Краіна без святаў

Кажуць, што лепшая навіна — гэта адсутнасць навінаў. Прынамсі, менавіта цяпер, калі жыццё пагнала скакаць так імкліва, што нельга спыніцца і падумаць. Глядзіце самі — менш за паўгады таму нашай вялікай праблемай быў covid-19, а хто цяпер пра яго згадвае?

street_light_muddy.jpg

Не, канешне, згадваюць. Міністэрства аховы здароўя ў чарговы раз папярэдзіла, што каронавірус вернецца ўвосень, але не так, як было раней, не ў выглядзе пандэміі. Хутчэй за ўсё гэта будзе нешта сезоннае, кшталту грыпу і ВРВІ. Аднак насамрэч, гэта мала супакойвае, таму што смяротнасць ад тых грыпаў і ВРВІ не такая, як ад covid-19. Таму — масачкі далёка ўсё ж не адкладайце.

Але такія згадкі, пагадзіцеся — гэта не штодзённая статыстыка з вынікамі ў выглядзе смерцяў і забітымі дашчэнту адпаведнымі аддзяленнямі бальніц.

Праўда, насамрэч каронавірус не скончыўся. Гендырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус паведаміў аб рэзкім скачку захворвання на COVID-19 ва ўсім свеце. За мінулыя два тыдні, адзначыў ён, колькасць заражэнняў вырасла амаль на 30%, што абумоўлена распаўсюдам падвідаў віруса. Апроч існуючых мадыфікацый штаму выяўляюцца і новыя, пра якія пасля «амікрону», мы проста нічога не чулі. Таму цалкам можа быць, што нашае Мінздароўя, як амаль заўсёды, са сваімі прагнозамі трапіць пальцам у неба.

А ў астатнім асноўныя падзеі тыдня — гэта «вербальныя інтэрвенцыі», якія ў пэўным сэнсе выклікаюць трывогу. Асабліва, калі ведаеш, хто і што кажа.

На тыдні Лукашэнка мінімум двойчы паўтарыў пра тое, што ўвесь свет чакае голад. Першы раз — на нарадзе з нагоды ўборкі ўраджаю. Другі — у «кадравы чацвер», прызначаючы старшыняў райвыканкамаў. Маўляў, украінскага зерня не будзе, Расія не зможа прадаць сваё збожжа з-за санкцый, таму рыхтуйцеся, і не прапусціце другі ўкос траваў.

Гэтая рыторыка даволі небяспечная таму, што мы ўсе ведаем, як адбіваюцца на Сінявокай словы яе пакуль што правадыра. Ён дзясяткі тысячаў разоў абяцаў заробак «па 500 долараў», а ў выніку ў краіне не стала тых самых долараў. Ён абяцаў ІТ-краіну — цяпер айцішнікі масава бягуць з Беларусі. Прычым, гэтыя ўцёкі пасля пачатку вайны ва Украіне павялічыліся — з пачатку 2022 года з айчыннага IT-сектара «сплылі» больш за 5500 чалавек. Ён абяцаў, што толькі ён захавае ў Беларусі стабільнасць, парадак і мір — а ў выніку краіна аказалася ўцягнутая ў вайну, прычым, у вайну, з якой яна не мае і не будзе мець ніякай карысці, апроч шкоды.

Цяпер Лукашэнка кажа пра голад. Таму трэба рыхтавацца да горшага. Голад можа настаць у адной асобна ўзятай краіне, а не ва ўсім свеце. Тым больш, што голад абяцаецца дзе заўгодна, але толькі не ў нас. Больш за тое, на ім, паводле Лукашэнкі, можна яшчэ няблага зарабіць.

Не, безумоўна, нехта на ім заробіць. Але баюся, што гэта будзе далёка не Беларусь. БО ў нас праблемы тыя ж, што і ў Расіі — мала стварыць прадукцыю, трэба яе яшчэ і прадаць. Але мы пад санкцыямі. Чаму так сталася? Хто тое зрабіў?

Пакуль Лукашэнка разважае над тым, як зарабіць на сусветным голадзе, урад Беларусі аднавіў забарону на вываз з Беларусі пшанічнай мукі і грэчкі. Забарона ўводзіцца на тры месяцы «ў мэтах абароны ўнутранага рынку». Папярэдняя забарона была прынятая ў сакавіку, і трывала тры месяцы. Яна скончылася ў чэрвені, і цяпер — падоўжаная.

Такой жа «вербальнай інтэрвенцыяй» займаюцца і іншыя дзеячы ўлады. Так, кіраўнік беларускай вайсковай разведкі Руслан Касыгін заявіў, па якіх аб’ектах на тэрыторыі Польшчы, у выпадку чаго, будзе нанесены ракетны ўдар. Па яго словах, гэта цэнтры прыняцця рашэнняў, элементы сістэмы кіравання, пункты сталай дыслакацыі ўзброеных сіл, арсеналы і базы, а таксама крытычна важныя аб'екты эканомікі і транспартнай інфраструктуры.

Усё б нічога, але па-першае, Касыгін наўпрост «зліў» патэнцыйнаму праціўніку дастаткова важную інфармацыю (бо тыя ж цэнтры прыняцця рашэнняў і элементы сістэмы кіравання Польшча можа перавезці ў іншае месца). А па-другое, Касыгін сцвярджае, што Беларусь не з'яўляецца прыхільніцай такога сцэнару, а ва ўсім вінаватыя «паслядоўнікі Алена Далеса».

Алену Далесу, кіраўніку ЦРУ ў 1953-1961 гадах, апошнія гады прыходзіцца на тым свеце вельмі няёмка. «План», які прыпісваецца яму, — відавочны фэйк і антысеміцкая фальшыўка. Упершыню гэты тэкст быў апублікаваны ў адным з выступаў мітрапаліта Санкт-Пецярбургскага і Ладажскага Іаана (Снычава) у газеце «Советская Россия» 20 лютага 1993 года. Мэтай гэтага «плана» нібыта з'яўлялася знішчэнне СССР метадамі прапаганды, скіраванай на раз'яднанне нацыянальнасцяў і сацыяльных груп, страту традыцый, маральных каштоўнасцяў, маральнае разлажэнне насельніцтва краіны. Прычым Іаан у сваім выступе тады спасылаўся не толькі на “план Далеса”, но і на «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў», якія з’яўляюцца не менш адыёзнай фальшыўкай.

Калі на гэтым грунце нашыя галоўныя чыны ў войску будуюць свае цалкам рэальныя стратэгіі — мне проста страшна за войска.

А пакуль нашыя ўлады закрытыя выключна ў межах Беларусі, ёсць людзі, што па факце выконваюць іх працу за межамі краіны. І гэта зусім не беларускія амбасады.

Святлана Ціханоўская, напрыклад, сустрэлася з прэзідэнтам той самай Польшчы, якую беларускія генералы збіраюцца абстрэльваць ракетамі. Адным з вынікаў сустрэчы стала тое, што беларускім медыкам будзе прасцей уладкавацца на працу ў суседняй рэспубліцы. Прынамсі, для іх спросцяць працэдуру настрыфікацыі дыпломаў, пацвярджэнне адукацыі, кваліфікацыі і вопыту. Ужо ў бліжэйшыя тыдні Міністэрства аховы здароўя Польшчы прадставіць спрошчаную схему атрымання дазволу на практыку для беларускіх лекараў.

Магчыма, у Польшчы больш увагі надаюць паведамленням СААЗ і не вітаюць «пераможныя рэляцыі» наконт кавіду. Там разумеюць, што чым больш медыкаў прыедзе да іх сёння — тым лягчэй яны перажывуць успышку захворвання ўвосень. Ці яшчэ калі яна здарыцца.

А яшчэ беларусы маштабна адзначылі Купалле. Сёлета яно прайшло ў больш чым 15 краінах свету, ад Шры-Ланкі да Ізраілю, ад Бразіліі да Грузіі. Шкада толькі, што на інтэрактыўнай мапе купальскіх мерапрыемстваў ад Беларускай рады культуры не было ніякіх пазнак наконт святочных мерапрыемстваў, канцэртаў і акцый у адной краіне.

Здагадайцеся, у якой?