Купалле пад пальмамі. Фотарэпартаж
У грузінскім Батумі ўвечары 6 ліпеня беларусы адзначылі Купалле. Мерапрыемства праходзіла ў межах Сусветнага тыдня беларускай культуры.

Нягледзячы на задушлівую спёку, імпрэза сабрала больш за сотню беларусаў. Пад гукі тэматычнай беларускай музыкі (ад «Znich» і Памідорава да Вайцюшкевіча) на пляцоўцы з'яўлялася ўсё больш барадатых хіпстэраў у вышыванках, дзяўчат і жанчын у нацыянальных строях і дзетак розных узростаў.
Мерапрыемства пачалося з майстар-класа па пляценні вянкоў для дзетак і бацькоў.
Упрыгожаныя вянкамі ўдзельнікі імпрэзы склалі велізарны шматузроўневы карагод.

Далей прыйшла чарга калейдаскапічнага спалучэння беларускіх нацыянальных танцаў, гульняў для дзяцей і дарослых, выступаў Спеўнага Сходу.

Сярод хмарачосаў і пальмаў разносіліся мелодыі беларускіх песняў: «Ой рана на Івана», «У нас сёння Купала», «Шла Купалка», «Туман Ярам», «Чырвоная Ружа».
Дарослыя з захапленнем танчылі «Маразулю», «Ойру», «Карапет» і «Явар»

Імпрэза скончылася надвячоркам. У промнях зыходзячага сонца, пад пальмамі чыста і ўзнёсла гучала нашая «Купалінка». Мясцовыя жыхары і спаленыя сонцам адпускнікі, што вярталіся з пляжаў у здымныя кватэры, спыняліся, рабілі сэлфі. Магчыма ім нават няўцям было, што гэта не чарговая атракцыя дзеля забаўлення турыстаў.
Людзям, выкінутым з Радзімы, вельмі важна трымацца адно аднаго і сваіх традыцый. Калісьці ўсё гэта скончыцца, і яны абавязкова вернуцца. Галоўнае, каб не разарвалася тое, што нітуе з Беларуссю. Таму і ладзяцца пад пальмамі — узімку Калядкі, а зараз — Купалле.
Імпрэзы ў межах Тыдня беларускай культуры ў Батумі працягнуцца да 9 ліпеня.
Праграма Тыдня беларускай культуры ў Батумі даступная тут.
Праграму сусветных Дзён беларускай культуры цалкам можна паглядзець на сайце https://belarusis.art/