У Беларусь прыбылі іранскія інструктары па запусках дронаў-камікадзэ?
У Беларусі заўважылі іранскіх інструктараў, якія маглі каардынаваць запускі дронаў-камікадзэ Shahed-136 па аб'ектах інфраструктуры ва Украіне.
Як паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Цэнтр нацыянальнага супраціву, у вёсцы Мікулічы ў Гомельскай вобласці заўважылі групу іранскіх інструктараў, афіцэраў Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, якія знаходзяцца пад узмоцненай аховай расійскіх нацгвардзейцаў і афіцэраў ФСБ.
«Паводле інфармацыі ад беларускіх партызан, менавіта гэтыя інструктары каардынавалі запускі дронаў па аб'ектах інфраструктуры Кіеўскай вобласці і паўночных і заходніх абласцях Украіны», — піша выданне.
Акрамя таго, паведамляецца, што расійцы цалкам узялі на сябе кантроль над авіябазамі ў Баранавічах і Лідзе і працягваюць выкарыстоўваць іх для нанясення ўдараў па тэрыторыі Украіны.
Адзначым, што раней іранскіх інструктараў заўважылі і ў Херсонскай вобласці. Да таго ж, іранскія спецыялісты прыбылі ў Крым, каб дапамагаць расійскім жаўнерам накіроўваць дроны на мэты. Паведамлялася, што ўкраінскія ўдары ліквідавалі 10 інструктараў з Ірана.