваць пачатак расследавання пад эгідай генеральнага сакратара ААН датычна парушэння рэзалюцыі 2231, дзе гаворыцца, у прыватнасці, аб забароне для Ірана ўдзельнічаць у гандлі або перадачы зброі, у тым ліку БПЛА. Іран парушыў патрабаванні рэзалюцыі, калі перадаў баявыя беспілотнікі Расіі, а РФ — калі набыла гэтую зброю і ўжыла яе па мірным цэлях ва Украіне.
Цяпер, каб адцягнуць увагу свету ад сваіх зламысных дзеянняў, расійская дэлегацыя абвінавачвае ЗША і іншыя краіны, якія ініцыююць расследаванне, у парушэнні артыкула 100 Статута ААН. З расійскага боку раздаецца рыторыка, быццам ЗША спрабуюць навязаць генсеку ААН сваю волю.
Дырэктар ЦРУ Уільям Бернс у пачатку кастрычніка наведаў Украіну і сустрэўся з Зяленскім і іншымі чыноўнікамі. Пра гэта CNN паведамілі дзве інфармаваныя крыніцы. Па іх даных, Уільям Бернс пацвердзіў абавязацельства ЗША аказваць падтрымку Украіне ў яе барацьбе супраць расійскай агрэсіі, у прыватнасці шляхам працягу абмену выведвальнымі данымі.
За дзве гадзіны — з 22:00 па 24:00 серады, 26 кастрычніка, — расійскія войскі выпусцілі па Украіне больш за 20 дронаў-камікадзэ Shahed-136, з якіх 19 атрымалася збіць, паведаміла камандаванне паветраных сіл УСУ. У Адэскай вобласці знішчана 15 дронаў, у Мікалаеўскай — 3 у Вінніцкай — адзін. Акрамя таго, зенітным ракетным падраздзяленнем знішчана кіраваная авіяцыйная ракета Х-59.
За дзень падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі рускай арміі ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці і Бахмут, Іванград, Саледар, Маёрск, Краснагораўка і Мар'інка Данецкай вобласці. Пра гэта паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
На тэрыторыю Запарожскай вобласці працягваюць прыбываць расійскія вайскоўцы, мабілізаваныя тыдзень таму. У іх няма ніякай матывацыі і жадання ўдзельнічаць у баявых дзеяннях, фіксуюцца выпадкі дэзерцірства. Тым часам прадстаўнікі прыватных ваенных кампаній вярбуюць зняволеных у папраўчых установах горада Ульянаўска. Большасць з тых, хто згаджаецца ваяваць на тэрыторыі Украіны, — гэта асобы, асуджаныя за забойствы, згвалтаванні і збыт наркотыкаў.
Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце паведаміў, што сітуацыя на перадавой істотных змен не зведала: «Самыя жорсткія баі — на Данеччыне: Бахмуцкі кірунак, Аўдзееўка. Там цяпер больш за ўсё відаць вар'яцтва расійскага камандавання: дзень за днём цягам месяцаў яны гоняць туды людзей на смерць, засяроджваюць там максімальную магутнасць артылерыйскіх удараў. Усе нашы воіны, якія трымаюць пазіцыі на гэтых кірунках у Данецкай вобласці, проста героі».
Паводле korrespondent.net, www.pravda.com.ua, suspilne.media