Невядомыя абаронцы. Татары ў савецка-польскай вайне

У 1397 годзе некалькі тысяч крымскіх татараў былі паселены Вялікім князем літоўскім Вітаўтам у наваколлях сучасных Вільні, Трокаў, Коўна, Мінска і Гродна. Яны гераічна паказалі сябе ў Грунвальдскай бітве 1410 года і з цягам часу арганічна ўліліся ў грамадства спачатку Вялікага Княства, а пазней і Рэчы Паспалітай.

Польскія агітацыйныя плакаты

Праз 500 гадоў, калі пачала адраджацца Рэч Паспалітая дзяржава, нашчадкам ваяроў Тахтамыша зноў прыйшлося ўзяць у рукі зброю, каб бараніць яе свабоду і незалежнасць.

Стварэнне палка

Ініцыятыва аб стварэнні татарскіх вайсковых фарміраванняў у складзе Войска Польскага зыходзіла ад абшчыны польска-беларускіх татараў. Першы загад аб стварэнні татарскай кавалерыі аддаў кіраўнік РП Юзаф Пілсудскі ў студзені 1919 года. Камплектаванне было ўскладзена на прадстаўнікоў усё той жа татарскай дыяспары. Афіцэры татарскага паходжання сталі аб'язджаць татарскія слабоды і вербаваць на службу добраахвотнікаў. Эфект быў спачатку даволі слабым, бо большасць насельніцтва гэтых слабод складалі жанчыны, дзеці і старыя. Мужчыны ў асноўнай масе яшчэ не вярнуліся ў свае дамы з фронту пасля Першай сусветнай вайны. Тыя ж, хто вярнуцца паспеў, стаміліся ад бітваў і не гарэлі жаданнем ізноў садзіцца ў сядло.

Таму першапачаткова полк складаўся ўсяго на 1/5 з этнічных татараў (шчыра кажучы, гэта праблема ніколі да канца так і не была вырашана). Астатнія былі прадстаўнікамі абсалютна розных народаў, што былі прыцягнуты экзатычнай назвай і арыгінальнай вопраткай. Урэшце, нягледзячы на ўсе праблемы, да 1920 года полк усё ж такі атрымалася сфарміраваць. Яго першым камандзірам стаў палкоўнік Раман Фалькоўскі.

Пасля намаганняў ураджэнца беларускай Ашмяншчыны, сенатара татарскага паходжання і асабістага сябра Пілсудскага Аляксандра Ахматовіча, новасфарміраваная воінская адзінка атрымала імя «Татарскі кавалерыйскі полк імя Мустафы Ахматовіча» («Pułk Jazdy Tatarskiej im. Mustafy Achmatowicza»).

Польскі сенатар татарскага паходжання Аляксандр Ахматовіч

Ахматовіч Мурза Мустафа быў першым камандзірам эскадрона татараў ВКЛ Імператарскай гвардыі Напалеона І. Ветэран паўстання Касцюшкі, ён ваяваў на баку Банапарта за аднаўленне незалежнасці сваёй Бацькаўшчыны. Памёр Мустафа Ахматовіч ад ран у шпіталі пасля абароны Вільні ад царскіх войскаў 10-12 снежня 1812 года.

Каб павялічыць колькасць байцоў, польскае камандаванне аддало загад накіроўваць у полк татараў з іншых злучэнняў. Але этнічных татараў зноў моцна бракавала, і другі раз давялося дабіраць колькасць з прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. У 1920 годзе ў полк было прызвана каля 200 мусульман, у асноўным азербайджанцаў. На піку сваёй моцы полк налічваў каля 600 уланаў, якія прыводзіліся да прысягі мусульманскім імамам.

Татарскі полк знешне моцна вылучаўся сярод іншых частак Войска Польскага. Толькі ў ім уланы насілі чырвоныя штаны з двухсантыметровай белай паласой. На блакітных вымпелах былі паўмесяц і зорка. Уланы з Каўказа насілі нацыянальныя аўчынныя папахі, што, канешне, абсалютна не адпавядала армейскаму статуту, але для горцаў, якія не асабліва любілі воінскую дысцыпліну, было вырашана зрабіць выключэнне.

Сяржант палка татарскай кавалерыі ў параднай форме

Гэта перыядычна стварала праблемы. З-за папах татараў часта блыталі з бальшавікамі. З іншага боку, гэта стала для іх вялікай перавагай, бо пры правядзенні разведкі ў тыле суперніка «чырвоныя« казакі часта прымалі іх за сваіх.

Удзел у баях

Праз некалькі месяцаў пасля фарміравання першае з падраздзяленняў палка пайшло на фронт. Яго задачай была абарона лініі размежавання з Германіяй, з войскамі якой ішлі пастаянныя баі. Сваё баявое хрышчэнне татарскія аддзелы атрымалі ў баях з немцамі пад Гродна. Пазней супернікамі татараў былі ўжо толькі бальшавікі.

Восенню 1919 года полк пад камандаваннем генерала Уладзіслава Сікорскага рушыў на Палессе. У кастрычніку таго ж года Сікорскі вельмі хваліў баявыя якасці татарскай конніцы. Ён пісаў, што «яны заўсёды і на ўсіх пасадах, якія толькі Радзіма ім даручае, выдатна выконваюць сваю слаўную баявую справу». Татары добра праявілі сябе ў баі на Калінкавіцкім чыгуначным вузле, дзе ў выніку хуткай кавалерыйскай атакі разбілі бальшавіцкія атрады і ўзялі шмат палонных.

Салдаты татарскага палка ў 1919 годзе

Наступным этапам баявога шляху палка стаў удзел у Кіеўскай аперацыі. Татары зноў паказалі сябе з самага лепшага боку. Дзякуючы сваёй манеўранасці яны сталі галаўным болем для частак Чырвонай Арміі. Так, камандзір адной з польскіх аператыўных груп палкоўнік Юзаф Рыбак цаніў іх вельмі высока, ён пісаў, што татарскія коннікі неслі сваю службу з «маладзецкай ініцыятывай, мужнасцю і зацятасцю». Пасля ўзяцця Кіева ім нават было даручана кантраляваць знешнюю абаронную лінію горада.

Аднак, у выніку прарыву фронту бальшавікамі, пазней Войска Польскае ўсё ж такі было вымушана адысці ад Кіева. Татарскі полк зноў даказаў сваю эфектыўнасць, прыкрываючы адыход асноўных сіл. І гэта нягледзячы на балючыя страты, якія часта даходзілі да паловы асабовага складу.

Татары пры абароне Плоцка

Маладыя ўланы Татарскага палка. 1919-1920 гады

Пасля адступлення полк быў адведзены ў Плоцк на адпачынак і папаўненне. Але неўзабаве яму зноў прыйшлося ваяваць з савецкімі войскамі, цяпер ужо на тэрыторыі самой Польшчы.

Улетку 1920 года камандуючы Заходнім фронтам РСЧА Міхаіл Тухачэўскі, падчас так званага «Польскага паходу», планаваў абысці Варшаву з поўначы і паўночнага ўсходу. Гэтую задачу ён усклаў на 3-ці кавалерыйскі корпус Гая Дзмітрыевіча Гая (сапраўднае імя — Гайк Бжышкян, савецкі военачальнік армянскага паходжання, рэпрэсаваны ў 1937-м.— Рэд.). За адзінаццаць дзён той дасягнуў Віслы і рушыў у бок Плоцка. Татарскі кавалерыйскі полк, які аказаўся самым вопытным з раскватараваных у горадзе польскіх частак, быў на той момант знясілены і моцна выматаны ў баях. Амаль палова ўланаў увогуле была без коней. Але гэта ніяк не паўплывала на іх рашэнне застацца і абараняць горад да канца.

З пачаткам савецкага наступлення полк трапіў літаральна пад бальшавіцкі каток. Нягледзячы на абсалютную перавагу праціўніка байцы палка і не думалі адступаць. Дзясяткі забітых, яшчэ больш параненых — такія страты панёс татарскі полк усяго за адзін дзень баёў. Гэта паказала кіраўнікам абароны горада, якія сумняваліся ў яго баяздольнасці, што татары гатовы ваяваць да канца, не шкадуючы сваіх жыццяў. Пасля таго, як усе боепрыпасы былі расстраляныя, многія з іх адмаўляліся здавацца ў палон і канчалі жыццё самагубствам.

Вось што пісалі пра татараў відавочцы тых падзей: «Эскадрон уланаў і татараў дзёрзкай атакай, якая зводзіла з розуму, прарваў бальшавіцкую пяхоту і атакаваў артылерыю і склад, выклікаўшы паніку ў тыле ворага, якога цяпер атакавала наша пяхота. Усё гэта адбылося літаральна за дзясятак ці каля таго хвілін. Пасля шматгадзіннага жорсткага бою, пры поўнай перавазе сіл бальшавікоў, адна магутная атака ўланаў вырашыла лёс горада. Бальшавікі пачалі адступаць. Пагоня за імі доўжылася больш за суткі. На трэці дзень амаль 8 гадзін без перапынку цераз мост вялі зняволеных. Яны ішлі калонамі па 200 чалавек у кожнай. Кожную калону вёў усяго толькі адзін улан».

Горад быў выратаваны. 25 жніўня камандуючы абаронай Плоцка выдаў афіцыйны загад, у якім выказваў удзячнасць татарам за праяўленыя гераічнасць і мужнасць.

Гераічны канец

Аднак 10 верасня 1920 года з-за высокіх страт полк быў расфарміраваны, а салдаты і афіцэры, якія засталіся ў страі, у большасці сваёй перайшлі ў 13-ты Віленскі ўланскі полк. Пакуль рэшткі палка залечвалі раны, прадстаўнікі татарскай абшчыны патрабавалі ад польскіх улад прадоўжыць стварэнне татарскіх фарміраванняў. Неўзабаве Пілсудскі пагадзіўся з іх довадамі, заявіўшы, што полк быў расфарміраваны без ведама маршала. Праўда, аднавіць яго не паспелі, таму было вырашана стварыць новае падраздзяленне. Міністэрства ваенных спраў ахвотна пагадзілася на прапанову кіраўніка дзяржавы, не забыўшыся згадаць, што загад аб расфарміраванні быў аддадзены выключна па непаразуменні.

Сёння цяжка сказаць, ці была ліквідацыя палка наўмыснай, ці насамрэч гэта была памылка. Цяпер немагчыма вызначыць, якія матывы былі ў тых, хто прымаў падобныя рашэнні ў той час.

З рэшткаў татараў, уключаных у склад 13-га ўланскага палка, быў створаны так званы «мусульманскі атрад». Была выбрана такая назва, таму што большасць добраахвотнікаў зноў былі не татарамі, а выхадцамі з Каўказа. І гэта быў апошні падобны атрад у Войску Польскім.

Чымсьці асаблівым атрад вызначыцца не паспеў. Некаторы час ён яшчэ знаходзіўся на фронце, але неўзабаве быў пераведзены ў рэзерв: польскі ўрад заключыў у Рызе з бальшавікамі мір.

Але на гэтым гісторыя татарскіх часцей польскага войска не скончылася: татары працягвалі служыць у 13-м палку і ў наступныя гады. З 9 чэрвеня 1936 года 1-ы эскадрон палка зноў стаў афіцыйна называцца татарскім, а 25 ліпеня 1937 года эскадрону быў урачыста перададзены спецыяльны бунчук татарскага ўзору, які замяніў ранейшы стандартны эскадронны сцяг. У верасні 1939 года эскадрон, як і ўвесь Віленскі ўланскі полк, быў амаль цалкам знішчаны ў баях пры наступленні нямецкіх войскаў. Апошнія салдаты татарскага эскадрона склалі зброю толькі 5 кастрычніка 1939 года пад польскім горадам Коцкам.



Фуражка афіцэра татарскага палка


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: