Васіль Герасімчык пра знішчэнне магіл у Мікулішках: Дзеецца гэта па падказцы, а не з мясцовай ініцыятывы

Гісторык Васіль Герасімчык на сваёй старонцы ў фэйсбуку выказаўся з нагоды знішчэння чарговых могілак жаўнераў Арміі Краёвай.

290147599_443035834306026_8268340030408567461_n.jpg

— Рэспубліка Беларусь доўгі час выбудоўвала вобраз такой захавальніцы спадчыны, якая ёй дасталася, — піша Васіль Герасімчык. — Казалі з гонарам: «Мы не разбураем помнікаў і вуліц не пераназываем, як нашыя суседзі». І пэўны час так было, што пераўвасабляла гістарычны ланшафт Беларусі ў такі морс, дзе на адным і тым жа доме можна сустрэць шыльды Сталыпіна і Дзяржынскага.

Усё пачало мяняцца ў «Год гістарычнай памяці», калі да класічных «Вайна — гэта мір» і г.д. дадалося «Памяць — гэта забыццё». Яскравая праява таго — «Генацыд беларускага народа», калі за нешта новае выдаюцца даўно вядомыя рэчы. Але, зразумела, што дзеецца гэта па падказцы, а не з мясцовай ініцыятывы, што такім чынам прапагандысты змогуць паспрабаваць скарыстацца гэтай тэмай у прайгранай інфармацыйнай вайне. Пры гэтым нават не спрабуецца адказаць на пытанне: што ж гэта была за вайна такая насамрэч? А пра тое было назбірана багата матэрыялаў адразу пасля вызвалення Беларусі і ў далейшым яшчэ некалькі разоў перапытвалі людзей, якія заставаліся на акупаванай тэрыторы, і ад таго ўспрыманне іх было зусім адрозным ад вобраза «Рэспублікі-партызанкі», які запанаваў значна пазней.

Што тут казаць і пра Армію Краёву, феномен якой дагэтуль у нашай гісторыі неацэнены належным чынам, нягледзячы на спробы шэрагу беларускіх гісторыкаў. І якое б асабіста стаўленне ў каго не было, АК мела шырокі размах у Заходняй Беларусі, чым да гэтага часу муляе вочы пэўным колам. Але знішчэнне помніка ў Мікулішках — гэта горшы прыклад з магчымых, які толькі можна было абраць. Бо гэта помнік у гонар загінулых змагароў з акупантамі. Аднак не выклікае здзіўлення, што тое адбываецца ў нашым гарадзенскім рэгіёне, бо такая «геніяльная» думка тых, хто дзейнічае па прынцыпу «Падзяляй і ўладар». Толькі замест «падзяляй» цяпер «пасвары».

Ну і нагадаю пра Мікулішкі, як пра іх напісана ў адной ужо класічнай працы пра Армію Краёву:

«Бадай, першае сапраўднае баявое хрышчэнне партызаны АК на Віленшчыне атрымалі ў пачатку студзеня 1944 г. ля вёскі Мікулішкі на Ашмяншчыне. Сюды з Ашмянаў выехала нямецка-літоўская карная экспедыцыя для ліквідацыі атрада паручніка Грацыяна Фруга («Шчэрбца»), які дыслакаваўся ў 12 кіламетрах на паўночны захад ад Граўжышкаў. Акаўцаў карнікі атакавалі знянацку, завязаўся кровапралітны бой. Невядома, чым закончылася б сутычка для атрада «Шчэрбца», каб на дапамогу ім не паспеў са сваімі людзьмі «ціхацёмны», паручнік Пётр Матылевіч («Кшэмень»), які кватараваў непадалёку. Яго неспадзяваны ўдар з фланга вырашыў усё — нямецка-літоўскі карны атрад быў разбіты ўшчэнт. Загінулі ўсе нямецкія жандармы з Ашмянаў і Гальшанаў разам са сваім камандзірам. Загінулі 20 літоўскіх паліцэйскіх. Было забіта 5 акаўцаў, сярод іх «Кшэмень» — адзін з самых адчайных дыверсантаў «Вахляжа».

У канцы чэрвеня 1992 г. у Мікулішках адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка загінулым акаўцам. Былі госці з Вільні, Польшчы, прадстаўнікі мясцовых беларускіх уладаў і грамадскасці, журналісты. Ксёндз Бенядзікт Высіньскі адслужыў жалобную імшу. Усё як мае быць.

Толькі адна дэталь у дасведчанага чалавека няможа не выклікаць здзіўлення. У прамовах ля помніка, у газетных справаздачах чамусьці ўспаміналася адна нямецкая жандармерыя, а пра карнікаў літоўскай нацыянальнасці — ні слова.

Ох, і кароткая ў людзей памяць.