Спікер паветраных сіл УСУ: Дроны, якія атакуюць Кіеў, былі выпушчаны з тэрыторыі Беларусі
Вядома, што тры чалавекі ў Кіеве былі сёння забітыя гэтымі дронамі. Паводле дэталёвых звестак камандавання паветраных сіл УСУ, усе атакі беспілотнікаў-камікадзэ, у прыватнасці па сталіцы Украіны, наносіліся з поўдня.
![drony.jpg drony.jpg](/img/v1/images/drony.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кіеў і паўночныя вобласці Украіны атакуюць дроны-камікадзэ, выпушчаныя з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта расказаў спікер камандавання паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат.
Паводле яго слоў, яшчэ тыдзень таму прайшла інфармацыя, што ў Беларусь завезлі некалькі дзясяткаў дронаў, казалі пра 40, верагодна, што нават больш.
У зоне адказнасці Паветранага камандавання «Цэнтр», а гэта паўночныя і цэнтральныя раёны краіны, зенітнымі ракетнымі падраздзяленнямі і знішчальнікамі знішчана дзевяць беспілотнікаў-камікадзэ «шахед-136».
Таксама ёсць дадзеныя аб баявой працы СПА сухапутных войскаў на гэтым кірунку — знішчана як мінімум два «шахеда».
Паводле дэталёвых звестак, усе атакі беспілотнікаў-камікадзэ, у прыватнасці па сталіцы, наносіліся з поўдня.
![У Кіеве зноў выбухі. 236-ты дзень вайны У Кіеве зноў выбухі. 236-ты дзень вайны](/img/v1/images/1665403764_1013.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«І з таго часу дроны актыўна запускаюцца з Курскай вобласці (Расія) і з тэрыторыі Беларусі, яны залятаюць у Кіеўскую вобласць і па рэчышчы Дняпра і такім чынам атакуюць і сталіцу, і іншыя вобласці на поўначы Украіны», — адзначыў ён.
![drony_2.jpg drony_2.jpg](/img/v1/images/drony_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Раней паведамлялася, што акупанты атакавалі Кіеў іранскімі дронамі. Там раздаўся шэраг выбухаў. Некалькі жылых дамоў атрымалі пашкоджанні, загарэўся нежылы будынак. Расійцы хацелі трапіць дронамі ў аб'ект інфраструктуры каля кіеўскага вакзала, але патрапілі побач. Рух па некалькіх вуліцах у цэнтры сталіцы перакрыты, улады просяць не выязджаць у цэнтр горада без вострай неабходнасці.