МЗС Беларусі назвала знішчэнне вайсковых могілак у Мікулішках «уладкаваннем тэрыторыі»

У МЗС Беларусі 7 ліпеня быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы Марцін Вайцяхоўскі. Падставай для гэтага ведамства Уладзіміра Макея назвала «нематываваную заклапочанасць польскага боку сітуацыяй з месцам каля вёскі Мікулішкі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці».

2_2_7_logo_1.jpg

У беларускім МЗС выказалі здзіўленне, што польскія медыя называюць яго «брацкай магілай польскіх салдат». Вайцяхоўскаму было заяўлена, што «афіцыйна там не зарэгістравана вайсковых пахаванняў ці пахаванняў замежных грамадзян».

«Беларускі бок вельмі ўважліва падыходзіць да падобнага роду пытанняў. Таму ў дадзеным выпадку законнасць правядзення работ па ўладкаванні тэрыторыі дадаткова пацверджана Генеральнай пракуратурай і грунтуецца на атрыманні дадзеных аб адсутнасці чалавечых парэшткаў і іншых перашкаджаючых фактараў», — гаворыцца ў заяве МЗС.

«Ніхто не можа папракнуць нас у апаганьванні месцаў пахавання, зносах помнікаў ці іх псаванні, як гэта адбываецца ў шэрагу сумежных краін», — таксама заявила МЗС Беларусі.

Нагадаем, 5 ліпеня стала вядома пра зруйнаванне магіл салдат Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў дэпутат Сейма Польшчы Роберт Тышкевіч.

Тышкевіч назваў тое, што здарылася, «варварскім актам дзяржаўнага вандалізму». На фота бачна, што магілы знішчылі з дапамогай буйной гаспадарчай тэхнікі.

Гэта не першы выпадак апаганьвання магіл салдат Арміі Краёвай на фоне напружаных адносін Беларусі і Польшчы.

Раней Польшча выказвала занепакоенасць частымі выпадкамі апаганення магіл. У МЗС краіны заяўлялі, што выпадкі вандалізму ў асноўным датычацца Гродзенскай вобласці, дзе знаходзіцца каля 550 месцаў пахавання салдат АК. Польшча звярталася да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна спыніць акты вандалізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Выпадкі знішчэння магіл салдат Арміі Краёвай былі зафіксаваныя ў вёсках Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, а таксама ў Іўі. У Ёдкавічах (Бераставіцкі раён) невядомыя ссунулі надмагільныя пліты і выкапалі астанкі салдат з брацкай магілы.