МЗС Польшчы: Разбурэнне воінскіх пахаванняў не зменіць гісторыю

У МЗС Польшчы адрэагавалі на разбурэнне помніка польскім жаўнерам у Мікулішках. Там заявілі, што гэтая «ганебная падзея» з’яўляецца прыкладам парушэння цяперашнімі беларускімі ўладамі ўсіх абавязацельстваў у дачыненні да мемарыяльных аб'ектаў на сваёй тэрыторыі.

290147599_443035834306026_8268340030408567461_n_1.jpg


«МЗС з абурэннем прымае паведамлення аб тым, што могілкі польскіх жаўнераў у Мікулішках Гродзенскай вобласці былі знішчаныя па загадзе беларускіх уладаў. У 1944 годзе воіны 3-й і 6-й брыгад Арміі Краёвай, складовай часткі Войска Польскага, удзельнікі аперацыі “Востра Брама” змагаліся за вызваленне Вільні ад нямецкай акупацыі і заплацілі за гэта самы высокі кошт. Асабліва шакуе тое, што беларускі бок робіць гэты беспрэцэдэнтны напад якраз напярэдадні гадавіны аперацыі 7 ліпеня», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС Польшчы.

У ведамстве падкрэслілі, што знішчэнне магілы байцоў АК у Мікулішках нагадвае самыя змрочныя старонкі гісторыі камунізму, і, улічваючы ранейшыя паведамленні аб спусташэнні польскіх вайсковых пахаванняў, не можа быць успрынята інакш, як наўмысная акцыя па далейшым пагаршэнні ўзаемаадносін паміж Польшчай і Беларуссю.

«Гэтая вельмі ганебная падзея з’яўляецца прыкладам парушэння цяперашнімі беларускімі ўладамі ўсіх сваіх абавязацельстваў у дачыненні да мемарыяльных абʼектаў на сваёй тэрыторыі, — адзначылі ў МЗС. — Ліквідацыя польскіх магіл і памятных мясцін — яшчэ адзін і самы яскравы прыклад дзеянняў мінскага рэжыму супраць палякаў у Беларусі.

Мы рашуча асуджаем гэтую антыпольскую кампанію беларускіх уладаў, накіраваную на ўстараненне любых слядоў польскасці ў Беларусі. Разбурэнне воінскіх пахаванняў не зменіць гісторыю і не сатрэ памяць аб мінулым. Гэта яшчэ раз паказвае свету варварства цяперашняга рэжыму».

4 ліпеня, стала вядома аб тым, што пахаванні жаўнераў Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёну Гродзенскай вобласці зраўнялі з зямлёй.

Праз час у Пасольстве Польшчы ў Мінску паведамілі, што часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі ўсклаў кветкі і запаліў свечкі на месцы знішчанай бульдозерам магілы.

Выпадкі знішчэння польскіх магіл былі раней таксама зафіксаваны ў вёсках Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, а таксама ў Іўі. У Ядковічах (Бераставіцкі раён) невядомыя ссунулі надмагільныя пліты і выкапалі астанкі салдат з брацкай магілы.