«Падыходы Беларусі і Ірана супадаюць». Макей сустрэўся з кіраўніком іранскага МЗС
Беларускі рэжым абмяркоўвае з іранскімі ўладамі дамоўленасці, якія «ўяўляюць узаемную цікавасць».
Уладзімір Макей пачаў свой візіт у Іран. Сёння ён правёў перамовы з кіраўніком іранскага МЗС Хасейнам Амірам Абдалахіянам.
Як паведамляе «БелТА», «бакі прадметна абмеркавалі шырокі спектр актуальных пытанняў, накіраваных на пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва». Паведамляецца таксама, нібыта паміж Беларуссю і Іранам былі дасягнуты «канкрэтныя дамоўленасці» эканамічнага характару, а таксама «ў іншых галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць».
«Падыходы Беларусі і Ірана супадаюць па большасці важных пытанняў міжнароднага парадку дня. Ажыццяўляецца канструктыўнае ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях. Мы сёння яшчэ раз прадметна абмеркавалі гэты кірунак. ... Мы будзем і надалей паслядоўна праводзіць палітыку, накіраваную на паглыбленне двухбаковага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі ва ўсіх галінах», — заявіў Макей.
Таксама беларускі чыноўнік паскардзіўся на санкцыі, якія, на яго думку, «выходзяць за рамкі нормаў міжнароднага права». Аднак ён прызнаў іх эфектыўнасць: «У першую чаргу, санкцыйны ціск наносіць шкоду эканоміцы краіны і простым грамадзянам, спрыяе росту напружанасці».
Па выніках сённяшняй сутрэчы было заяўлена і пра «поспехі» ў двухбаковым гандлі». Чым збіраюцца далей гандляваць Беларусь і Іран, Макей не ўдакладніў.
У кастрычніку Расія пачала закупляць у Ірана дроны-камікадзэ «Shahed-136 », якія запускаюцца па ўкраінскіх гарадах з беларускай тэрыторыі. Некалькі дзён таму ў Гомельскай вобласці былі заўважаны групы іранскіх інструктараў — афіцэраў Корпуса Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі. Яны маглі каардынаваць запуск дронаў з Беларусі.