Беларускія медыкі змогуць выкарыстоўваць спрошчаную працэдуру працаўладкавання ў Польшчы

Пра гэта міністр аховы здароўя Польшчы Адам Недзельскі дамовіўся са Святланай Ціханоўскай падчас сустрэчы ў Варшаве, у якой таксама ўдзельнічаў прадстаўнік Фонду медыцынскай салідарнасці.

Святлана Ціханоўская і Адам Нядзельскі

Святлана Ціханоўская і Адам Нядзельскі


Справа ў тым, што лекары ў любой краіне павінны прайсці складаную працэдуру настрыфікацыі дыпломаў, пацверджанне адукацыі, кваліфікацыі і вопыту. Гэты працэс для беларускіх лекараў таксама ўскладняецца адсутнасцю магчымасці атрымання шэрагу дакументаў з беларускіх органаў (Міністэрства аховы здароўя, МЗС) або ўстаноў (універсітэты), паведамляе Офіс Ціханоўскай.

Міністр праінфармаваў Ціханоўскую, што 795 медыкаў з Беларусі ўжо атрымалі дазвол на працу ў Польшчы.

Міністр Нядзельскі і Святлана Ціханоўская пагадзіліся, што ўжо ў бліжэйшыя тыдні Міністэрства прадставіць спрошчаную схему атрымання дазволу на практыку для беларускіх лекараў. Офіс Ціханоўскай апублікуе інфармацыю аб працэдуры.

Міністэрства аховы здароўя Польшчы таксама разгледзіць магчымасць спрасціць патрабаванні да дакументаў, каб беларускім медыкам было рэальна іх даць. Уся інфармацыя пра гэта будзе ў Фонду медыцынскай салідарнасці.

Міністр запэўніў Ціханоўскую, што Міністэрства зацікаўленае ў стварэнні добрых умоў для працы беларускіх лекараў. Ціханоўская адзначыла, што вельмі важна, каб беларускія лекары не гублялі практыку, маглі развівацца, каб пасля пераменаў вярнуцца і працаваць у новай Беларусі.